Нэтан'ягу абвінаваціў Іран у арганізацыі тэрактаў

Прэм'ер-міністар Ізраілю Бэн'ямін Нэтан'ягу абвінаваціў Іран у арганізацыі тэрактаў супраць ізраільскіх дыпляматаў у Індыі і Грузіі.
Заява Нэтан'ягу зробленая пасьля паведамленьня міністэрства замежных спраў Ізраіля пра тое, што сёньня ў Дэлі быў падарваны аўтамабіль, які належыць ізраільскай амбасадзе. Паводле зьвестак індыйскай паліцыі, пацярпелі кіроўца і жонка аднаго з дыпляматаў. У сталіцы Грузіі Тбілісі сёньня ж удалося абясшкодзіць бомбу пад дном аўтамабіля супрацоўніка ізраільскай дыпляматычнай місіі.

Паводле Нэтан'ягу, гэтыя напады падобныя на нядаўнія спробы замахаў на ізраільцян у Тайляндзе і Азэрбайджане, адказнасьць за якія Ізраіль усклаў на Іран і ліванскую групоўку «Хезбала». У Ізраілі не выключаюць, што гвалт зьвязаны з забойствамі некалькіх іранскіх навукоўцаў, якія мелі дачыненьне да ядзернай праграмы Тэгерану.