Сабрана больш за палову сродкаў для Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі

Праваабаронцы сабралі больш за палову ад неабходнай сумы, вызначанай судом, для выплаты стратаў Алесем Бяляцкім.
Разам з квітанцыямі аб ахвяраваньнях, людзі з розных гарадоў Беларусі дасылаюць словы падтрымкі Алесю Бяляцкаму і ягонай жонцы Натальлі Пінчук.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У лістах і паштоўках — словы падзякі за дзейнасьць «Вясны» і яе старшыні. Беларусы зычаць Алесю Бяляцкаму хуткага вызваленьня, а ягонай сям’і і паплечнікам — трываласьці.

15 сьнежня беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясьцілі збор сродкаў для выплаты сумы, якую павінен заплаціць Алесь Бяляцкі па пастанове суду ў якасьці шкоды нанесенай злачынствам, у якім яго абвінавацілі.

А гэта 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў (каля 90 тысяч даляраў).

Гэтую суму важна ўнесьці да разгляду касацыйнай скаргі на прысуд Першамайскага раёну ў Менскім гарадзкім судзе. Унясеньне сумы паўплывае на рашэньне суда.

Між тым, як паведаміла БелаПАН праваабаронца Таццяна Равяка, дата разгляду касацыйнай скаргі Бяляцкага пакуль не вызначана.