Мікалай Дзядок: «Усіх не перасаджаеце!»

Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў Брагіне. Скончыў юрыдычны каледж БДУ. Паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на аддзяленьне паліталёгіі, вучыўся завочна. Працаваў у калектарскай фірме. Сябар арганізацыі беларускіх анархістаў. Быў затрыманы 3 верасьня 2010 году ў якасьці падазронага па справе «Аб нападзе на амбасаду Расейскай Фэдэрацыі», але справа рассыпалася, і Мікалая абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля будынка Генэральнага штабу. Яму было выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 339, частцы 2 Крымінальнага кодэксу — хуліганства. 27 мая 2011 году Заводзкі суд Менску асудзіў Дзядка на 4 з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Праходзіў па справе разам зь Ігарам Аліневічам (які асуджаны на 8 гадоў) і Аляксандрам Францкевічам. (3 гады зьняволеньня). Адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15. За кратамі ажаніўся. У кастрычніку 2011 году Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча палітычнымі зьняволенымі. Над Дзядком узяла шэфства дэпутатка Эўрапарлямэнту, прадстаўніца Фінляндыі Сары Эсая.
Мікалай Дзядок зь дзяцінства марыў стаць юрыстам, як бацька. Пасьля заканчэньня юрыдычнага каледжу з «чырвоным дыплёмам» быў залічаны на 3 курс юрыдычнага факультэту БДУ. Але вучыцца там яму не спадабалася, кажа бацька Мікалая спадар Аляксандар:

Аляксандар Дзядок

Ён проста не прыняў тую форму адукацыі, якая там была, з прычыны таго, што яна цалкам уціскае асобу. Нельга казаць, што ён такі ўжо праўдалюбец і праўдашукальнік — не. Але заўсёды вельмі востра ўспрымаў несправядлівасьць. Сышоўшы з БДУ, ён паступіў у ЭГУ на аддзяленьне паліталёгіі, кваліфікацыя называецца „палітоляг-юрыст“. Вучыўся ён вельмі добра, менш за 9 і 8 балаў у яго не было адзнакаў».

Прычым Мікалай паступіў на завочнае аддзяленьне. Не хацеў сядзець на шыі ў бацькоў, прывык зарабляць сам, кажа бацька Мікалая спадар Аляксандар:

«Калі яшчэ вучыўся ў школе, спрабаваў дзесьці знайсьці хоць нейкую падпрацоўку. Пасьля заканчэньня каледжу ён паўгода працаваў судовым выканаўцам у адным з судоў Менску. Але сышоў — кажа, дзяржаўная служба не для яго. Потым працаваў у прыватнай фірме, і ў яго да арышту была вельмі цікавая праца. Ён працаваў у калектарскай кампаніі, дзе выконваў абавязкі журналіста, юрыста і кампутарніка адначасова».

Жонка Дзядка Валерыя Хоціна распавяла, што пазнаёмілася з будучым мужам ва Ўкраіне ў моладзевым лягеры. Мікола спачатку ёй вельмі не спадабаўся:

«Мы зь ім адразу ж уступілі ў нейкую спрэчку, па якой у нас былі зусім розныя, дыямэтральна процілеглыя пункты гледжаньня. Ён мне потым распавядаў, што я яму таксама вельмі не спадабалася, што я вельмі рэзкая, наўпрост кажу, што думаю. І дзесьці два з паловай гады мы проста камунікавалі не як сябры, таварышы, а як прыяцелі, якія бачаць адзін аднаго выпадкова раз на месяц, зрэдку перапісваюцца ў інтэрнэце. Але потым гэта зьмянілася. Калі і як — гэта трэба аналізаваць доўга...»

У рэшце рэшт Валерыя і Мікалай нанялі кватэру і пачалі жыць разам.

а год, які мы пражылі разам, я пабачыла вялікія зьмены. Мы толькі пачалі адзін да аднаго прыстасоўвацца! І вось зараз гэтае расстаньне...

«Для мяне і на той час для яго не абавязкова было жаніцца, каб кахаць адзін аднаго ці жыць разам. І я дагэтуль лічу, што гэта працэдура, якую прыдумала дзяржава, каб ёй было прасьцей вырашаць нейкія пытаньні. І так яно і сталася, што мы проста былі вымушаныя пабрацца шлюбам, бо інакш я не магла яго пабачыць і ён ня мог мяне пабачыць».

