«Укід кампрамату» супраць Сяргея Каваленкі

Сяргей Каваленка ў судзе

У інтэрнэце зьявіўся відэаролік пра зьняволенага віцебскага актывіста, аўтар якога імкнецца аспрэчыць факт галадоўкі Каваленкі. Тым часам прадстаўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў факт галадоўкі пацьвярджае і кажа, што 17 лютага Каваленка мае ўзяць шлюб са сваёй грамадзянскай жонкай.
Відэаролік выкладзены карыстальнікам egorivanov1974. Асоба пад такім нікам зарэгістравалася на сэрвісе youtube толькі 16 лютага, і мае ў аўтарскім «архіве» адзіны відэаролік — менавіта гэты.

Здымкі, падобна, рабіліся схаванай відэакамэрай. На іх відаць, як Сяргей нешта есьць з жалезнага посуду. Твар Сяргея Каваленкі не заўсёды відаць, затое ў кадры ўвесь час фігуруе форменная шапка супрацоўніка МУС, якая ляжыць на стале. Голас за кадрам пытаецца ў Сяргея: «Дзе ты зараз знаходзісься?» Чуваць адказ: «Я заходжуся ў СІЗА, і гэта палітыка!». Відэаролік мае ўсе прыкметы мантажу.

Жонка віцебскага сябра КХП БНФ Алена Каваленка катэгарычна адмаўляецца камэнтаваць выкладзены ў інтэрнэт ролік. Яна гаворыць, што «падзяляе меркаваньні Зянона Пазьняка», што тычыцца спробаў ачарніць яе мужа.

Нагадаем, што днямі незалежныя СМІ цытавалі ліст ад Сяргея Каваленкі зь віцебскага СІЗА, дзе ён пісаў, што першыя 30 дзён трымаў галадоўку, а ў наступныя 20 прымаў ежу раз на суткі, пасьля таго як яго прымусілі выйсьці з галадоўкі. З 8 лютага, як піша Сяргей, ён адмовіўся слухацца «лекараў у пагонах», і аднавіў поўную галадоўку, нягледзячы на тое, што яму пагражалі «псыхушкай», калі ён галадоўку ня спыніць. Больш за тое: Сяргей Каваленка заявіў, што гатовы перайсьці да «сухой» галадоўкі, калі ціск на яго будзе працягвацца.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ абвясьціў пра пачатак галадоўкі 19 сьнежня мінулага году, заявіўшы, што гэта акцыя пратэсту супраць крымінальнага абвінавачаньня. Сяргея Каваленку вінавацяць у парушэньні адбываньня «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня, прысуджанага за бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадзкой навагодняй ёлцы.

З 22 сьнежня 2011 году яго ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. У газэце «Народная воля» са спасылкай на выканаўцу абавязкаў кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў С. Працэнку зьявілася інфармацыя пра тое, што 17-га лютага Сяргей Каваленка мае ўзяць шлюб са сваёй грамадзянскай жонкай. Алена Каваленка ня стала камэнтаваць і гэтую інфармацыю, сказаўшы, што «нехта лепш за мяне сытуацыю ведае».

Пра галадоўку Працэнка сказаў наступнае:

«Цяпер ён, сапраўды, не прымае ежу, але стан здароўя яго задавальняючы. Ніхто гвалтоўна яго карміць не будзе, не тыя часы».