У Берасьці падтрымаюць звольненага Алега Стахаевіча

Алег Стахаевіч

Кіраўніца Берасьцейскага рэгіянальнага аддзяленьня прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Зінаіда Міхнюк падала заяўку на правядзеньне пікету ў падтрымку Алега Стахаевіча.
Падчас пікету 7 сакавіка актывісты прафсаюзу РЭП хочуць выказаць сваю салідарнасьць са звольненым кіраўніком суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт» Алегам Стахаевічам.

Зінаіда

Зінаіда Міхнюк

перакананая, што яго звальненьне сфабрыкаванае:

«Мы ня можам заставацца ўбаку пасьля таго, як учора, 20 лютага, быў звольнены Алег Стахаевіч. Мы зь ім зьвязаліся па тэлефоне, выказалі яму сваю падтрымку і салідарнасьць. І вось вырашылі, што неабходна праявіць салідарнасьць і на справе.

Я бачу, што Алег баец, ён у добрым настроі, мне гэта падабаецца. Справа яго звальненьня — гэта замова. І я ў свой час была ў ягонай скуры, калі ў мяне забіралі пропуск і таксама не пускалі на завод „Цьветатрон“.

Але я думаю, што кіраўніцтва „Граніту“ рызыкуе, таму што гэтая справа стане вядомая і Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта ж будзе разглядацца там як парушэньне правоў прафсаюзаў.

А людзі, якія падняліся з кален, яны ўжо на іх ня стануць, яны ўжо на правільным шляху».

Пікет плянуецца ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў 7 сакавіка з 13-й да 15-й гадзіны. Мяркуецца, што ў ім возьме ўдзел каля 50 чалавек.