За ўлёткі ў падтрымку Сяргея Каваленкі — штраф 140 тысяч

Пётар Іваноў

Пакараны штрафам жыхар Віцебску Пётар Іваноў перакананы, што яго толькі фармальна асудзілі за нецэнзурную лаянку. Сапраўдная прычына і затрыманьня 6-га студзеня, і цяперашняга судовага пакараньня — гэта распаўсюд улётак у падтрымку зьняволенага Сяргея Каваленкі.
На працягу двух судовых пасяджэньняў грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, былы кадравы вайсковец, сябар партыі «Адзіная Расія» і актывіст кампаніі «Гавары праўду» Пётар Іваноў спрабаваў давесьці, што абвінавачаньне ў дробным хуліганстве супраць яго сфабрыкаванае, а міліцэйскі пратакол — несапраўдны.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская апытала міліцыянтаў, якія пацьвердзілі, што спадар Іваноў падчас затрыманьня нецэнзурна выражаўся. Іншых сьведак — звычайных грамадзянаў, якіх такія паводзіны нібыта абражалі — на судзе не было. Паводле Пятра Іванова, іх не магло быць у прынцыпе, бо факт хуліганства быў выдуманы супрацоўнікамі міліцыі, якія затрымалі яго за распаўсюд улётак зь інфармацыяй пра палітычнага галадоўніка, зьняволенага Сяргея Каваленку.

Пётар Іваноў у судзе



Пратакол пра правапарушэньне, зь якім Пятра Іванова ў калядную ноч амаль на трое сутак накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, таксама быў іншы. Там было напісана, што ён заклікаў да антыдзяржаўных дзеяньняў — так супрацоўнікі міліцыі кваліфікавалі запрашэньне на суд Сяргея Каваленкі, які адбыўся 12 студзеня. Пазьней супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС склалі іншы пратакол — ужо пра нецэнзурную лаянку.
Яны думаюць, што гэтак умацоўваюць нашу дзяржаву? Ды яны яе руйнуюць!

Былога супрацоўніка МУС, маёра Сяргея Парсюкевіча, які ведае «міліцэйскую кухню» знутры і сваімі пытаньнямі мог бы раскрыць падман служоўцаў, судзьдзя не дапусьціла да ўдзелу ў працэсе ў якасьці прадстаўніка Пятра Іванова. Спадар Парсюкевіч гаворыць, што пазыцыя сьведкаў-міліцыянтаў відавочная:

«Відаць, што людзі падрыхтаваліся — безумоўна, падрыхтаваліся — да таго, што ім будуць задаваць пэўныя пытаньні. Прадумвалі свае адказы. А адказ „ня памятаю“ — гэта толькі спроба завесьці ў бок... Адно ён памятае, другое ня памятае... Але памятае, што патлумачыў затрыманаму ягоныя правы!»

Сяргей Парсюкевіч

У пратаколе няма подпісу Іванова, што ягоныя правы яму патлумачылі. І толькі гэта магло б стаць падставай для таго, каб справу вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю. Можна было яе ўвогуле скасаваць, як заклікаў зрабіць адвакат Вячаслаў Праскаловіч, — бо паказаньні міліцыянтаў супярэчлівыя.

Аднак судзьдзя Іна Грабоўская, не задаволіўшы ніводнага хадайніцтва Пятра Іванова, прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве і прысудзіла штраф памерам 4 базавыя велічыні. Гэта без уліку таго, што трое сутак ён ужо правёў у ізалятары па затрыманьні.

Пастанову суду спадар Іваноў адкамэнтаваў так:

«Усё так, як было сплянавана органамі ўнутраных справаў. Любы чалавек на роўным месцы ад іхнага самадурства не застрахаваны. Яны думаюць, што гэтак умацоўваюць нашу дзяржаву? Ды яны яе руйнуюць! Краіна ў глыбокай яміне знаходзіцца. І я не вінавачу гэтую судзьдзю — яна толькі вінцік у гэтай сыстэме».

Лідзія Каваленка, маці Сяргея Каваленкі, у судзе