Залатая дзясятка кніг 2011 году: Сяржук Вітушка. «Дзінь-дзілінь»

Сяржук Вітушка

Пры канцы сьнежня мы папрасілі людзей, якія любяць і чытаюць беларускія кніжкі ды сочаць за выдавецкімі навінкамі, скласьці свае прыватныя рэйтынгі найлепшага, што зьявілася з друку цягам мінулага году.
На нашу просьбу адгукнуліся літаратуразнаўцы і крытыкі, тыя, хто сам піша, і тыя, хто выдае напісанае, супрацоўнікі літаратурных музэяў, працаўнікі кнігарняў і прыватныя кнігараспаўсюднікі, школьныя выкладчыкі літаратуры і ўнівэрсытэцкія літаўтарытэты — усяго 22 чалавекі. Зь іхных дзясятак найлепшага і склаўся агульны сьпіс залатой кніжнай дзясяткі 2011 году. Пра кожную з кніжак, якія ў яе ўвайшлі, мы распавядзем у адмысловых выпусках праграмы «Дом літаратара». Пачнем зь пераможцы ў намінацыі «Дзіцячая літаратура», якім стала кніга казак Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь». Яна ж заняла і заключную пазыцыю ў агульнай, незалежна ад жанраў, «Залатой дзясятцы-2011».

Кнігу Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь», якая выйшла ў Менску ў прыватным выдавецтве Зьмітра Коласа, у сваіх рэйтынгах назвалі восем з дваццаці двух нашых экспэртаў. Паэт і галоўны рэдактар часопіса «Верасень» Эдуард Акулін паставіў яе на дзясятую пазыцыю, прадвызначыўшы гэткім чынам яе мейсца ў агульным рэйтынгу.

«Спадабалася, як аўтар умее зацікавіць менавіта маленькага чытача, таму што ў нас вельмі мала пішуць цяпер для дзяцей. Гэта вельмі цяжкі жанр — дзіцячая літаратура. Я хацеў падтрымаць менавіта Сяржука Вітушку. Таму што гэта чалавек зь няпростым жыцьцёвым лёсам, і тым ня менш ён здалеў, як кажуць, падабраць ключы да дзіцячых сэрцаў. Калі я чытаў гэтую кнігу, то сам сябе адчуваў маленькім-маленькім і нібыта адкрываў таямніцы сьвету. І я вельмі рады, што кніга Сяржука трапіла ў дзясятку найлепшых кніг 2011 году — ён таго заслугоўвае».

Супрацоўніца дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева кажа, што сваю дзясятку найлепшых кніг мінулага году яна абмяркоўвала з калегамі, і ў вызначэньні навінак для дзяцей іхныя меркаваньні супалі.

«Як для дзяцей, мне здаецца, гэтая кніга такая зразумелая. Для дзяцей хочацца нешта такое, каб з нашымі вытокамі было, і вельмі важнае мастацкае афармленьне яе. І ў цэлым сама гэтая кніжка вартая. Мы разглядалі ў ёй усё — і тое, пра што яна, як напісана, і з усім афармленьнем. І вырашылі, што гэта дзіцячая кніга, якую трэба ўзяць у рукі» .

Кнігавыдавец Генадзь Вінярскі ў сваім сьпісе паставіў творы Сяржука Вітушкі на пятае месца. Яму заімпанавала тое, што аўтар напісаў ня проста казкі, а прапанаваў чытачам прыдумляць свае вэрсіі вядомых сюжэтаў ці дадумваць іх канцоўкі.

«Ён напісаў ня проста казкі, а такія штукі, якія самому дадумваць трэба, у выніку чаго ў дзяцей разьвіваюцца творчыя здольнасьці, яны атрымліваюць мажлівасьць пафантазіраваць, а ня проста слухаць. Штосьці і навучальнае ёсьць у іх. І там героі ўсе свае, усё сваё, зь мясцовага матэрыялу зьлепленае. Кніга, можна сказаць, чыста наская».

Выкладчыца беларускай літаратуры Паліна Масьлянкова ў сваёй дзясятцы найлепшага назвала найбольш дзіцячых выданьняў. З асабістых прычынаў яна пільна адсочвае цяпер, што новага для маленькіх чытачоў зьяўляецца на паліцах кнігарняў.

