Жонка Каваленкі: «Выгляд Сяргея мяне шакаваў!»

Алена Каваленка

Віцебскі актывіст Сяргей Каваленка расьпісаўся са сваёй грамадзянскай жонкай Аленай.
Гэта іхны паўторны шлюб пасьля разводу. Сяргей і Алена даўно зьбіраліся зноў пабрацца, але на перашкодзе стала зьняволеньне апазыцыянэра. 17 лютага ў пакоі для сьледчых дзеяньняў віцебскага СІЗА Сяргей і Алена зноў афіцыйна сталі мужам і жонкай.

Алена Каваленка ня бачыла мужа з 12 студзеня — тады ўжо зьняволенага ў СІЗА апазыцыянэра судзілі па адміністрацыйнай справе. Сяргей Каваленка трымае галадоўку, распачатую яшчэ 19 сьнежня. І жонка кажа, што не магла стрымаць сьлёз, калі ўбачыла, як блага Сяргей выглядае:

«Зьнешні выгляд Сяргея мяне шакаваў! Я не змагла стрымацца і заплакала. У яго на твары жоўтыя плямы, відаць прыметы зьнясіленьня. Было відавочна, што яму цяжка стаяць і рухацца. Яго пасадзілі, мова ў яго была ціхая і замаруджаная, у мяне склалася ўражаньне, што яму цяжка размаўляць».

Пагаварыць мужу і жонцы так і не далі: супрацоўнік ЗАГСу Кастрычніцкага раёну зарэгістраваў шлюб за некалькі хвілін. Сьведкамі былі супрацоўнікі СІЗА. Алене Каваленцы не ўдалося нават папрасіць, каб Сяргей спыніў галадоўку:

«У маленькім пакоі мэтар на мэтар стаялі чацьвёра міліцыянтаў. І яны не дазвалялі нам размаўляць. Мне не ўдалося нічога Сяргею сказаць. Адразу пасьля росьпісу Сяргея вывелі пад рукі і мяне вывелі з памяшканьня. Не пусьцілі туды ні брата ягонага, ні сына. Са мной прыйшоў наш сын, яму ў нядзелю споўніцца сем гадоў, і ён дужа хацеў убачыць тату. Плакаў, але не пусьцілі яго, і давялося сыну і брату чакаць мяне на вуліцы. Мы зь Сяргеем пасьпелі абмяняцца ўсяго некалькімі фразамі. Сяргей сказаў, што працягвае галадоўку. І што дрэнна сябе адчувае. Нешта яшчэ спрабаваў наконт гэтага сказаць, але яго ўжо павялі, я не пачула… Па ягоным стане я зразумела, што яму патрэбная кваліфікаваная мэдычная дапамога ў стацыянарных умовах».
Сяргей сказаў, што працягвае галадоўку. І што дрэнна сябе адчувае.

Тым ня менш на наступным тыдні мае адбыцца суд над віцебскім сябрам КХП БНФ. Супраць Сяргея Каваленкі ініцыявана крымінальная справа паводле артыкула 415 «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня». Яго вінавацяць у парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага ў 2010 годзе за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы.

Апазыцыянэр лічыць крымінальны перасьлед помстай за палітычныя погляды, таму 19 сьнежня абвясьціў, што пачынае галадоўку пратэсту. Пасьля 30-ці дзён галадоўкі яго пачалі карміць прымусова. З 8-га лютага ён адмовіўся ад прымусовага кармленьня і працягвае галадаваць.

Алена Каваленка кажа, што не ўяўляе, як муж вытрымае суд:

«Гэта зьдзек з чалавека — судзіць яго ў такім стане. Больш ніяк я гэта назваць не магу!»

Справу Сяргея Каваленкі будзе разьбіраць судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебску Алена Жук. Суд мае распачацца 21 лютага а 10:30. Апазыцыянэру пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.