Сьвята на вуліцы кантрабандыстаў

15-га лютага ўрад Беларусі зьняў абмежаваньні й забароны на вываз фізычнымі асобамі спажывецкіх тавараў за межы Мытнага саюзу. Тым самым страціла сілу пастанова Савету міністраў ад 11 чэрвеня 2011 году, якая забараняла вываз ялавічыны, сьвініны, цукру, мукі, тытунёвых вырабаў і алькаголю. Акрамя таго, адмяняецца забарона на вываз за межы краіны складанай бытавой тэхнікі, сынтэтычных мыйных сродкаў і цэмэнту. Паслабленьні, аднак, не датычныя аўтамабільнага паліва. Абмежаваньні на яго вываз застаюцца. Што сёньня робіцца на межах Беларусі?
ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Ніхто ў Польшчу ні крупы, ні макарону ніколі не вазіў»

12 чэрвеня мінулага году на Гарадзеншчыне на мяжы з Польшчай кіроўцы перакрылі аўтамабільную трасу да памежнага пераходу «Брузгі» на знак пратэсту супраць пастановы ўраду Беларусі аб забароне на вываз некаторых тавараў. У тым пратэсьце бралі ўдзел больш як 100 чалавек, 22 былі затрыманыя і пакараныя. Што робіцца на заходняй мяжы цяпер?

Гарадзенец Андрэй быў сярод тых, каго пакаралі за летнія пратэсты 2011 году на памежным пераходзе «Брузгі», што на мяжы з Польшчай.

«Цяпер можна вывозіць макарону, крупы ў Польшчу, — мяркуе Андрэй. — Гэта лухта. Ніхто туды ні крупы, ні макарону ніколі не вазіў. У Польшчу ніхто нічога не вывозіць, апроч цыгарэт і саляркі, гэта што да кантрабандыстаў».

Леташні пратэст на беларуска-польскай мяжы. Брузгі

Абмежаваньні на выезд легкавых машын захаваліся, але грузавыя машыны цяпер можна запраўляць без абмежаваньняў:

«У легкавым „Пасаце“ ў баку — сто літраў, у грузавіку — тона. У чарзе на літоўскім кірунку, дзе няма абмежаваньняў на вываз паліва, фуры стаяць суткамі. І прыблізна чарга там на дзьве-тры сотні машын. Падлічыце, колькі гэта паліва вывозяць. Гэта значыцца, што тое, што грамадзяне спрабавалі вывезьці легкавымі аўтамабілямі — гэта кропля ў моры», — кажа Андрэй.

«Незразумелыя гэтыя меры — спачатку ўвядуць, а потым пачынаюць думаць: а што гэта дае насамрэч?

Жыхар Смаргоні спадар Алесь кажа, што прадукты заўжды вазілі з суседняй Літвы, а не наадварот, таму скасаваньне абмежаваньняў на вываз прадуктаў за мяжу нічога не памяняе:

«Апэльсіны, лімоны там таньней каштуюць, акцыі праводзяцца. Калі арэхі браць, яны ў нас на пяцьдзясят адсоткаў даражэйшыя, чым у Літве. Чаму Эўрапейскі Зьвяз заўсёды зацікаўлены, каб вывозілі, і яшчэ дваццаць адсоткаў даплочваюць за тое, што вы адтуль вывозіце? А ў нас, наадварот, чамусьці гэта лічыцца заганай, калі нехта туды павязе нешта. Дык гэта ж змаганьне за рынкі, можна сказаць. І нават калі чалавек нешта вывозіць, то заваёўвае рынкі для беларускіх тавараў там. А ў нас гэтага ня хочуць разумець. Нейкія меры незразумелыя, спачатку ўвядуць, ня думаючы, а потым пачынаюць думаць: а што ж гэта дае насамрэч?»
ВІЦЕБШЧЫНА

У Літву — гарэлку, прадукты, цыгарэты, у Латвію — дызэльнае паліва
Спачатку ўвядуць, ня думаючы, а потым пачынаюць думаць: а што ж гэта дае насамрэч?

Першае, што павязуць у суседнюю Літву жыхары Пастаўскага раёну пасьля адмены абмежаваньняў на вываз беларускіх тавараў, — гэта цыгарэты і некаторыя харчовыя прадукты. Так лічыць тамтэйшы жыхар Уладзімер Бароўка:

«Усё, што таньнейшае, чым у Літве. Гарэлку, прадукты, цыгарэты... Цыгарэты — я сам бачыў, як блёкамі бяруць! Ад нас да мяжы 12–13 кілямэтраў. І ў выходныя літоўцы прыяжджаюць да нас на кірмаш, прадаюць тут рыштунак, нешта яшчэ... А пасьля кірмашу ідуць у краму і набываюць па 10–15 блёкаў цыгарэт! Відаць, адмянілі абмежаваньні на вываз, каб яны сюды прыяжджалі і грошы ў нашых крамах пакідалі, я так разумею».

Раней тыя, хто нелегальна перавозіў цыгарэты, хаваліся і ад беларускіх, і ад літоўскіх мытнікаў. Беларусаў асабліва пільна даглядалі на літоўскім баку, літоўцаў — на беларускім. Цяпер, выходзіць, празь беларускую мяжу тыя ж цыгарэты можна везьці бесьперашкодна. Але на літоўскай усё адно дзейнічаюць нормы ўвозу, і легальна везьці больш за два пачкі цыгарэтаў — забаронена.

