Тацяна Севярынец патрабуе пракурорскай праверкі ў Багушэўскім шпіталі

Хворы ў Багушэўскім шпіталі для сухотнікаў. Архіўнае фота

Каардынатарка Віцебскага абласнога аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД апякуецца адным з пацыентаў Багушэўскага шпіталя, Валерам Ганчарэнкам. Напрыканцы мінулага году ён прыцягнуў увагу незалежных СМІ да гэтай мэдычнай установы, дзе праводзіць большую частку свайго жыцьця, бо хварэе на адкрытую форму сухотаў.

Пасьля таго як спадар Ганчарэнка апавёў журналістам пра дрэнны матэрыяльны стан шпіталя і праблемы зь лекаваньнем, якія падаюцца яму істотнымі, ён апынуўся ў псыхіятрычным аддзяленьні шпіталя пад вартай ахоўнікаў. І там ён ужо больш за месяц, падкрэсьлівае Тацяна Севярынец.

«У мяне няма ніякай сувязі з Валерам Ганчарэнкам, бо пасьля яго інтэрвію ў пацыентаў псыхіятрычнага аддзяленьня адабралі мабільныя тэлефоны і нават паперу з алоўкамі. Таму я тэлефаную або галоўурачу Натальлі Лясной, або сваім знаёмым, хто там атрымлівае лекаваньне. Галоўурач са мной размаўляе на мяжы ветлівасьці, толькі што ня кідае слухаўку. А знаёмыя апавялі, што пра стан Валера Ганчарэнкі ведаюць толькі тое, што яму ўводзяць псыхатропныя прэпараты. І ім таксама пагражае пэрсанал: маўляў, «будзеш шмат гаварыць пра наш шпіталь, будзе з табой тое самае, што з Ганчарэнкам».

Напрыканцы сьнежня Тацяна Севярынец ды іншыя віцебскія актывісты наведалі Багушэўскі шпіталь для хворых на сухоты. На тэрыторыю ўстановы ўваход забаронены, але для хворых прынялі перадачу — кнігі для бібліятэкі, некалькі кіляграмаў печыва, цукерак, садавіны, а таксама рэчы — коўдры, адзеньне і гэтак далей. Усё гэта было набыта на ахвяраваньні жыхароў Віцебску, у прыватнасьці, прадпрымальнікаў Смаленскага кірмашу.

Прадстаўнікі адміністрацыі абяцалі актывісту кампаніі «Гавары праўду» Сяргею Парсюкевічу выслаць фатаздымкі, як «гуманітарную дапамогу» перадавалі хворым — менавіта пацыентам псыхіятрычнага аддзяленьня. Але абяцанага так і ня выканалі.

Тацяна Севярынец перадала з пэрсаналам шпіталя рэчы асабіста для Валера Ганчарэнкі, але таксама ня ведае, ці атрымаў ён хоць што.

«Мяне пераконвалі, што гэта чалавек псыхічна хворы. Але падазрона тое, што ў псыхіятрычнае аддзяленьне яго паклалі менавіта пасьля зваротаў да журналістаў, чыноўнікаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня і лекаваньня. Цяпер тым самым пагражаюць іншым людзям, якія насьмельваюцца гаварыць пра праблемы. Таму я патрабую неадкладнай пракурорскай праверкі Багушэўскага шпіталя! Бо стаўленьне да хворых у краіне цалкам адлюстроўвае адносіны ўлады да ўсіх яе грамадзянаў», — кажа Тацяна Севярынец.