Аксана Спрынчан — пра Калядны белліт

Аксана Спрынчан

Новы год ці Каляды? Каляды ці Новы год? Якому сьвяту аддацца напоўніцу? Існуе меркаваньне, што пакуль Новы год не перастане быць галоўным сьвятам у беларусаў, ня будзе сапраўднай Беларусі. Я з гэтым згодная. З гэтым згодная і беларуская літаратура, у якой сьвяткуюць Каляды. А вялізная колькасьць падзеяў адбываецца не «наконадні», «на» ці «пасьля» Новага году, а «да», «на» і «пасьля» Калядаў.
ІВАН МЕЛЕЖ. ЛЮДЗІ НА БАЛОЦЕ.

МЕНСК, «НАРОДНАЯ АСЬВЕТА», 1977

З Калядамі доўга змагаліся, як з «опіюмам для народа». Надзвычай яскрава гэтая сытуацыя вымаляваная ў «Людзях на балоце» Івана Мележа. Падрыхтоўка і сьвяткаваньне Калядаў у палескай вёсцы Курані азмрочваюць жыцьцё камсамольца Міканора, які змагаецца з гэтым сьвятам. Але ж сьвята прыходзіць і ў ягоную хату. І ў сьвяты вечар нават Міканор «расчуліўся і да глыбіні душы быў уражаны бацькавай самотай і тугой па нябожчыках». Іван Мележ падрабязна апісаў і першую куцьцю, і шчодры вечар, тыя традыцыі, што стагодзьдзямі існавалі ў палешукоў. А вяскоўцы — «урачыстыя», «усьцешаныя», «расчуленыя», «радасныя» і ад дзіцячых песень-шчадровак, і ад хлопцаў з «казою». «Каза» — нехта ў перавернутым кажусе — сагнулася і закруцілася, затупала, так сьмешна падкідвала нагамі, так пацешна мэкнула, тоненька, жаласна, што бацька зачухаўся ад уцехі«. Хіба гэта не найвялікшае сьвята, калі сталы чалавек, гаспадар дома становіцца шчасьлівым дзіцём. А ў гэты момант чырвоная зорка «варухліва адбівалася на марозных узорах».


ЯКУБ КОЛАС. НОВАЯ ЗЯМЛЯ. ЗБОР ТВОРАЎ У 20 Т. Т. 8.
МЕНСК, «БЕЛАРУСКАЯ НАВУКА», 2009

У «Новай зямлі» Каляды ў першую чаргу — сьвята сям’і, сьвята дзяцей і «смакаты», дзе ніводзін чытач ня будзе лішнім. Якуб Колас ня толькі ўзгадвае калядныя стравы, але і апісвае парадак іхнага ўжываньня.
І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя зь лета.
Але ня ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст бабковы —
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй, — цішком скажу між намі, —
Каб і язык ня ўцёк часамі.
За квасам елі верашчаку,
А потым блінчыкі на маку,
А там ламанцы-праснакі
З пшанічнай добрае мукі;
А макаў сок такі салодкі!
Ламанцы ў ім, ну, як калодкі —
Так добра макам праняліся,
У рот паложыш — абліжыся.
За прасначкамі йшлі кампоты,
Кісель зь мядоваю сытою;
Вячэру скончылі куцёю...
Гэта, упэўненая, той выпадак, калі доўгая цытата да смаку.
А ёсьць яшчэ і кароткія прыкметы:
Сьнег на Куцьцю — грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сьцежкі чорны — ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу.

У 2012-м, відавочна, будзем зьбіраць ягады. А грыбоў, хвала Богу, хто хацеў, сёлета і напярэдадні Калядаў назьбіраў.

