АБСЭ ацаніла расейскія выбары

Назіральнікі АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах у Расеі

Парлямэнцкія выбары ў Расеі характарызуюцца шматлікімі парушэньнямі і выпадкамі відавочнай маніпуляцыі, уключаючы ўкід бюлетэняў.
Пра гэта гаворыцца ў канчатковым дакладзе Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтву ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ).

Як падкрэсьліваюць міжнародныя назіральнікі, выбарны працэс у Расеі быў «ссунуты» ў бок кіруючай партыі «Адзіная Расея», пра што сьведчаць недастатковая незалежнасьць выбарчых органаў, небесстароннасьць большасьці СМІ і ўмяшаньне ўладаў розных узроўняў у хаду галасаваньня.

Усё гэта, паводле зьвестак назіральнікаў, стварыла неспрыяльныя ўмовы для справядлівай спаборнасьці партыяў.

У Цэнтарвыбаркаме Расеі выказалі нязгоду з высновамі місіі АБСЭ, назваўшы дакумэнт палітызаваным.