Чаму расейцы не байкатуюць выбары?

Расейскія выбары вачыма беларуса – перадвыбарчы блог адмыслова для нашага сайту карэспандэнта часопісу «Русский репортер» Віктара Дзятліковіча. Гледзячы на суседзкае, лепш разумееш сваё.
Паглядзім на тое, што адбываецца сёньня ў расейскай палітыцы і задамо самі сабе пытаньне: ці ёсьць у расейцаў падставы, каб байкатаваць выбары прэзыдэнта 4 сакавіка? Сто разоў «так». І аргумэнты знайсьці лёгка. Выбарчая сыстэма краіны падпарадкаваная ўладзе. Выбары адбываюцца пад жорсткім адміністратыўным кантролем. Усе апошнія выбарчыя кампаніі – ці то парлямэнцкія, ці то прэзыдэнцкія прайшлі з маштабнымі парушэньнямі і іх вынікі ў рознай ступені зьяўляюцца фальсыфікаванымі.

Падставаў для прызнаньня выбараў 4 сакавіка нелегітымнымі нават юрыст-пачатковец змог бы знайсьці шмат. Дастаткова сказаць, што прэзыдэнт Расеі гэтым разам будзе абірацца на шэсьць гадоў замест ранейшых чатырох. Але гэты тэрмін павялічыўся праз закон, прыняты Дзярждумай канстытуцыйнай большасьцю галасоў, у той час як гэтую канстытуцыйную большасьць «Адзіная Расея» атрымала пры дапамозе фальсыфікацыяў на выбарах 2007 году.

​Нават у судзе такая лёгіка выглядала б слушна, не гаворачы ўжо пра абгрунтаваньне пазыцыі перад выбаршчыкамі, што не патрабуе юрыдычна дасканалых аргумэнтаў. Я ўжо не гавару пра ранейшыя падзеі – пры жаданьні апазыцыя магла б байкатаваць прэзыдэнцкія выбары ад 1996 году, калі Барыс Ельцын другі раз стаў прэзыдэнтам відавочна праз фальсыфікацыі. Тым ня менш гэтага не адбылося ані ў 2000, ані пазьней, не адбудзецца і цяпер. Хаця, здавалася б – у сытуацыі перадвызначанасьці вынікаў байкот быў бы ўдалай тактыкай. Чаму ж гэтага не адбываецца?

Расейскае грамадзтва даказала, што ёсьць больш эфэктыўныя спосабы ўплыву на ўлады.

Адказ відавочны – расейскае грамадзтва даказала, што ёсьць больш эфэктыўныя спосабы ўплыву на ўлады. Нельга сказаць, што байкот выбараў увогуле быў калісьці папулярным інструмэнтам палітычнай барацьбы ў Расеі. Ён заўжды заставаўся пазыцыяй збольшага маргінальных, радыкальных палітычных груповак. Аднак апошнія выбары ў Думу канчаткова даказалі, грамадзянская актыўнасьць – інструмэнт занадта больш эфэктыўны, чым грамадзянская пасіўнасьць – хай сабе і ідэйная, а ня тая, што вынікае з агульнай апалітычнасьці.

Для тых, хто ня вельмі пільна сачыў за гэтымі выбарамі, нагадаю, што апазыцыйны блёк распаўся на тры «фракцыі» што тычыцца тактыкі удзелу ў выбарах. Першая фракцыя выступала за байкот (радыкальныя левыя групоўкі кшталту «Рот-фронту», дэмакратычныя ініцыятывы кшталту Аб’яднанага грамадзянскага фронту Гары Каспарава, «Іншая Расея» Эдуарда Лімонава і г.д.). Другая фракцыя выступала за галасаваньне «супраць усіх» – прыхільнікі гэтае тактыкі на на чале з Барысам Нямцовым стварылі ініцыятыву «Нах-нах». І трэцяя фракцыя адстойвала галасаваньне супраць «Адзінай Расеі» на карысьць любой іншай партыі. Ідэолягам гэтай фракцыі быў папулярны блогер Аляксей Навальны.

Такім чынам, гэта была, калі так можна сказаць, вялікая канкурэнцыя ідэй і тактык. Ідэя байкоту атрымала ў ёй паразу. Актыўнасьць выбаршчыкаў у параўнаньні з 2007 годам паменшылася, але не крытычна – 60,2% яўкі ў параўнаньні з 63,7% чатырма гадамі раней. Але галоўнае – не байкот зрабіў магчымым беспрэцэдэнтны ціск грамадзтва на ўлады і саступкі гэтых уладаў. Гэта зрабіў менавіта актыўны ўдзел у выбарах пэўнай часткі грамадзтва.

І ўжо 10 сьнежня – на першым вялікім мітынгу пратэсту на Балотнай плошчы ў Маскве амаль усе тыя, хто заклікаў да байкоту (ну, акрамя мо Эдуарда Лімонава) знаходзіліся на трыбуне, ці дзесьці побач.

Рабеце з намі, што хочаце, толькі поп-корн не забірайце.

Шукаючы тлумачэньня апошнім падзеям у Расеі, большасьць назіральнікаў прыйшла да высновы (а сацыялягічныя дасьледаваньні гэта толькі пацьвярджаюць), што рухавіком пратэстаў былі людзі, што «прыйшлі ў палітыку» фактычна толькі на гэтых выбарах – збольшага прадстаўнікі сярэдняй клясы, раней – апалітычныя. Тыя, хто апошнія гады актыўна будаваў «грамадзтва спажываньня» і ня лез у палітыку. «Рэжым стаяў на формуле – вы нам ляяльнасьць, мы вам стабільнасьць», – тлумачыць гэты фэномэн вядомы расейскі эканаміст і сацыёляг Аляксандар Аўзан. Пісьменьнік Барыс Акунін больш жорстка сфармуляваў тую ж ідэю так: «Рабеце з намі, што хочаце, толькі поп-корн не забірайце».

Энэргія дзеяньня заўжды большая, чым энэргія бязьдзеяньня.

Гэтыя людзі не хадзілі на выбары, і таму тыя фальсыфікацыі, што адбываліся, іх быццам бы і ня тычыліся. Маўляў, «ну, так, падманваюць, але ж не мяне». Але гэтым разам з прычыны розных абставінаў «дамова» паміж уладамі і сярэдняй клясай была парушаная, людзі прыйшлі на выбары і высьветлілася, што гэтым разам падманулі менавіта іх. Калі б яны падтрымалі ідэю байкоту, то і пратэстаў не было б – якое права ты маеш пратэставаць, калі не цябе падманулі?

Лёгіка бягучага палітычнага моманту вымагае тут параўнаньня расейскай сытуацыі зь цяперашнімі беларускімі дэбатамі пра байкот выбараў. Ніхто не спрачаецца, што расейская і беларуская сытуацыі ня тоесныя, але падаецца відавочным, што энэргія дзеяньня заўжды большая, чым энэргія бязьдзеяньня.​