Яраш Малішэўскі — пра найлепшыя літаратурныя малітвы

Яраш Малішэўскі

Малітва-просьба і малітва-падзяка, малітва-надзея і малітва-адхланьне, малітва-мілосьць і малітва-гімн... Іх шмат у беларускай літаратуры. Яраш Малішэўскі выбраў для каляднага чытаньня пяць найлепшых.

НАТАЛЬЛЯ АРСЕНЬНЕВА. МАЛІТВА. ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ.
Менск, «Беларускі кнігазбор», 2002.

І створаная «Малітва» чалавекам, што нарадзіўся і вялікую частку жыцьця жыў далёка ад Беларусі. І створаная яна на замову, але ж «Малітва», альбо «Магутны Божа» — адзін з тых твораў, якія ўжо колькі дзесяцігодзяў ёсьць гімнамі Беларусі, хай сабе й неафіцыйнымі. І дзе толькі яго, пакладзенага на музыку Міколам Равенскім, не сьпяваюць: і ў бажніцах, і на мітынгах-шэсьцях, і са сцэны музыкамі — «чорнасьпіскаўцамі» ды афіцыёзьнікамі. А ёсьць жа ўжо колькі гадоў і цэлы фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа»!

Арсеньневай удавалася ўсё, за што яна бралася — ад маршаў да інтымнай лірыкі, але «Малітва» сталася вяршыняю ейнай творчасьці. Візытоўкаю. Ейнай і нашай. Вусны, здаецца, самі пачынаюць варушыцца, як чуеш —

«...над Беларусяй ціхай і ветлай
рассып праменьне Свае хвалы».

І чаго тут болей — нацыянальнага гімну ці духоўнага сьпеву, ня гэтак і істотна. Просьба да Бога — просьба аб Беларусі. І гучыць з вуснаў:

«Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
краіну нашу і наш народ».
ЯНКА КУПАЛА. МАЯ МАЛІТВА. ПОЎНЫ ЗБОР ТВОРАЎ У 9 Т. Т. 3.

Менск, «Мастацкая літаратура», 2001.


Жанр малітвы ў купалавай паэзіі — асобная зьява. Дый што далёка хадзіць, бо як паэт, Янка Купала акурат з малітвы і пачынаў: ягоны першы друкаваны твор, польскамоўная «Modlitwa», распачала гэты шлях у 1903-м. І ў далейшым яны, малітвы, далёка не адпускалі. «Мая малітва», зварот да Бога і ягонага твору — сусьвету сталася творам праграмным для беларускай літаратуры, адной з падвалінаў, на якіх яна стаіць. За савецкім часам гэтая тэма ў творчасьці паэта надта ўжо муляла пільным цэнзарам, якія дадумляліся да таго, что Янка Купала быў зацятым атэістам, ды яшчэ гэтак хвацка тое абгрунтоўвалі. Але пішучы «Малітву» пра тое, што прыйдуць часы наагул — шатанскія, паэт яшчэ не здагадваўся пра нашы...

Купалавы творы лепей за ўсё сьведчаць пра тое, што было ў ягонай душы. Для беларуса ўсё вакол — сьвятое, бо створанае Богам . І просіць паэт для Беларусі. Бо й яна — сьвятая.
«Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Расьпетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ужо больш не шалелі над роднай зямлёй».
УЛАДЗІМЕР ЛІПСКІ. МАМА. МАЛІТВА СЫНА. ЖЫВІ СЁНЬНЯ.
Менск, МФКД, 2004.

«Вечны Божа! Недзе там, у тваім царстве, на высокіх нябёсах, жыве мая Мама. А я, крывінка яе, стаю каля зямнога пагорачка, і салёная раса мые мае вочы».

У гэтай кнізе — квінтэсэнцыя таго, што называецца і любоўю, і сям’ёй-радзінай, і наагул таго, што лепей вучыцца на чужых памылках, чым на сваіх. Лёсы ў людзей заўжды розныя, адныя гадуюцца ў бясьпецы і спакоі, жыцьцё іншых прамінае ў суцэльным экстрыме, але каштоўнасьці — вечныя, неўміручыя, заўжды застаюцца тымі самымі. І тое, якімі нас нарадзілі, якімі выхавалі нас мамы, тое, што ўклалі ў нас, стаецца тым, галоўным, што далей з намі па жыцьці, тое, што стварае гэтае самае жыцьцё. Слушнае ўсьведамленьне сьвету і сябе ў ім — усё гэта яны, мамы. І тое, што разумееш пасьля, калі становіцца ўжо позна штосьці зьмяніць...

