У Беларусі ўсталявалася марознае сьнежнае надвор’е. Найцяжэй у такі час даводзіцца людзям, у якіх няма даху над галавой — так званым «бамжам»: асобам бяз пэўнага месца жыхарства.
У Гомелі абласныя ўлады яшчэ летась у жніўні пастанавілі арганізаваць першы ў рэгіёне начны прытулак для такіх людзей. Гэтай жа пастановай рэкамэндавана Жлобінскаму, Мазырскаму, Рэчыцкаму й Сьветлагорскаму райвыканкамам да 1 сьнежня 2011 году таксама вызначыць памяшканьні для бамжоў. Але і сёньня начлежкі няма ні ў Гомелі, ні ў іншых гарадах рэгіёну.
Уранку 18 студзеня транспартная міліцыя выганяла з аўтавакзалу бамжоў, якія прыйшлі сюды пагрэцца. На вуліцы апынуўся й 48-гадовы гарадзкі бомж Валер:
«Зайшоў пагрэцца — выгналі во. Міліцыя! Іншы раз затрымліваюць, хоць я нікуды ня ўлажу, бо мне гэта ня трэба».
Мінулую ноч Валер правёў у падвале непадалёк ад вагонарамонтнага заводу:
«Нармальна гэтую ноч пераначавалі — у падвале каля ВРЗ. Падвал адкрыты быў. На трубах спалі, трубы цёплыя, бо ацяпленьне ідзе. Нармальна».
Валер родам з Калінкавіцкага раёну. Колісь працаваў у трэсьце «Гомельтэхмантаж». Стаяў у чарзе на жытло, але не дастаяўся. З працы звольнілі, бо злоўжываў алькаголем. Пачаў бадзяцца. Жыве з таго, што зьбірае й здае парожнія бутэлькі ды ўсялякае жалезьзе.
У начлежку для бяздомных ня надта верыць:
«А хто будзе рабіць, калі нікому нічога не патрэбна? Уладам гэта трэба? І калі гэта будзе? Мне потым ужо ня трэба».
Валер зьбіраецца зараз ехаць з двума такімі ж бедалагамі жыць у вёску Грабаўка, што за 30 кілямэтраў ад Гомелю. Запрашае туды інвалід-аўганец Сяргей Аляксеенка, якому сябры адпісалі ў вёсцы старэнькую хату.
Аляксеенка зьведаў ня толькі баі пад Кандагарам, але й бяздомнае жыцьцё. Пасьля сьмерці жонкі ейная сястра выпісала аўганца з кватэры. Цяпер ён гатовы даць прытулак і Валеру, і іншым валацугам. Так сказаць, па роднасьці бадзяжнай душы. Патрэбны толькі грузавік: даставіць з гораду дзьве старэнькія канапы й прывезьці дроў.
Аляксеенка: «Прыяжджаў у аддзел сацыяльнай абароны. Але супрацоўніца, Надзея Пятроўна, якая вядзе нашы справы, да 1 лютага ў адпачынку. Я хацеў вырашыць праблему з палівам. З савету вэтэранаў накіравалі да яе, каб забясьпечыла машынай. Але машына грузавая ў іх зламалася. Трэба пачакаць альбо прасіць у калгасе, каб прывезьлі бясплатна дроў. Іх ёсьць крыху, але да сакавіка ня хопіць».
У Грабаўцы спадзяецца перазімаваць і Сьвятлана — жанчына з Уралу, якая працяглы час таксама бамжуе ў Гомелі:
«Зараз знаходжуся нідзе, паміж небам і зямлёй. Гэтую ноч начавалі ў пад’езьдзе. Некаторыя нас выганяюць, іншыя — не. Людзі добрыя, бывае, вынесуць то хлебца, то гарбаты. Жанчына нам дапамагае — во тут ля „пятака“ жыве. Яна нам праз вакно спускае з чацьвёртага паверху то супу гарачага, то бульбы зварыць, гуркоў салёных дасьць, хлеба. Людзі ёсьць сардэчныя».
Сьвятлана бамжуе ўжо другі дзясятак гадоў. Калі-кольвечы ідзе да прытулку сясьцёр маці Тэрэзы на вуліцы Савецкай, якім апякуецца каталіцкая парафія. Там і пакормяць, і вопраткай дапамогуць. Нядаўна атрымала там чыстае футра. А ў астатнім — спадзеў на добрых людзей, на падтрымку такіх жа валацугаў.
Галіна, былая даярка з Добрускага раёну, і гарадзкі валацуга, які назваўся Сяргеем, абыходзяць гарадзкія сьметнікі ўдваіх — шукаюць у кантэйнэрах кавалкі хлеба, пустыя бутэлькі. Чаму трымаюцца разам, апавяла Галіна:
«Калі жывеш сям’ёй — сябры ёсьць, сяброўкі ёсьць, — то выжывеш разам. Адзін — не».
Паводле афіцыйных зьвестак, на ўліку ў гомельскай міліцыі значыцца цяпер каля 100 чалавек бяз пэўнага месца жыхарства. Аднак відавочна, што бяздомных нашмат болей. Асабліва калі ўлічыць, што яны ёсьць ня толькі ў абласным цэнтры. І, як кажуць самі бамжы, маразы перажывуць ня ўсе.