«За апошнія некалькі месяцаў я скупіла амаль усю дзіцячую літаратуру, якую можна было знайсьці на паліцах нашых кнігарняў. І менавіта гэтая кніжка Сяржука Вітушкі вельмі сур’ёзна адрозьніваецца ад стандартных выданьняў народных казак тым, што гэта аўтарская кніжка. Яна напісаная на сюжэты казак да сьвятаў зь вельмі аўтарскім падыходам. І, канечне, што вельмі важна для дзіцячай літаратуры, яна вельмі прыгожа ілюстраваная малюнкамі Міхала Анемпадыстава. Гэта мяне і прывабіла і спакусіла паставіць гэтую кніжку ў дзясятку найлепшых за 2011 год.

Прыватны кнігараспаўсюднік Алесь Дудар у вызначэньні найлепшых дзіцячых кніг кіраваўся ня толькі ўласным густам, але і ацэнкамі сваёй дачкі, навучэнкі беларускай гімназіі. Зборнік казак Сержука Вітушкі яны разам з Марыляй паставілі на другую пазыцыю. Гэта найвышэйшая адзнака з усіх, якія атрымаў «Дзінь-дзілінь» у асабістых рэйтынгах. Цяпер спадар Дудар раіць усім сваім зацікаўленым пакупнікам набываць дзецям гэтую кнігу.

«Мая дачка ўпадабала гэтую кніжку, і на яе яна зрабіла даволі вялікае ўражаньне. Прыемнае. Таму я яе і паставіў на другое месца. Спачатку я прачытаў яе, а потым дачка і сама стала цікавіцца і цытаваць нават некаторыя вершыкі зь яе. Пра цмока там казка ёсьць — ёй яна ўпадабалася. Гэтую кнігу пакуль што я сам прапаноўваю людзям, таму што многія ня ведаюць проста пра яе. Падыходзяць і пытаюцца якія-небудзь казачкі для дзяцей, і я прапаноўваю гэтую. А яны паглядзяць-паглядзяць, ды некаторыя й купляюць. Там жа ж і каляровыя малюнкі, і бачна ж, што кніжка напісана цікава».

Адзін зь лідэраў беларускага моладзевага руху 80-х Сяржук Вітушка — аўтар шматлікіх артыкулаў, эсэ, вершаў. Пра тое, як і калі ён пачаў складаць казкі, аўтар сказаў:

«Пачалі сачыняцца гэтыя казкі яшчэ тады, калі дачка была малая. Гулялі зь ёй ці ў хаце, ці на вуліцы, і ўвесь час хацелася нешта гаварыць. І гэта ўсё прыдумлялася даўным-даўно, проста цяпер запісалася. Дапрацавалася нешта там, і да гэтага часу вяртаюся, перадумваю. Здаецца, і там нешта трэба было зьмяніць, і там трэба было трохі ня так напісаць. Ну, але ж закладзеная ў самой назьве формула — „Пара гуляць у казкі“. Так што калі нехта бачыць нейкую недасканаласьць, то ён мае права ўзяць і зрабіць лепей, расказаць свайму дзіцяці трошкі ня так, як я расказаў гэта. Так што вось такая задума была».

Аўтар ня проста прыдумляў казкі для сваёй дачкі, але браў вядомыя сюжэты беларускага фальклёру і клясычнай літаратуры ды прапаноўваў свае вэрсіі. Чым жа яго не задавальнялі дагэтулешнія народныя ды літаратурныя казкі? Як высьветлілася, задавальнялі, але...

