СПА Беларусі і Расеі будзе адзінай

Сёньня кіраўнік Беларусі сваім указам зацьвердзіў беларуска-расейскае пагадненьне аб стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны (АРС СПА).
Пагадненьне было падпісанае 3 лютага 2009 году міністрамі абароны ў адпаведнасьці з паўнамоцтвамі, якія ім далі прэзыдэнты дзьвюх дзяржаваў. Паведамляецца, што пагадненьне дасьць магчымасьць абсталёўваць войскі адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА узбраеньнем і ваеннай тэхнікай на аснове адзінай ваенна-тэхнічнай палітыкі, выпрацоўваць адзіныя патрабаваньні да баявой гатоўнасьці войскаў, арганізацыі іх апэратыўнай і баявой
падрыхтоўкі.

«У пэрыяд пагрозы і ў ваенны час частка сіл і сродкаў АРС СПА будзе ўжывацца ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі. Палажэньнем аб АРС СПА вызначаныя асноўныя задачы, прынцыпы пабудовы і ўжываньня гэтай сыстэмы», – адзначылі ў прэсавай службе Лукашэнкі.

АРС узначаліць камандуючы, які пасьля ўступленьня пагадненьня ў сілу будзе прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі.