У МУС Беларусі працягнулі праверку наконт прыгодаў «Femen» у Беларусі

Актывісткі «Femen» Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі працягнулі праверку па факце магчымага ўчыненьня злачынства ў адносінах да актывістак украінскага руху «Femen» у Беларусі 19–20 сьнежня. Дакладныя тэрміны праверкі не называюцца. Аднак, як адзначылі ў МУС, паводле заканадаўства яна ня можа доўжыцца больш за месяц.
Праверка праводзіцца з ініцыятывы беларускага міліцэйскага ведамства. 20 сьнежня, калі ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра знаходжаньне актывістак «Femen» у Ельскім раёне Гомельскай вобласьці і іх расповед пра тое, што адбылося, на месца выяжджала сьледча-апэратыўная група. Як паведамлялася раней, ні ад дзяўчат, ні ад пасольства Ўкраіны ў Беларусі ніякіх пісьмовых заяў ці зваротаў пра ўчыненьне злачынства ў Ельскі РАУС не паступала.

19 сьнежня ў Менску тры актывісткі «Femen» — Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава — агаліўшыся па пояс перад уваходам у будынак КДБ, на працягу некалькіх хвілін трымалі плякаты з надпісамі «Freedom to political prisoners» («Свабоду палітычным зьняволеным») і «Жыве Беларусь!» Гэты ж лёзунг, «Жыве Беларусь!», яны скандавалі. Акцыя была прымеркавана да гадавіны разгону апазыцыйнага мітынгу 19 сьнежня 2010 году, удзельнікі якога былі нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Сувязь з актывісткамі «Femen» прапала вечарам 19 сьнежня. Амаль праз суткі яны зьявіліся ў Ельскім раёне. Дзяўчаты расказалі, што невядомыя мужчыны затрымалі іх у Менску. Паводле дзяўчат, іх вывезьлі ў лес, дзе ім пагражалі, зьдзекаваліся зь іх, аблілі галовы зялёнкай, прымушалі распранацца дагала, трымаць плякаты з фашысцкай свастыкай. Усё гэта здымалася на відэакамэру.

Урэшце дзяўчаты апынуліся за паўтара кілямэтра ад украінскай мяжы. Яны выйшлі да вёскі Бекі, дзе зьвярнуліся да мясцовых жыхароў. Пасьля прыехала міліцыя і забрала іх у райаддзел.

Ноччу 21 сьнежня актывістак «Femen» перадалі ўкраінскім пагранічнікам на пункце пропуску «Новая Рудня». Ніякіх дакумэнтаў пра іх дэпартацыю пагранічнікі не складалі, паведамляе БелаПАН.