Афіцыйна Валерыя і Мікалай пабраліся шлюбам у кастрычніку 2011 году ў магілёўскай калёніі. Валерыя, якая ставіцца да сямейных адносінаў вельмі сур’ёзна, кажа, што разам жыць ім і было, і будзе, калі Мікалай выйдзе, няпроста, бо яны абое з характарамі, даволі ўпартыя людзі:

«Ён больш такі акуратны, па бытавых праблемах любіць завіхацца. Я, наадварот, не люблю. Былі ў нас і такія сутычкі. Мне было цяжка ў тым пляне, што ён быў заўсёды крыху закрыты, не любіў выносіць свае праблемы, нават мне, блізкаму чалавеку, не хацеў адкрывацца. За год, які мы пражылі разам, я пабачыла вялікія зьмены. Мы толькі пачалі адзін да аднаго прыстасоўвацца! І вось зараз гэтае расстаньне... Яно, мне здаецца, дадасьць у будучым нейкія праблемы. Бо ў людзей, якія былі ў вязьніцы, калі яны выходзяць, зусім іншае стаўленьне да іншых людзей».

Мікалай Дзядок



Пакуль турма Мікалая не зламала. Наадварот, загартавала. Бацька распавёў, што сын з 6 гадоў займаўся ўсходнімі адзінаборствамі, ён вельмі моцны фізычна. І ў пэўным пляне гэты спорт і духоўна сфармаваў яго.

«Мяне выклікалі двойчы ў нашы спэцслужбы і прапаноўвалі пераканаць яго распавесьці пра нешта, што быццам бы ён ведае, пра нейкую справу нейкіх анархістаў. Сын праявіў вельмі моцны характар, не агаварыў ні сябе, ні каго іншага, хоць яго вельмі ўпарта апрацоўвалі. Зь ім праводзілі „гутаркі“ па 8–12 гадзін штодня, псыхалягічна ўціскаючы, але ён ня здаўся».

Мікалая выхоўвала другая жонка бацькі, спадарыня Надзея, якая мае яго за роднага і вельмі ім ганарыцца:

«Ён вельмі добры і мяккі чалавек, менавіта з пункту гледжаньня якасьцяў характару. Чалавек, ад якога мы ніколі ня чулі ніякага нават намёку на хлусьню. Таму і не атрымалася нічога ў спэцслужбаў. Ён нават дапусьціць ня можа, што можна кагосьці абылгаць».

Што да перакананьняў Мікалая і таго, што яго называюць у прэсе анархістам, ягоная жонка Валерыя Хоціна кажа:

«Так, ён анархіст. І насамрэч вельмі вялікі спэктар ідэяў і дзеяньняў у анархістаў. Хтосьці выбірае адукацыйныя праграмы, хтосьці выбірае „Ежу замест бомбаў“, хтосьці — проста паходы на канцэрты, так званыя „лайф-стайл анархісты“. Ёсьць, канечне, і людзі, якія кіруюцца мэтадамі, скажам так, прамога дзеяньня. Я кажу: так, ён анархіст, ён прытрымліваецца нейкіх ідэяў. Але я лічу, што толькі ён сам можа расказаць, якіх ідэяў ён прытрымліваецца».

Зь Мікалаем Дзядком у турме супрацоўнікі спэцслужбаў няспынна вядуць выхаваўчую працу. Спачатку двойчы прымушалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. 19 студзеня да яго ў калёнію адмыслова прыяжджалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС і прымушалі адмовіцца ад сваіх перакананьняў. Бацька Дзядка спадар Аляксандар перакананы:

«У дачыненьні да палітзьняволеных вядзецца мэтанакіраваная, узгодненая праца па ўтрыманьні іх у калёніях да той пары, пакуль яны там будуць патрэбныя як нейкі сродак, як закладнікі, у рэшце рэшт для таго, каб дасягаць нейкіх палітычных мэтаў. І справа так званых анархістаў, па якой праходзілі мой сын, а таксама Аліневіч і Францкевіч, таксама справа палітычная, створаная спэцслужбамі, каб вырашаць нейкія палітычныя задачы».

