Напрыканцы мінулага года шасьцёра беларускіх будаўнікоў-гастарбайтэраў сталі ахвярамі пажару ў ваколіцах падмаскоўнай вёскі Глухава Краснагорскага раёну.
Яны ўдзельнічалі ва ўзьвядзеньні павільёна для кінастудыі «Галоўкіно», якая належыць вядомаму расейскаму рэжысэру Фёдару Бандарчуку. Будаўнікі жыўцом згарэлі ў бытоўках, у якіх вымушаны былі начаваць.
Пра прычыны чарговай трагедыі беларусаў, якія вымушаны выязджаць на працу ў Расею, і сацыяльную неабароненасьць іхніх сем’яў на радзіме.
Менавіта на гэтай будоўлі загінуў жыхар вёскі Мазуршчына Салігорскага раёну Аляксандар Пракаповіч. Ягоным сваякам не хапае цяпер грошай, каб па-людзку ўпарадкаваць магілу.
Вось што расказала «Свабодзе» Раіса Пракаповіч — бабуля загінулага электразваршчыка Аляксандра:
«Сьведкі трагедыі нашых мужчынаў удакладнілі, што іх вагончык на будоўлі загарэўся ў прамежку між другой і трэцяй гадзінай ночы. Хто яго падпаліў і чаму, да цяперашняга часу дакладна ня высьветлена.
І тады ж нехта зь пярэпалаху вакно разьбіў. Таму агонь і дым перакінуліся ў нутро вагончыка. Хто там быў — усе задыхнуліся. Сьведкі кажуць, што спачатку крык быў, а пасьля ўсе заціхлі...»
Раіса Пракаповіч кажа, што Аляксандар пражыў толькі 24 гады. Ён пакінуў дачку, якой цяпер год, і маладую жонку:
«Яны зь ёй яшчэ нават афіцыйна шлюбам не пабраліся. А хацелі вясельле зрабіць.Таксама пра жыльлё ўласнае марылі. На гэта й разьлічвалі зарабіць грошы... Ён быў ня толькі добры майстар, але й чалавек добры.
Мы двойчы езьдзілі ў Расею забіраць яго цела. Першы раз не ўдалося апазнаць. Назад прыехалі — у даўгі залезьлі, бо каб машыну наняць, заплацілі ажно 7 мільёнаў рублёў. Пасьля зноў паехалі... А ў Расеі ў нас нават адрас не ўзялі, каб пасьля хоць якія грошы вярнуць... Якраз перад гэтым пажарам атрымалі яны грашовы аванс... Мой зяць пасьпеў справіць сабе новую вопратку, жонцы купіў новы мабільны тэлефон. Сваёй дачцэ таксама абноўкі...»
«Як зараз гадаваць дзіця? Ці атрымліваеце на месцы падтрымку ад улады?
«Гадаваць будзем, а што рабіць? У мяне зараз сядзяць... А на пахаваньне ніхто ад улады нічога ня даў. Скінуліся толькі яго сябры па ранейшай працы. Што да дзіцяці, то яе маці атрымлівае дапамогу як маці-адзіночка. Большага нідзе нічога не дабіцца...»
Да нашай гутаркі далучаецца 22-гадовы Ігар — родны брат нябожчыка. На радзіме ён цяпер ня мае сталай працы. Кажа, што, відавочна, давядзецца таксама падацца ў гастарбайтэры ў Расею.
Ігар: «Вы ж самі ведаеце, якія ў Беларусі зараз кошты. А якія ў нас заробкі? Да прыкладу, у зваршчыка 3-га разраду?»
Жыхарка вёскі Мазуршчына Ірына таксама называе беспрацоўе галоўнай прычынай, з-за якой маладыя і здаровыя мусяць выбірацца на заробкі ў Расею:
«Што тут у калгасе яны могуць атрымаць?.. Сама больш — 500 тысяч рублёў. А калі паедуць у Расею, то там хоць большыя заробкі атрымаюць...»
«А гэта першы выпадак, калі ў Расеі зь беларусамі здарылася бяда?»
«Тут, у Мазуршчыне, магчыма, і першы, а ў калгасе — далёка ня першы. З суседняй вёскі мужчына паехаў на заробкі ў Расею, то яго ўвогуле там забілі...»
У Беларусі на сёньня няма дакладнай статыстыкі пра колькасьць гастарбайтэраў, якія працуюць на будаўніцтве ў Расеі. Неафіцыйныя крыніцы называюць лічбу ў некалькі соцень тысяч. Няма і дакладнага ўліку памерлых і забітых сярод гастарбайтэраў. Толькі ў Берасьці ў студзені гэтага году ў вышук заяўлены пяць чалавек, якія паехалі на заробкі ў Расею — і зьніклі.