«Задавальнялі, але мне здалося, што некаторыя казкі дайшлі да нас як бы ня цалкам. Калі іх перадавалі з вуснаў у вусны, нешта гублялася. Скажам, казка „Каток — залаты лабок, срэбнае вушка“, яна неяк раз — і абрываецца як бы на паўслове. Там нанізваецца адна прыгода, другая, трэцяя, а потым раз — і як бы нічым і не заканчваецца. Мне хацелася прыдумаць, можа, іншае заканчэньне казак, можа, каб яны загучалі больш сучасна. Да прыкладу, я браў традыцыйную казку, як герой змагаецца з цмокам, але нечакана атрымалася казка пра наш герб. Я калі пачынаў яе складаць, то ня думаў, што яна так скончыцца. Для мяне самога гэта было зьдзіўленьне, што яна атрымалася казачкай на Дзень Волі, пра Пагоню. Яна, дарэчы, задумвалася, яшчэ калі я працаваў у Літаратурным музэі Багдановіча, паказваў батлейку і зразумеў ужо тады, што калі хочам, каб батлейка жыла, то трэба пашыраць рэпэртуар. Ня толькі калядныя містэрыі паказваць, а трэба і на Купальле свая батлейка, і на Вялікдзень, і проста нейкія казкі, не прывязаныя да пэўнага каляндарнага сьвята. І вось тады я ўжо задумаў казку пра тое, як герой змагаецца з цмокам. І галоўная інтэнцыя — я ж гэтыя казкі трошкі перарабляў не таму, каб пасьцябацца ці сябе паказаць, а мне здавалася, што трэба здзьмуць пыл з таго золата, з таго срэбра, якое пацінай трошкі пакрылася, трэба сьцерці гэтую паціну зь вядомых твораў, каб яны заблішчалі па-новаму».
Трэба здзьмуць пыл з таго золата, з таго срэбра, якое пацінай трошкі пакрылася, трэба сьцерці гэтую паціну зь вядомых твораў, каб яны заблішчалі па-новаму...

У кнізе чатыры разьдзелы: «Казкі на розныя сьвяты», «Казкі — жывыя батлейкі», «Казачкі на Дзень Волі» і «Казкі-пагулянкі». У пасьлямове да іх аўтар напісаў, што насамрэч ніякія гэта ня казкі-выдумкі, а чыстая праўда. «Я доўгі час жыў ды працаваў у Вільні і Менску з ваколіцамі. І ўсе апісаныя мной імёны, адрасы, рэчы і падзеі адпавядаюць рэальнасьці. Так што сьмела бярыце гэтую кнігу як інструкцыю і рушце ў сапраўднае падарожжа». Але, як высьветлілася, і ў гэтых словах — ня ўсё праўда.

«Такая рэкамэндацыя чытачам датычная толькі разьдзелу „Казак-пагулянак“. Менскія ці віленскія казкі-пагулянкі сапраўды нараджаліся з рэальных вандровак».

А наколькі праўдзівая «Казачка пра цмока Базылішка» з гэтага разьдзелу, які нібыта рэальна жыў у Вільні і зь яек якога вылупяцца хутка новыя вялікія цмокі? І чаго чакаць нам ад іх? Аўтар тлумачыць цалкам сур’ёзна:

«Тое, што цмок Базылішак жыў у Вільні, — гэта дакладна. Ёсьць дзясяткі легендаў пра гэтае месца — вуліцу Бакшанскую, горку на ёй, унізе якой Віленка цячэ. І пра гэтае месца запісана многа-многа цікавых легендаў. Ёсьць твор Францішка Аляхновіча „Базылішак“. У ім мяне трошкі зачапіла тое, што самому Базылішку Аляхновіч ня даў слова. Ён сам маляваў гэтага цмока, што ў газэце „Гоман“ падавалася як самая галоўная атракцыя, самае галоўнае зьдзіўленьне, якое чакае гледачоў спэктаклю „Базылішак“. Але слова Базылішку ў ім не далі, і я вырашыў выправіць гэта. А як даў слова яму, то ён і атрымаўся такі, які атрымаўся. Пачытайце — і зразумееце, чаго ад яго чакаць».

Сяржук Вітушка працягвае складаць свае казкі. Яго натхняе інтарэс чытачоў да выдадзенае ўжо кнігі.

«Сачыняюцца ўжо „Піраміды“. Мне хочацца пісаць іх для людзей, хочацца гаварыць зь людзьмі. І я рады, што нехта звоніць мне з другога краю сьвету і кажа, што зубастыя казкі ў мяне атрымаліся. Дарэчы, гурт „Яваровы людзі“ з Канады прасіў у мяне дазволу паставіць там мае батлейкі. Так што яны хутка паставяць іх. Сачыце, яны будуць выстаўляць свае спэктаклі ў інтэрнэце».

А ў Беларусі хутка выйдзе дыск, на якім казкі Сяржука Вітушкі чытаюць вядомыя асобы.