Жабракі ля храма? Разагнаць!

У Гомелі ля праваслаўных бажніц кожны дзень можна бачыць жабракоў, якія просяць міласьціну. Міліцыя іх ганяе, асабліва ў цэнтры. Грамадзкія актывісты пратэстуюць, зьвяртаюцца ў сілавыя структуры, да царкоўных герархаў, каб жабракоў не чапалі.

З самага ранку ля сабору Пятра й Паўла, які месьціцца ў гарадзкім парку, стаяць трое жабракоў — жанчына й двое мужчын. У руках у іх дробныя купюры. Да мінакоў, што кіруюцца ў сабор ці проста ў парк, яны зьвяртаюцца: «Людзі добрыя, дапамажыце. Гасподзь і вам дапаможа».


Многія гараджане адклікаюцца — даюць хто 100, хто 500 рублёў. Бывае і больш.

Мужчына: «Вячаслаў — да пэнсіі мне яшчэ тры гады. Гэта ж спрадвеку было: людзі стаялі ля царквы, а іншыя людзі дапамагалі ім, бяздомным. Я — бяздомны, у мяне няма дома, анічога. У падвале сплю. Дзяржава не дапамагае нам, а людзі добрыя — дапамагаюць. Міліцыя праганяе нас, не даюць міласьціну прасіць. Могуць у апорны пункт завесьці, пабіць. Клянуся Богам!»

Ля бажніц у Беларусі жабравалі спрадвек. Лічылася праявай міласэрнасьці падаць жабраку на хлеб дзеля Хрыста.

І цяпер людзі просяць міласьціну не ад добрага жыцьця.


Апавядае яшчэ адзін жабрак, спадар Сяргей: «Жанчына падышла, паглядзела — я абарваны ўвесь быў. Яна кажа: „Пачакайце, я вам прынясу вопратку“. Я яе чакаў увесь дзень. Яна прынесла, па сутнасьці, пераапранула мяне. Я во чысьценькі стаю, у пантопліках. А то наагул басяком стаяў. Студзень, а я стаю басяком, без шкарпэтак».


Кабета ў гадах, якая назвалася Верай, апавяла, чаму яна прыходзіць да бажніцы прасіць міласьціну: «Трэба абавязкова, каб нам далі тут пастаяць. Божа, мы не парушаем парадак. Проста нам трэба зарабіць на пражыцьцё. Цяжкае жыцьцё, вельмі цяжкае. У мяне сын ляжыць у шпіталі. Вельмі маленькая пэнсія ў мяне. Мне трэба плаціць за камунальныя паслугі, а на жыцьцё не хапае. І яшчэ маленькі ўнук, яму паўтара гады. Ён хоча есьці. Ладна, я стары чалавек, я магу й пацярпець. Але ж дзіця, яно ня можа пацярпець. Ня можа!»


Верніца ў гадах выказвае сваё стаўленьне наконт тых, хто стаіць ля цэркваў з працягнутай рукою: «Вось там стаіць мужчына — бачна, што ён просіць міласьціну, каб пахмяліцца, каб выпіць. Я такім дапамогу не аказваю. Ёсьць людзі, і гэта па іх бачна, што ім патрэбна дапамога. І такім я дапамагаю з задавальненьнем».



Сьвятар у саборы адмаўляецца выказаць сваё стаўленьне да тых, хто просіць міласьціну. Гэта робіць айцец Сава — далёка ад эпархіяльнага сабору:

«Ёсьць прынцып такі, выкладзены ў старажытным апостальскім тэксьце „Дыдахэ“: „Міласьціна хай запацее ў руцэ тваёй“. Інакш кажучы, трэба падумаць, каму ты даеш, хто гэты чалавек. Але даваць ці не даваць — гэта справа кожнага, і тут ніхто ня можа дыктаваць нейкія ўмовы».


Гомельская актывіста Беларускага Хэльсынскага камітэту Марыя Багдановіч ня раз назірала, як міліцыя ганяе жабракоў ля Петрапаўлаўскага сабору — усіх без разбору:


«Я зьвярталася двойчы ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Першы адказ быў нядрэнны: сказалі, што будуць выганяць толькі тых, хто нецьвярозы. І першы час так і было, але потым сталі зноў разганяць усіх. Я зьвярнулася паўторна, і адказ быў ужо зусім іншы. Маўляў, там стаяць людзі, якія выглядаюць асацыяльна, і лад жыцьця ў іх заганны, і наагул яны хуліганы. Таксама ў адказе пазначана, што царква прасіла дапамогі ў міліцыі, каб з гэтай тэрыторыі выдаліць тых, хто просіць міласьціну».


Зьвярталася спадарыня Багдановіч па абарону жабракоў да япіскапа Гомельскага й Жлобінскага Арыстарха. Той адказаў, што жабракі чапляюцца да вернікаў, перашкаджаюць ім маліцца. Былі нібыта й крадзяжы ў саборы, а таксама ў вернікаў.



Тым часам пракуратура лічыць, што няма юрыдычных падставаў ганяць жабракоў, калі яны ня робяць нічога супрацьпраўнага, а толькі просяць міласьціну.


Так, дарэчы, мяркуе й сама праваабаронца Марыя Багдановіч:

«Улада хоча ачысьціць парк і тэрыторыю сабору ад жабракоў. Хоча, відаць, каб гэта было такое прыгожае месца для рэспэктабэльных людзей, а праблему хавае. На жаль, у грамадзтве ёсьць жабракі. І вельмі заганна карыстацца безабароннасьцю гэтых людзей».