Бабруйск. Штрафы за ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсій

Бабруйскія актывісты Марыя Іванова, Дзьмітры Тоўсьцік, Алена Тоўсьцік, Арцём Мархасёў.

22 сьнежня Бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў несанкцыянаваным шэсьці Алену й Дзьмітрыя Тоўсьцікаў, Арцёма Мархасёва ды Марыю Іванову.
Судзьдзя Тацяна Тарабуева пакарала кожнага штрафам у памеры дваццаці базавых велічынь — гэта сямсот тысячаў рублёў. Паводле выраку актывісты 2 лістапада ўдзельнічалі ў шэсьці, чым выказвалі свае палітычныя погляды.

Вырак актывісты называюць несправядлівым і будуць яго абскарджваць у Магілёўскім абласным судзе.

Мархасёў: «Судзьдзя не ўлічыла ані хадайніцтва праваслаўнай эпархіі, ані сьведчаньня сьвятара айца Аляксандра Палуянава, які казаў, што наш учынак быў богадагодным. У пастанове запісалі, што мы сабраліся ў загадзя вызначаным месцы. Мы гэта таксама аспрэчвалі, бо ў інтэрнэце быў заклік сабрацца на 19:10, а нас затрымалі за паўгадзіны да гэтага часу. Нас асудзілі, я лічу, толькі таму, што трэба было апраўдаць наша затрыманьне. Міліцыянты нас затрымалі, бо палічылі, што адбываецца нейкае палітычнае мерапрыемства. Мы ж зьбіраліся толькі ўшанаваць памяць рэпрэсаваных».

На працэсе ў якасьці экспэрта выступіў настаяцель Сьвята-Мікалаеўскага праваслаўнага сабора Аляксандар Палуянаў. На тым, каб у суд прыйшоў сьвятар, настаялі абвінавачаныя. Акрамя таго, бабруйская праваслаўная эпархія зьвярнулася да суду з хадайніцтвам, каб судзьдзя ўлічыла тое, што маладых людзей затрымалі ля царквы са сьвечкамі на Дзяды. У звароце адзначалася, што сярод сотняў рэпрэсаваных ёсьць і сьвятары, якіх далучылі да ліку сьвятых для ўсенароднага царкоўнага шанаваньня. Эпархія прасіла судзьдзю падыйсьці да разгляду справы надзвычай далікатна.

Сьведкамі абвінавачваньня былі міліцыянты, якія затрымлівалі актывістаў. Іх тлумачэньні і сталі падставай для выраку.

Актывістаў затрымалі 2 лістапада са сьвечкамі ў руках, калі яны зьбіраліся зь імі прайсьці на плошчу Перамогі да памятнага знаку ахвярам рэпрэсіяў. Актывістаў гвалтам зацягнулі ў службовую міліцэйскую машыну й адвезьлі ў пастарунак. Пазьней на іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.