На латыскім памежжы сытуацыя адрозьніваецца хіба тым, што з 1-га лютага на тэрыторыях Браслаўскага, Мёрскага і Верхнядзьвінскага раёнаў дзейнічае малы памежны рух. Тыя, хто мае падставы атрымаць бязьвізавы дазвол на перамяшчэньне ў 50-кілямэтровых зонах памежных дзяржаваў, ужо атрымалі неабходныя дакумэнты. Зь беларускага боку ахвотных было няшмат — усяго 200 чалавек, а вось з латыскага — 4 тысячы.

«Ім выгадна прыяжджаць у Беларусь, бо ў Латвіі заробкі вышэйшыя»

Легкавікі з замежнымі нумарамі цяпер часьцяком можна ўбачыць на вуліцах Верхнядзьвінску, апавядае тамтэйшая жыхарка спадарыня Валянціна:

«Верхнядзьвінск жа ўваходзіць у тую памежную зону, таму ўсе нашы крамы даступныя. Ім выгадна сюды прыяжджаць, бо ў Латвіі заробкі вышэйшыя. Павязуць ад нас паліва. Хоць і ёсьць абмежаваньні, але на нашай заправачнай станцыі ўжо часта то бэнзіну няма, то дызэльнага паліва няма».
Спыніць латыскі бок, таму для нас не зьмянілася нічога

Спадарыня Валянціна адзначае, што ва ўмовах дзеяньня малога памежнага руху людзі могуць часьцей перасякаць мяжу, калі едуць на невялікія адлегласьці. І толькі гэтым вымяраецца колькасьць перавезеных на латыскі бок беларускіх тавараў. Бо хоць зь беларускага боку ліміты скасаваныя, у Латвіі яны дзейнічаюць:

Цяпер можна не палохацца мытнага кантролю зь беларускага боку?

«Людзі могуць езьдзіць у госьці, сустракацца... Але ў сэнсе, каб набываць нешта, то не зьмянілася нічога, бо дзейнічаюць мытныя правілы. Спыніць латыскі бок, таму для нас не зьмянілася нічога».

Лягчэй, кажуць жыхары памежжа, стане толькі кантрабандыстам, якія правозяць тавары нелегальна: цяпер ім можна не баяцца мытнага кантролю хаця б зь беларускага боку.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Расейцы едуць зь любой нагоды..."

«Крызісныя» абмежаваньні на вываз тавараў зь Беларусі, якія адмененыя 15 лютага, найбольш адбіліся на гандлі жыхароў Гомельшчыны з суседнімі рэгіёнамі Ўкраіны. Украінцы перасталі масава купляць беларускі цукар, масла, розныя малочныя сыркі, крупы. Адпаведна скараціўся й нецэнтралізаваны вываз тавараў юрыдычнымі асобамі.

Гаворыць спадарыня Валянціна з украінскага мястэчка Рэпкі:

«Горш стала празь мяжу езьдзіць, бо нельга багата везьці. Як урад ня хоча, то мы ж нічога ня зробім. Усё залежыць ад нашых чыноўнікаў. Калісьці езьдзілі і ў цырк, і гандлявалі, і было нармальна. А цяпер зрабілі так, што калі нават дзеці жывуць у вас, дык не правязеш нічога. Нічога нельга. Канечне, крыўдна».

Грамадзянка Ўкраіны прыязна адгукаецца пра адмену абмежаваньняў на вываз, бо, са свайго боку, беларусы вальней купляюць ва Ўкраіне самыя разнастайныя тавары:

«Беларусы ў нас купляюць і пральны парашок, і адзеньне, і абутак, і цукеркі. Гарэлка ў нас стала дарагая, у вас — таньнейшая. Можа, яшчэ хто для сябе нешта купіць — каньяку якога, бо да сьвятаў жа езьдзяць».

У меншай ступені закранула скасаваньне лімітаў гандаль паміж гамельчукамі й усходнімі суседзямі — расейцамі. Адсутнасьць паўнавартаснай мяжы апошнім часам, наадварот, ажывіла гандаль ва ўсходнім напрамку. Расейцы з Навазыбкава, Клінцоў, Злынкі ды іншых мясьцін Бранскай вобласьці сталі масава скупляць беларускія харчы, прамысловыя вырабы. Езьдзяць зь любой нагоды. Гаворыць спадарыня Вольга з расейскага гораду Навазыбкаў:

«Вясельле ў нас — сына жэнім. Нам трэба закупіцца, прадукты купіць. Усё адно вам, адкуль выручка».

Беларусы дастаўляюць прадукты расейцам літаральна да кожнага дома

Кабета кажа, што ня толькі расейцы скупляюць беларускія харчы. Гэта робяць і самі беларусы, каб пасьля прадаваць у Расеі:

«А беларусы не скупляюць? Яны ж усё адно скупляюць і возяць да нас. Самі беларусы возяць і гандлююць, прычым нашмат даражэй прадаюць, чым у вас. Усюды езьдзяць».

Муж Вольгі спадар Міхаіл удакладняе, што харчы беларусы дастаўляюць расейцам літаральна да кожнага дома:

«Проста пад дом прывозяць. Людзі выходзяць і набываюць».

Леанід Заіка

Экспэрт «Свабоды» эканаміст Леанід Заіка:

«Беларусь — гэта малая адкрытая эканоміка. Закон для яе — кошты вызначаюцца зьнешнімі рынкамі. Гэта шчасьце для Беларусі, калі яе тавары купляюць за мяжой! І трэба заахвочваць вываз тавараў зь Беларусі. Чым больш зь Беларусі вывозяць тавараў, тым багацейшая яна будзе!

Усё. Больш камэнтаваць няма чаго!»