У Беларусі ўжо тыдзень трымаюцца моцныя маразы. Сіноптыкі папярэджваюць, што ў найбліжэйшы час схаладнее яшчэ больш — у некаторых рэгіёнах да −25 градусаў і ніжэй. Гэта папярэджаньне змушае найбольш хвалявацца тых, хто жыве ў рэгіёнах у камунальным жыльлі. Многія цепласеткі шмат гадоў ня ведалі капітальнага рамонту і цяпер не вытрымліваюць высокіх нагрузак.
МЕНШЧЫНА
У Жодзіна 14-гадовы падлетак праваліўся ў кіпень на аварыйным участку гарадзкой цеплатрасы
Сёньня ўжо другія суткі, як лекары змагаюцца за жыцьцё 14-гадовага жодзінскага падлетка Андрэя Сідарэнкі. Бацька хлопчыка, Ігар Сідарэнка, паведаміў «Свабодзе», што яго Андрэй атрымаў апёкі ног 2-й і 3-й ступені, калі ля самай бацькоўскай хаты на неасьветленай вуліцы Рачной праваліўся ў кіпень з аварыйнай цеплатрасы:
«Тут рыюць кожны месяц. Штораз утвараюцца новыя ямы. Заўтра зноў можа прарваць. І калі будзе дзіця выходзіць з дому (а ў нас сямёра дзяцей), то якраз трэба пераходзіць праз гэтую цеплатрасу».
Суразмоўца пераконвае, што аварыйную сытуацыю і гэтай зімой стварыла мясцовае камунальнае прадпрыемства «Жодзінажылцепласэрвіс», якім кіруе дырэктар Віктар Чалей:
«Яны (камунальнікі) прыедуць 20 чалавек, тэхнікі рознай нагоняць сюды і рыюць. Выкапалі яму, уставілі ў яе 30-сантымэтровую гільзу (трубу). Заварылі яе, замест таго каб замяніць даўжэйшы ўчастак. Але ў іх няма заданьня рамантаваць грунтоўна, таму яны робяць мінімум працы. Але ж пасьля гэтага праз тыдзень-два зноў гарачая вада ірве трубу...»
На вуліцы Рачной цяпер усяго пяць шматкватэрных дамоў, якія былі пабудаваныя ў 1950-я гады. Насельнікі іх — пэнсіянэры, якія раней працавалі на БелАЗе.
«Чыноўнікаў у Жодзіне не абцяжарваюць праблемы старых, — кажа мясцовы жыхар Іван Кузьнецкі. — «Там цяпер бядуюць людзі, якія будавалі некалі Жодзіна».
Карэспандэнт: «Пасьля трагедыі на вуліцы Рачной мясцовыя чыноўнікі загаварылі, што нібыта старая цеплатраса перададзена цяпер ва ўласнасьць жыхарам — маўляў, калі ёсьць неабходнасьць у рамонце, то няхай самі і клапоцяцца пра гэта».
Кузьнецкі: «Як жа яны змогуць гэта зрабіць?! Вядома, што не. Дакладна ведаю, што ў 1-м доме дзьве адзінокія пэнсіянэркі жывуць. У суседнім доме таксама старыя людзі жывуць. А ў другой палове — шматдзетная сям’я, зь якой і пацярпеў хлопчык...»
Пацярпелы Андрэй Сідарэнка цяпер у апёкавым цэнтры ў Менску. Паводле бацькі, Ігара Сідарэнкі, стан здароўя сына зьмяняецца да лепшага.
МАГІЛЁЎШЧЫНА
Аварыі ў Бабруйску здарыліся напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі
У Бабруйску на працягу тыдня здарыліся дзьве аварыі на цеплатрасе. У тысяч сем’яў некалькі гадзінаў не працавала сыстэма цеплазабесьпячэньня.
Першая аварыя здарылася ў Бабруйску 20 студзеня. Трубаправод ня вытрымаў павышанага ціску. Аварыю ліквідавалі за некалькі гадзінаў. Як сьцьвярджаюць супрацоўніцы камунальных установаў, адчуць праблемы, выкліканыя адключэньнем ацяпленьня, яны не пасьпелі:
«Я толькі прыйшла з пракуратуры, бо пракуратура гэтым займаецца. У нас быў парыў у цеплапункце. Гэта была ўжо другая палова дня — пятніца. Прыехала аварыйная. Адключыла ацяпленьне. Хуценька замянілі трубу, і дзякуй богу», — апавядае супрацоўніца дзіцячага садка № 1.
Супрацоўніца радзільні дадае:
«Тады й марозу асаблівага не было. У нас ёсьць стульчакі з абагрэвам для немаўлятаў і абагравальнікі. Так што жанчыны не пацярпелі. Тэмпэратура ў памяшканьні не апускалася ніжэй за 22 градусы».