Пакуль яшчэ ня позна, не забывайцеся, што ў вас ёсьць мамы.

«Мама! Ты ў сэрцы маім. Цяпер, і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін».

РЫГОР БАРАДУЛІН. МАЛІТВА НАСТУПНАСЬЦІ. РУНЫ ПЕРУНОВЫ.
Менск, «Радыёла-Плюс», 2006.

Малітва ў кожнага свая. Яна можа быць кананічнай, дзе кожнае слова ўжо стагодзьдзямі ўляжалася на сваім, здавён вызначаным месцы, а можа быць іншай, калі чалавек ня ведаючы нічога, сам складае зварот. І той можа стаць ня горшай малітвай. Адзін просіць для сябе, другі — для дзетак, трэці — для сваёй краіны. У кнізе «Руны Перуновы», дзе сама назва ёсьць ужо своеасаблівым ключом, паэт шмат разважае над тым, як жа наблізіцца да Бога. І гэтым самому сабе можна знайсьці калі не параду, дык сьцежку. А там — пачуюць. Галоўнае, каб шчыра было. А шчырасьці тут стае. І трагізму. Вось хаця б Чарнобыль... Тая самая Беларусь, дзе гэтак страшна «перагукваюцца Радыяцыя і Радаўніца». Дрыжыкі прабягаюць па скуры, калі чытаеш:

«Хай сьвеціцца імя Тваё,
Беларусь,
У стронцыі, цэзіі, ліціі!»

Здараецца, што застаецца толькі і маліцца за Беларусь, бо бываюць часы, калі бяз Бога ўжо і ня ўзьняцца.

«Маці Сумная!
Хмару радыеактыўную
Хусцінай ад Бога
Ты на самыя вочы насунула —
Ня чуеш, ня бачыш
Нічога».


Вершы з гэтай ды іншых кніг Барадуліна часта цытуюцца ў казанях сьвятарамі. Значыцца, на нябёсах іх чуюць.

ЛЕСЯ БЕЛАРУСКА. МАЛІТВА ДА КАЛЫМЫ. Лісты з «Эльгена».
Менск, «Лімарыюс», 2009.

Для многіх праўдзівым адкрыцьцём сталіся вершы таямнічай Лесі Беларускі, тады, у дзевяностых. І яны, і сама паэтка, што пісала іх на далёкай Калыме, уражвалі. І самой ёй цяпер ужо прысьвячалі вершы, песьні складалі, карціны малявалі. Здавалася, што вось яна — сястра Ларысы Геніюш. Ніхто тады і не здагадваўся, Але ж, як высьветлілася, усё гэта — містыфікацыя. Пра гэта прызналася Валянціна Коўтун, бо яна і сталася той, хто працягнуў легенду, распачатую яшчэ ўкраінскім паэтам Васілём Малагушам. Тыя самыя вершы, што ўсім здаваліся сапраўднымі, што «пераляталі цераз калючы дрот, завучваліся на памяць лягернікамі на далёкай Калыме». Зрэшты, як прызнавалася Коўтун, яна й сама верыла да апошняга, што Леся Беларуска існавала, нават ставячы страшныя месцы і даты — «Мылга», 1939, «Эльген» 1945, яна сама шчыра верыла, што іхны аўтар яна — Леся Беларуска. Верыла, ад ейнага імя ствараючы «паэтычны помнік усім вядомым і невядомым паэтэсам, што так і не змаглі данесьці свае галясы да айчыны...»

Кніга «Малітва да Калымы» канчаткова паставіла кропку ў гэтай гісторыі. Кніга, дзе прозьвішча аўтаркі не пакінула сумлеваў. Вось гэтак і завяршылася гэтая беларуская літаратурная містыфікацыя. Можна шкадаваць, што легенда разбурылася, можна меркаваць, што трэ было б пакінуць яе. Але так ці іначай Валянціна Коўтун стварыла той самы помнік беларускам, што ўсё ж вярнуліся на Радзіму — на старонках кнігі.