Жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук працягвае спробы атрымаць дазвол на сустрэчу мужа зь ягоным цяжкахворым бацькам, які, паводле дактароў, у любы момант можа пайсьці з жыцьця.
Гэтым Натальля Пінчук займаецца з панядзелка, 19 сьнежня, але пакуль марна. Хаця ў Першамайскім судзе Менска далі дазвол на сустрэчу, але ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС ня вырашылі пытаньне аб канваіраваньні Алеся Бяляцкага з Жодзінскага сьледчага ізалятара да хворага бацькі ў Менск.
Натальля Пінчук: «У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў мне назвалі імя супрацоўніка, які нібыта адказвае за арганізацыю канваіраваньня вязьняў на сустрэчу са сваякамі ў падобных выпадках. Гэта Васіль Рабчон. Але самога яго ў ДВП не аказалася, а тэлефон ягоны не даюць. Я пакінула ў дэпартамэнце свае кантакты і чакаю званку ад гэтага чалавека. Таксама сёньня мой адвакат пакінула заяву на канваіраваньне і сустрэлася з выканальнікам абавязкаў начальніка Дэпартамэнту Сяргеем Працэнкам. Той працягвае казаць, што дазволу, які выдаў суд, недастаткова для арганізацыі спатканьня і нічога пэўнага не абяцае. Сытуацыя тупіковая. Нас штурхаюць па замкнёным коле і ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць. Я ўжо не выключаю, што спатканьня не дазволяць ня толькі зараз, пакуль бацька Алеся яшчэ жывы, але могуць не адпусьціць Алеся і потым, калі здарыцца горшае».
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 году зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў нясплаце падаткаў зь вялікіх прыбыткаў. Алесь Бяляцкі сваёй віны ў судзе не прызнаў. Паводле праваабаронцы, грошы, якія прыходзілі з-за мяжы на ягоны рахунак, ішлі на дапамогу рэпрэсаваным. З 4 жніўня Алеся Бяляцкага трымаюць за кратамі.
19 сьнежня да бацькі праваабаронцы выклікалі хуткую дапамогу, лекары не выключаюць, што хвароба Віктара Бяляцкага неўзабаве можа прывесьці да сьмерці.