Рабочы «Граніту»: «Буду галадаць месяц, два, тры...»

Леанід Гладзевіч

Рабочы прадпрыемства па здабычы каменю «Граніт» у Мікашэвічах Леанід Гладзевіч абвесьціў галадоўку, дабіваючыся рэгістрацыі незалежнага прафсаюзу.
Ужо трэці дзень ён ужывае толькі ваду. Тым часам кіраўнік неазалежнага прафсаюзу гарнякоў Мікалай Зімін дагэтуль не атрымаў адказу адміністрацыі «Граніту» наконт выдзяленьня памяшканьня незалежнаму прафсаюзу.

Кіроўца «БелАЗу» Леанід Гладзевіч, які ўжо трэці дзень галадае, кажа, што патрабуе прыезду старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанціна Сумара на гутарку зь ім. Гладзевіч хоча пераканаць кіраўніка вобласьці спыніць ціск на актывістаў прафсаюзу, вярнуць правы кіроўцы кіраўніку суполкі незалежнага прафсаюзу Алегу Стахаевічу, і ўрэшце зарэгістраваць незалежны прафсаюз. Настроены Гладзевіч рашуча:

«Адмовіўся ад усялякай ежы і буду адмаўляцца, пакуль ня прыедзе Сумар і два
буду адмаўляцца, пакуль ня прыедзе Сумар і два даішнікі ...

даішнікі, якія хочуць пазбавіць пасьведчаньня кіроўцы Алега Стахаевіча. А там паглядзім, як далей буду дзейнічаць... Ну, прыедзе гэты Сумар, нікуды ён ня дзенецца. Буду галадаць месяц, два, тры...»

Леанід Гладзевіч кажа, што хадзіў у лякарню ў Мікашэвічах, каб паведаміць урачам, што абвясьціў галадоўку:

«Дзяжурны ўрач адмовіўся прымаць заяву, пачаў званіць начальніку калёны — начальніку „БелАЗістаў“. Заяву ён адмовіўся прымаць... Я прасіў, каб урачы прыязджалі да мяне раніцай і ўвечары, мералі тэмпэратуру цела, ціск... А ён кажа: усё, маўляў, вы здаровы, ідзіце.»

Галадоўнік кажа, што папрасіў сябраў па незалежнаму прафсаюзу, каб яны адведвалі яго штодня:

«А то, кажу, памру ў кватэры сам, ніхто і ведаць ня будзе. То яны сёньня прыйдуць, разьмяркуюць, хто калі там будзе заходзіць, правяраць, як маё здароўе.»

Кіраўнік мікашэвіцкай суполкі незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч паведаміў, што актывісты абмяркоўваюць сытуацыю з Гладзевічам. Стахаевіч кажа, што ставіцца да гэтага сур’ёзна, хаця і перажывае за здароўе калегі.

Тым часам кіраўнік незалежнага прафсаюзу гарнякоў з Салігорску Мікалай Зімін паведаміў, што адказ з адміністрацыі наконт выдзяленьня памяшканьня прафсаюзу зацягваецца:

«Пакуль адказу няма. Ужо зьбіраемся кантактаваць з дырэктарам і міністэрствам наконт таго, чаму яны затрымліваюць адказ. Вось у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва наўпрост будзем зьвяртацца, яны ж уласьнікі гэтай маёмасьці.»
Напрыканцы сьнежня некалькі соцень рабочых прадпрыемства «Граніт» выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу ФПБ і абвесьцілі пра ўтварэньне суполкі незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Адміністрацыя адказала ціскам на працоўных. Цяпер актывісты незалежнага прафсаюзу дабіваюцца рэгістрацыі.