Радзіна: "Будзем працаваць яшчэ лепш"

На сайце charter97.org зьнішчаныя актуальныя публікацыі, выдаленыя матэрыялы архіву.

23.00. Сайт «Хартыя97» дагэтуль не працуе. Як паведаміла «Свабодзе» рэдактар Натальля Радзіна, кантроль над сайтам вернуты. Цяпер аднаўляецца архіў, узмацняюцца захады бясьпекі, праводзіцца расьсьледаваньне.


Радзіна: «На працягу многіх гадоў улады плянамерна спрабуюць зьнішчыць сайт «Хартыі97». Мы перажылі гібель заснавальніка сайту Алега Бябеніна, некалькі крымінальных спраў, ператрусы, канфіскацыі тэхнікі, журналісты прайшлі праз турмы, мне самой пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Паверце, мы перажывем і сёньняшнюю атаку, якой бы сур’ёзнай яна не была. І будзем працаваць яшчэ лепш. Спрацуе эфэкт бумэранга. І нехта з ААЦ ці з КДБ атрымае «па лбе».


20.40. Натальля Радзіна паведаміла, што на сайт Хартыі пачалася DOS-атака. «Выглядае, стаіць задача зьнішчыць сайт».

18.44 Працу сайта «Хартыі» адновяць з бэкапу

Як паведаміла Натальля Радзіна, сэрвэр не скампрамэтаваны і хібаў на самім сайце няма. Кібэрзлачынцы змаглі завалодаць паролем ад адміністрацыйнай часткі CMS і ўручную выдалілі частку архіва. Напад ажыцьцяўляўся з IP 199.255.209.76, 178.124.157.86 і іншых.

Верагодна, пароль атрымалася перахапіць з дапамогай «траяна», усталяванага на адным з кампутараў работнікаў сайту. Доступ да сайту зачынены і ў бліжэйшы час кантэнт будзе адноўлены з «бэкапу» (рэзэрвовай копіі). Пасьля чаго сайт запрацуе ў звычайным рэжыме.


Як паведаміла Радыё Свабода рэдактар сайту Натальля Радзіна, былі скрадзеныя паролі сайту, ідзе сьціраньне архіву, супрацоўнікі сайту спрабуюць гэта спыніць, але пакуль безвынікова. Па словах Радзінай, раней нічога падобнага ў дачыненьні да сайту не рабілася.

«Гэта беспрэцэдэнтная атака на сайт „Хартыі“. Узламаны сайт, сьціраюцца архівы, ставяцца фальшывыя матэрыялы. Відавочна, што гэта робяць „сьпяцы“ з КДБ. Ім не хапае блякаваньня ў дзяржустановах, яны ідуць на адкрытыя крымінальныя злачынствы: дос-напады і ўзлом сайта.

Спачатку быў пастаўлены матэрыял, да якога рэдакцыя ня мела ніякіх адносінаў, з абразамі ў адрас жонкі Андрэя Саньнікава, з хлусьлівымі словамі нібыта ад імя адваката Саньнікава, Марыны Кавалеўскай. Калі мы выдалілі гэты матэрыял і напісалі, што ўзламаны сайт, пачалі зьнішчаць паролі, — пачалося зьнішчэньне матэрыялаў сайту. Проста просьба да журналістаў — паведамляць, што да матэрыялаў, якія зьяўляюцца цяпер на сайце Хартыі, рэдакцыя ня мае ніякіх адносінаў.

Але мы адновім працу, а хтосьці рана ці позна сядзе за ўсё гэта за краты», — заявіла «Свабодзе» Натальля Радзіна.

Рэдакцыя «Хартыі’97» месьціцца ў Вільні. Натальля Радзіна атрымала ў Літве статус палітычнага уцекача.