«Дзеці, якія вучацца па беларуску — больш вольныя»

Дзеткі беларускай клясы школы № 34 Берасьця сьвяткуюць Каляды

ЮНЭСКА занесла беларускую мову ў лік выміраючых. Апошні перапіс насельніцтва 2009 году паказаў, што на беларускай мове размаўляе толькі 30% жыхароў краіны. У гарадах Берасьцейшчыны беларускія клясы захаваліся толькі ў Берасьці і Баранавічах. Бацькі дзетак, якія навучаюцца па-беларуску, кажуць, што такая адукацыя — элітная.
У Берасьці па-беларуску дзеці вучацца ў пачатковай школе гімназіі № 3 і ў беларускай клясе пачатковай школы № 34. У першай клясе 34-й школы вучыцца пяцёра дзетак. Сярод іх і Францішак — сын берасьцейскага праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна:

«Калі мы аддавалі дзіцё ў школу, у нас у Берасьці існавала толькі адна, 2-я гімназія, якая знаходзіцца ў Ленінскім раёне. Нас гэта не задавальняла, бо мы жывем у Маскоўскім раёне, а гэта кілямэтраў калі не пятнаццаць, то, прынамсі, дзесяць ад нас. І мы зрабілі ўсё, каб беларускамоўная кляса была адчыненая на тэрыторыі Маскоўскага раёну Берасьця. Што і адбылося ў гэтай школе № 34».

Спадар Вялічкін кажа, што ў яго ніколі не было развагаў, ці аддаваць дзіця ў беларускую клясу. Ён кажа, што адукацыя на беларускай мове — элітная:

«Клясы зь беларускай мовай навучаньня — гэта клясы элітныя. Мова беларуская ўсё ж такі ўнікальная. Яна ўбірае ў сабе шматлікія карані іншых эўрапейскіх моў, таму што мы на скрыжаваньні дарог з Эўропы ў Азію. Калі чалавек валодае роднай беларускай мовай, у яго няма праблемаў з вывучэньнем іншых эўрапейскіх моў. Другі плюс — гэта тое, што ў клясе няшмат дзетак, і тут вельмі такі моцны індывідуальны падыход да кожнага вучня».

Уладзімер Вялічкін кажа, што ў сёньняшніх умовах вельмі важна папулярызаваць беларускамоўнае навучаньне сярод бацькоў.

Адзіная беларускамоўная кляса існуе і ў Баранавічах. Яна паўстала з ініцыятывы сям’і Малашчанкаў, якія дабіліся беларускай адукацыі для свайго дзіцяці. У адзіную беларускамоўную другую клясу ў Баранавічах ходзяць трое дзяўчатак.

Тацьцяна Малашчанка, маці Ядзьвігі, раіць бацькам не баяцца цяжкасьцяў і аддаваць дзяцей вучыцца па-беларуску:

«Гэта ж нашыя карані, гэта нейкая генэтычная памяць. Таму што дзеці, якія навучаюцца па-беларуску, яны ж больш разьняволеныя, яны больш вольныя. Нават калі дзіця не размаўляла па-беларуску, яно ўсё роўна на генэтычным узроўні гэтую мову разумее і на гэтай мове лепш успрымае ўвесь гэты сьвет і ўсе навукі, і ўсё астатняе. Проста многія гэтага ня ведаюць».

Спадарыня Малашчанка кажа, што была б вельмі ўсьцешаная, каб у Баранавічах зьявіліся новыя беларускія клясы.