Маладафронтавец Алесь Кіркевіч сядзеў разам з Мікалаем у СІЗА на Валадарцы.

«Мы шмат спрачаліся: усё ж такі былі прамымі апанентамі згодна любому падручніку паліталогіі. Аднак, як слушна пісаў Даўлатаў, у зьняволенні усе «палітычныя» трымаюцца разам, і толькі на волі ці ў эміграцыі зноўку разьбягаюцца па сваіх кутах... Уразіла глыбокая інтэлігентнасьць, востры розум, незвычайная жыцьцёвая энэргія і аптымізм. Мікола зьдзіўляў таксама сваёй прагай да ведаў, жаданьнем выцягнуць максымум карысьці з сытуацыі, калі ўжо давялося праходзіць такі «жыцьцёвы інстытут»: мы разам дапытвалі Фістона з Конга аб ягонай краіне, ён спрабаваў вучыць фарсі пасьля знаёмства з гаваркім іранцам. Зламаць яго так і не змаглі. Пасьля абвяшчэньня прысуду ён крычаў: «Усім вы раты не пазатыкаеце! Усіх не перасаджаеце!»

Падчас суду



Жонка Мікалая спадарыня Валерыя пасьля доўгатэрміновага спатканьня прыйшла да высновы, што Мікалай прыняў свой лёс:

«Ён ніколькі не шкадаваў, што так адбылося. У лістах ён мне пісаў: „Я буду тут да той часіны, пакуль не зразумею ўсё, што мне наканавана“. Мне спадабалася, што ён да гэтай адседкі ставіцца як да нейкай школы жыцьця. Я пэсыміст. Ён заўсёды быў аптымістам, нават у самых чорных для сябе сытуацыях ён заўсёды бачыць плюс. Тое, што ён не зламаўся, гэта дакладна».

А самае цяжкае ў зьняволеньні для Мікалая — недахоп інфармацыі, кажа жонка Валерыя.

«Ён такі быў інтэрнэтаман, без інтэрнэту ён не пачынаў свой дзень. І зараз для яго гэта вельмі цяжка — атрымліваць маленькімі кавалачкамі інфармацыю. Але вельмі добра, што да яго даходзіць апазыцыйная прэса».

Людзі проста рэальна паказалі, што гатовыя ісьці на такія крокі, таму што інакш свой пратэст яны выказаць не маглі

На Мікалая Дзядка вельмі моцнае ўражаньне зрабіла акцыя салідарнасьці, зладжаная Васьковічам, Сырамалотавым і Пракапенкам, якіх потым пасадзілі за спробу падпалу будынка бабруйскага КДБ. Бальшыня анархістаў спачатку ладзіла акцыі негвалтоўнага супраціву, але ніводная зь іх не дасягнула сваіх мэтаў, таму яны пачалі дзейнічаць інакш, кажа Валерыя:

«Палова анархісцкага руху была да такой ступені запалоханая допытамі, людзям пагражалі рэальныя тэрміны, і тут нейкія тры чалавекі, якіх ніхто ня ведаў нават з анархісцкага руху, робяць акцыю салідарнасьці з нашымі хлопцамі! Людзі проста рэальна паказалі, што гатовыя ісьці на такія крокі, таму што інакш свой пратэст яны выказаць не маглі. Атакі на рэпрэсіўныя структуры заўсёды мелі і будуць мець месца».

Што тычыцца дзеяньняў анархістаў, яны заўсёды думаюць пра наступствы, Пасьля іхніх акцыяў пратэсту ніхто зь людзей не пацярпеў, кажа Валерыя Хоціна.

У лютым яна зьбіраецца на кароткатэрміновае спатканьне зь Мікалаем Дзядком.

АЛЯКСАНДАР ФРАНЦКЕВІЧ. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

ЯЎГЕН ВАСЬКОВІЧ. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

СЯРГЕЙ КАВАЛЕНКА. ПАРТРЭТ НА ФОНЕ КРАТАЎ

УСЕ ПАРТРЭТЫ НА ФОНЕ КРАТАЎ

АРХІПЕЛАГ БЕЛАГ