Супярэчлівы мэсыдж

Да выбараў у Палату прадстаўнікоў яшчэ далёка, а жарсьці наконт удзелу ў іх сярод дэмакратычных сілаў разгортваюцца не на жарт. Складаецца ўражаньне, што некаторыя людзі, палітычныя сілы пераарыентавалі сваё вастрыё, змагаюцца цяпер не з рэжымам, а з калегамі па апазыцыі, якія маюць іншыя погляды. Прычым бакі ня чуюць адзін аднаго, ня ўдумваюцца ў аргумэнтацыю іншых бакоў, а адразу бяруцца за выкрыцьцё «ворагаў».

Праблема ў тым, што ідэальнага сцэнару, які мог бы перавярнуць грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне падчас выбарчай кампаніі, цяпер няма. Кожны з варыянтаў мае свае плюсы і мінусы.

Увогуле тэма вялікая, складаная, да выбараў яшчэ шмат чаго можа здарыцца. Хачу падаць толькі адну рэпліку ў гэтай дыскусіі.

Апошнім часам была публічна агучана тактыка партыі БНФ і руху «За свабоду», якая ў іх амаль супадае. Яна зводзіцца да таго, што сябры гэтых арганізацый удзельнічаюць у кампаніі, рэгіструюцца кандыдатамі, праводзяць агітацыю. А потым, як запісана ў рэзалюцыі руху «За свабоду», «зьвяртаемся да ўсіх кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў зьняць свае кандыдатуры перад пачаткам галасаваньня, калі ў краіне (1) па-ранейшаму будуць палітычныя зьняволеныя, а (2) практыка прымяненьня выбарчага заканадаўства істотна не палепшыцца».

У такой тактыцы ёсьць шмат плюсоў, але існуюць і відавочныя мінусы, на якія хацеў бы зьвярнуць увагу. Па-першае, добра вядома, што камандам кандыдатаў, якія глыбока ўцягнуліся ў выбарчую кампанію, вельмі цяжка зь яе выйсьці датэрмінова. Яны прывядуць шмат аргумэнтаў на карысьць таго, што трэба ўдзельнічаць да канца. Выйсьцем у такім выпадку можа быць партыйнае вылучэньне. Гэта калі кандыдаты вылучаюцца ня шляхам збору подпісаў, а праз партыйныя арганізацыі. І тады партыя сваім рашэньнем іх і здыме. Праблема ў тым, што ня ўсе структуры, якія ўдзельнічаюць у выбарах, афіцыйна зарэгістраваныя, напрыклад, БХД.

Па-другое, пры такой тактыцы апазыцыя заблытвае апалітычнага абывацеля. А менавіта за яго павінна ісьці змаганьне падчас любых выбараў. Бо «сваіх» агітаваць няма сэнсу, цьвёрды электарат Лукашэнкі ані ў чым не пераканаеш. Апазыцыя павінна перацягнуць на свой бок тую частку насельніцтва, якая дасюль галасавала за дзейнага прэзыдэнта, а цяпер расчаравалася.

Дык вось гэтыя абывацелі ў выніку такой тактыкі атрымліваюць супярэчлівы мэсыдж. З аднаго боку, апазыцыя ўдзельнічае ў выбарах: дэмакратычныя кандыдаты рэгіструюцца, вылучаюць сваю праграму, ладзяць агітацыйную кампанію. А потым раптам прапануюць байкатаваць выбары, у якіх самі ўдзельнічаюць. Прычым радыкальна пераарыентаваць людзей прапануецца за пяць дзён да выбараў. І гэта пры нашых інфармацыйных умовах! Такая тактыка разьлічаная на палітызаваную публіку, якая рэгулярна чытае незалежныя мэдыі. Для далёкага ад палітыкі чалавека гэта вельмі складаная схема. Людзі любяць простыя і ясныя пасланьні. Толькі такія канструкцыі і працуюць у палітыцы.

Вось уявіце сытуацыю. Выбаршчык атрымлівае ўлётку, у якой апазыцыйны кандыдат расказвае пра сябе, прапаноўвае сваю праграму. Магчыма, шмат каго ён загітуе галасаваць за сябе. Чалавек падчас галасаваньня прыходзіць на выбарчы ўчастак, каб падтрымаць кандыдата, які яму спадабаўся. І тут высьвятляецца, што гэты прэтэндэнт на дэпутацкі мандат зьняўся. Яму пакажуць копію заявы, якая будзе ляжаць на кожным участку. А БТ раскажа абывацелю, што апазыцыя спужалася. У выніку тая агітацыйная кампанія, дзеля якой дэмакратычныя сілы і ўвязаліся ў гэтую кампанію, дасьць адваротны эфэкт. Абывацель адчуе сябе ашуканым менавіта апазыцыяй.

Якое выйсьце з гэтай сытуацыі? Магчыма, апазыцыйныя кандыдаты павінны перад сваім сыходам кінуць у кожную паштовую скрыню ўлётку з тлумачэньнем сваёй пазыцыі. Але ці рэальна гэта, ці хопіць рэсурсаў? За пяць дзён да выбараў нават «Народная воля» не пасьпее данесьці новую ўстаноўку да сваіх прыхільнікаў. Асабліва з улікам датэрміновага галасаваньня.

Другі варыянт. Апазыцыйныя кандыдаты з самага пачатку сваёй кампаніі заклікаюць да байкоту. І выкарыстоўваюць сваю рэгістрацыю і агітацыйную працу менавіта дзеля гэтага. Але ёсьць небясьпека, што ўлады любыя заклікі да байкоту будуць выразаць з радыё- і тэлевыступаў, улётак.

У любым выпадку трэба ня лаяцца, не абвінавачваць апанэнта ў здрадзе, а аналізаваць і думаць.