Горкі. Дом, у якім жыў Максім Гарэцкі, зьнясуць

Дом Гарэцкага

Дом, у якім жыў у Горках пісьменьнік Максім Гарэцкі, зьнясуць. Гэта вынікае з публікацыі ў раённай газэце «Горацкі весьнік». Дзяржаўнае выданьне спасылаецца на начальніка аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкаму Аляксандра Галавача. Чыноўнік заяўляе, што камісія, якая абсьледавала дом, выснавала, што ён падлягае зносу, бо знаходзіцца ў аварыйным стане й пагражае жыцьцю жыхароў.
Дом Гарэцкага месьціцца на тэрыторыі сельгасакадэміі. Тут плянуецца ладзіць сёлетнія «Дажынкі».

Публікацыя ў «раёнцы» зьявілася пасьля адкрытага звароту аб захаваньні дома Гарэцкага. Зварот склаў кандыдат гістарычных навук, дацэнт, былы выкладчык сельгасакадэміі Аляксандар Каданчык:

«Як заўсёды ў нас, усё зводзіцца да аднаго — няма грошай на рамонт. Нібыта дом мае падмурак слабы й можа абрынуцца. Мы ж не выступаем за тое, каб людзі ў тым доме засталіся жыць. Мы рады таму, што людзей адсяляюць, але навошта бурыць? Чаму раней не зрабілі музэй Гарэцкага ў гэтым доме — чаму не рамантавалі, каб захаваць яго? Камісіі ж тады прыяжджалі. Цяпер людзі прапануюць слушна зрабіць у кватэры, дзе жыў Гарэцкі, музэй, а ў астатніх разьмясьціць літаратурныя творчыя аб’яднаньні, якіх у Горках шмат. З Горкамі зьвязаны лёс іншых беларускіх пісьменьнікаў. На маёй памяці сюды прыяжджалі Алег Лойка, Ніл Гілевіч і шмат іншых. Вось і перарабіць аварыйны дом на літаратурны. Магчыма, райвыканкаму тут і цяжка змагацца, бо „Дажынкі“ — гэта ж мерапрыемства, якое плянуецца значна вышэйшым начальствам. Я гэта разумею, але не разумею самой пазыцыі райвыканкаму. Людзі, маўляў, ня супраць, давайце бурыць. Якраз людзі супраць. Яны кажуць, што дом трэба захаваць».

Аляксандар Галавач у гутарцы пра лёс дома Гарэцкага наўпрост адказу, ці будуць яго зносіць, ня даў. Толькі прызнаў, што будынак быў абсьледаваны спэцыялізаванай арганізацыяй:
Усё ўпіралася ў грашовыя пытаньні. А тут Бог дапамог — „Дажынкі“.

«З гэтага дому мы хацелі адсяліць людзей год пяць таму. Усё ўпіралася ў грашовыя пытаньні. А тут Бог дапамог — „Дажынкі“. Што далей з гэтым домам будуць рабіць, мы ня ведаем. Можа, там будуць рабіць музэй, альбо ён разваліцца і яго зьнясуць. На сёньня ён у аварыйным стане. Восем сем’яў там жыве. Гэты дом не зьяўляецца каштоўнасьцю Рэспублікі Беларусь. З боку акадэміі былі ў свой час прапановы ўнесьці яго ў сьпіс каштоўнасьцяў, але чамусьці ня ўнесьлі. У 2010 годзе апошняя прапанова была. А шыльда там вісіць, што ў свой час там жыў наш вялікі пісьменьнік».

Дом Гарэцкага — на заднім пляне.



Жыхары сьцьвярджаюць, што дом пачаў актыўна разбурацца пасьля таго, як яго абклалі цэглай. Раней ён быў драўляны і аздоблены разьбой.

Пра тое, што ў доме на вуліцы Агранамічнай, 3 жыў клясык беларускай літаратуры, кажа шыльда са сьціплым надпісам: «У гэтым доме з 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі». Максім Гарэцкі працаваў у сельгасакадэміі, адразу як вярнуўся ў Беларусь зь Літвы. Тут ён выкладаў беларускую мову й літаратуру. Пляніроўка кватэры, дзе Гарэцкі пражыў два гады, амаль не зьмянілася. На тэрыторыі акадэміі стаяць бюсты вядомых супрацоўнікаў, але бюсту пісьменьніка няма.

Якуб Колас бачыў дом Гарэцкага яшчэ бяз цэглы