Нямецкія дэпутаты: «Статкевіч асуджаны паводле надуманых прычынаў»

Ута Цапф

Такую заяву зрабілі дэпутаты Бундэстагу ад сацыял-дэмакратычнай партыі, старшыня рабочай групы АБСЭ па Беларусі Ута Цапф і сябра парлямэнцкага камітэту па міжнародных справах Франц Цёнес, ён жа апякун Мікалая Статкевіча ў рамках кампаніі «Шэфства над палітвязьнямі» праваабарончай арганізацыі «Libereco — Partnership for Human Rights».
Камэнтуючы новы прысуд экс-кандыдату на прэзыдэнта ў выглядзе трохгадовага ўзмоцненага рэжыму ва ўмовах крытай турмы, нямецкія палітыкі адзначаюць, што «абвінавачваньне аргумэнтавала гэта недастатковым выпраўленьнем і адсутнасьцю турэмнага нумару на вопратцы палітвязьня... Насамрэч, на Статкевіча аказваецца далейшы ціск з-за таго. што ён адмаўляецца прызнаць сваю віну і накіраваць зварот да прэзыдэнта Лукашэнкі».

Ута Цапф і Франц Цёнэс заклікаюць беларускія ўлады да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных, а таксама да павагі да канстытуцыйных працэдураў і забесьпячэньня асуджаных належнай мэдычнай дапамогай".