ЛЕАНІД ДРАНЬКО-МАЙСЮК. ЗДАРЭНЬНЕ З КАМОРЫНЫМ.
«ДЗЕЯСЛОЎ» № 13, 2004

А якія Каляды ў месьце? У звычайным старым доме, які будавалі палонныя немцы? У звычайнай сям’і з адным дзіцём? Усё, што ёсьць незвычайнага, дык гэта бацька — зацяты гулец-карцёжнік. Іншая справа, што і гулец у гэтай гісторыі незвычайны, бо «гуляў рызыкоўна, можна сказаць, рамантычна і, вядома ж, з гэтае прычыны амаль заўсёды няўдала — прайграваў шмат». Як і павінна было здарыцца ў рамантычнай каляднай гісторыі, Зьміцер Каморын наконадні Калядаў прайграе і ў дзень Калядаў павінен аддаць грошы, якіх няма адкуль узяць. Прачнуўшыся, муж і бацька атрымлівае ад жонкі і дачкі калядны падарунак — кабэльнае тэлебачаньне з 25 каналаў і дзірку ў сьцяне, якую трэба зарабіць пасьля майстроў. Сьвята як цуд адбываецца — у сьцяне звычайнага дома знаходзіцца скарб, схаваны палонным — вайсковыя ўзнагароды і залатыя манэты. Гулец, які зьбіраўся застрэліцца, уратаваны. Ды і сям’ю Каляды ўратавалі.

УСЕВАЛАД СЬЦЕБУРАКА. ТРЫ КАРАЛІ.
«ДЗЕЯСЛОЎ» № 40, 2009

Сучасная проза — сучасныя рэаліі: «Напярэдадні Раства ў мястэчку ля царквы паставілі жалезную агароджу і рамку мэталядэтэктара». У царкве — сьвяточнае набажэнства, а каля брамкі — тры міліцыянты.

Перафразуючы клясыка, усе вернікі падобныя адзін да аднаго, кожны міліцыянт няшчасны па-свойму. Першы хацеў бы быць разам з усімі, бо яму проста халодна. Другі параўноўвае Калядную зорку са сваёй чацьвёртай, якую яму дадуць, калі ён не дапусьціць інцыдэнтаў на Раство. А трэці — каталік— ужо адзначыў Каляды і чакае з царквы каханую і ейную маці «няўхільную ў канфэсійным пытаньні», каб «першым і шчыра павіншаваць з Калядамі ў надзеі на лепшае...»

Хіба толькі міліцыянты ня ведаюць, што цуды ня зловіш праз мэталядэтэктар, балазе такія, як каханьне. А зорачкі на пагонах з’яўляюцца, зорачкі, якія часам ў народзе трапна называюць «зосрачкі».

РЫГОР СІТНІЦА. ОЙ ХАДЗЕМ ЖА МЫ...
«ДЗЕЯСЛОЎ» № 49, 2010

Ёсьць творы, якія клічуць і здольныя даклікаццца. У шэрагу іх і калядная паэма Рыгора Сітніцы «Ой хадзем жа мы...». Яна пра тых, хто «вырастаў на Калядах», а не на The Beatles. І гэта не таму, што славуты калектыў не даспадобы, а таму, што немагчыма жыць без свайго «паветра, вады, хлеба». Немагчыма жыць без Нараджэньня.

Рыгор Сітніца бачыць адно з абліччаў шчасьця ў вобразе вясёлай Каляды, ён бачыць Боскае ў твары бабулі Хрысьціны, да якой Бог прыходзіў у снах. А яна апавядала сны і сьпявала:

Ой хадзем жа мы, папрасем жа мы
Нам падковачку на дарожачку.
Сьвяты вечар.

Гэтая песьня гучыць праз усю калядную паэму. Гэтая песьня кліча да свайго.
«Ты вырастаў на Калядах, хоць, вядома, далёка-далёка ня толькі на іх.» Але яны бліжэй. Але яны цябе набліжаюць...
«Сьвяты вечар шчодрым лю-у-у.»
...На добрыя творы.

P.S. Дзе каза нагой —
Там жыта капой.
Дзе каза хвастом —
Там жыта кустом.
Дзе каза рогам —
Там жыта стогам.
Дзе каза бокам —
Тут жыцьцё (Беларусь) з Богам.