Без ацяпленьня дванаццаць гадзінаў заставаліся каля 2000 чалавек
27 студзеня, калі здарылася другая аварыя, у Бабруйску ўжо лютавалі маразы. Тэмпэратура апусьцілася да мінус пятнаццаці градусаў. У зоне бедзтва апынуліся 15 жылых дамоў, адзін садок, адна школа, прафэсійна-тэхнічны каледж ды некалькі інтэрнатаў. Без ацяпленьня дванаццаць гадзінаў заставаліся каля дзьвюх тысяч чалавек:
Так у цеплаэнэргетыцы заўжды — старыя, зношаныя трубы ...
«Дзе-нідзе нам давялося памяняць радыятары, якія паразрывала. У майстэрнях падмарозіла трубы. Іх разагравалі. У вучэбным корпусе два радыятары трэснулі. Так у цеплаэнэргетыцы заўжды — старыя, зношаныя трубы. Выпрабаваньні хоць і праводзяцца, але, відаць, ня так пільна. Запорная арматура на асобных участках не трымае, таму адключаюць увесь раён адразу», — кажа супрацоўнік адной з пацярпелых навучальных устаноў.
Абедзьве аварыі, заяўляюць афіцыйныя крыніцы, здарыліся ў выніку зьбегу абставінаў. Факт зношанасьці трубаў адмаўляецца. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў камунальнікаў і энэргетыкаў не ўдалося. Тэлефоны спэцыялістаў не адказвалі.
Аварыі здарыліся напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Бабруйск. Да адведзінаў кіраўніка дзяржавы бабруйскія ўлады падфарбоўвалі фасады дамоў на вуліцах, якімі меўся ехаць Лукашэнка. Тэрмінова рамантавалі дахі.
І сёньня — зноў аварыя ды ахвяры: выбухнуў кацёл!
Сёньня ад выбуху катла пацярпелі двое мужчынаў у пратэстанцкім малітоўным доме. Гэта ў тым жа Бабруйску. Днямі здарыўся пажар на фэрме ў Шклоўскім раёне. Там распальвалі кацёл адкрытым полымем. Кожны дзень паведамляецца пра абмаражэньні і пажары.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
«Добра, у каго яшчэ ў дамах ёсьць свая печачка...»
На Гарадзеншчыне з пачаткам маразоў у некаторых аграгарадках выйшлі са строю ацяпляльныя сыстэмы. А на некаторых прадпрыемствах толькі з маразамі пачалі падаваць ацяпленьне ў цэхі.
У вёсцы Алекшыцы Бераставіцкага раёну жыхары штогод маюць прэтэнзіі да працы мясцовай кацельні: то слаба абаграваюць дамы, то нешта сапсуецца. Пра сёлетнія маразы і спрычыненыя імі праблемы распавядае мясцовы жыхар.
Спадар: «Толькі пачаўся мароз, адразу выйшла са строю воданапорная вежа — згарэў глыбінны насос. Яго зрабілі — лопнула труба, то сядзім на мінімуме. Добра, у каго печачка яшчэ ёсьць у хаце. Учора тэмпэратура была 15 градусаў, сёньня прапалілі печачку, то ўжо няпоўныя 18 градусаў».
У дамах аграгарадка — толькі +15 градусаў цяпла
Спадар распавядае, што ў дамах аграгарадка, дзе печкі не прадугледжаныя, людзі так і сядзяць з тэмпэратурай па 15 градусаў. А да ўсяго яшчэ вяскоўцы мусяць езьдзіць з санкамі па ваду. Зь яго слоў, вяскоўцы штогод патрабуюць ад спэцыялістаў ЖКГ замяніць састарэлыя катлы і іншае абсталяваньне.
Спадар: «Катлы такія, якім ужо гадоў па 50, іх даўно ўжо нідзе не вырабляюць і не рамантуюць А ў нас яшчэ два працуюць, і ніхто іх не мяняе. Дык там пастаянна аварыі, то нешта цячэ, то псуецца аўтаматыка. А там такая аўтаматыка, што нідзе запчастак ня знойдзеш».
Ад працы на холадзе чалавек захварэў на сухоты
Рабочы лідзкага прадпрыемства «Нёман», дзе выпускаюць аўтобусы, спадар Іван распавядае, што на працы ад холаду захварэў на сухоты і ўжо тыдзень ляжыць у хаце. Ён распавядае, што ацяпленьне ім падалі толькі з пачаткам маразоў, бо прадпрыемства мае вялікія даўгі.
Спадар: «Я ня ведаю, як там зараз у гэтыя маразы, але да гэтага я выходзіў на вуліцу, каб пагрэцца, бо было цяплей. А заходзіш у цэх — халадзіна. Гэта яшчэ калі ты пастаянна нешта робіш, то цяплей, а ў некаторых цэхах, дзе даводзіцца стаяць, то ня ведаю, як там людзі даюць рады».
Ад прыезду начальства цяплей ня робіцца
Спадар Іван кажа, што на прадпрыемства часта прыяжджае начальства, але ад гэтага, зь яго слоў, цяплей ня робіцца.