Група «За волю» патрабуе праверкі фактаў катаваньня

Афіцыйны зварот да Генэральнага пракурора Беларусі прынялі 1 лютага ўвечары ўдзельнікі каардынацыйнай групы «За волю».
Яны патрабуюць, каб была праведзеная пракурорская праверка фактаў катаваньня палітычных вязьняў.

Каардынацыйная група «За волю» ставіць на мэце вызваленьне палітычных вязьняў Беларусі. Сёньня за адным сталом сабраліся маці вязьняў Аляксандра Малчанава і Ігара Аліневіча, былы вязень і праваабаронца Андрэй Бандарэнка, маці дэмакратычных актывістаў Тацьцяны Шапуцькі і Андрэя Кіма, прадпрымальнікі Алесь Макаеў і Ігар Леднік ды іншыя — усяго каля 20 чалавек.

Аляксандар Малчанаў з Барысава, былы вязень сьнежаньскай Плошчы, быў памілаваны і выпушчаны на волю. Аднак яго зноў арыштавалі нібыта за крадзеж мэталалому, і цяпер ён зноў за кратамі. Алесь Макаеў лічыць, што гэта зусім не выпадкова:

«Большасьць моладзі могуць падвесьці пасьля палітычнага перасьледу пад крымінальны. Тут могуць і наркотыкі, і крадзеж, і ўсё што заўгодна сфабрыкаваць. А тое, што справа Малчанава сфабрыкаваная, я амаль на 100% упэўнены. Таму мы мусім за нашых людзей змагацца. І як толькі адбываюцца арышты, трэба ўзбуджаць грамадзкія ініцыятывы, усю грамадзкасьць».

Ганна Шапуцька патлумачыла, чаму сёньняшняя сустрэча групы «За волю» завецца «Грамадзкі трыбунал»:
Мы жывем у эўрапейскай краіне. Цяпер 2012-ты год. А па турмах і калёніях раскіданыя лепшыя нашы людзі.

«Мы жывем у эўрапейскай краіне. Цяпер 2012-ты год. А па турмах і калёніях раскіданыя лепшыя нашы людзі. Іх катуюць, зь іх зьдзекуюцца. А грамадзтва ў жаху і ня ведае, што рабіць. І мы павінны супрацьстаяць гэтаму гвалту, каб не атрымалася, як 75 гадоў таму, каб на Беларусі не паўсталі новыя Курапаты. Таму мы распачынаем грамадзкі трыбунал. Будзем спадзявацца, што да нас будуць далучацца новыя людзі. Мы будзем сьведчыць пра катаваньні сыстэмы, якую выбудаваў Лукашэнка. Антычалавечай сыстэмы, антыбоскай сыстэмы, сыстэмы хлусьні і сыстэмы зла».

Удзельнікі паседжаньня паглядзелі фільм «Крымінальны талент», які прайшоў 11 сьнежня 2011 году па першым канале БТ. Фільм час ад часу спынялі, юрысты камэнтавалі некаторыя фрагмэнты. Выступоўцы назвалі гэты фільм «брудным». У фільме, як яны кажуць, зьняважаныя Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Дашкевіч, Андрэй Бандарэнка, Ірына Халіп ды іншыя вядомыя людзі.

Падпісанты заявы ў Генэральную пракуратуру запатрабавалі неадкладна спыніць катаваньні ў дачыненьні да зьняволеных, забясьпечыць зьняволеным людзкія ўмовы ўтрыманьня, пацьвердзіць альбо абвергнуць факты катаваньня, якія прывяло дзяржаўнае тэлебачаньне, ды іншае.