19 сьнежня 2010 году ў акцыі пратэсту ў Менску бралі ўдзел многія дэмакратычныя актывісты з рэгіёнаў. Сотні іх прайшлі праз арышты і ператрусы, зьведалі адміністрацыйны перасьлед. Некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь, а большасьць з тых, хто застаўся, улады да сёньняшняга дня пазбаўляюць права на працу і вучобу. Пра тое, як на працягу мінулага году склаўся лёс удзельнікаў Плошчы, расказваюць карэспандэнты «Свабоды».
Вераніка Сташулёнак
Студэнтка БДУ Вераніка Сташулёнак, жыхарка райцэнтра Мёры не шкадуе, што разам зь сябрамі выйшла летась на Плошчу.
Першае пытаньне да Веранікі: ці няма сёньня сумневу наконт удзелу год таму ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году?
«Мы слушна зрабілі, што ўдзельнічалі ў той Плошчы, вось! Цяпер ня сорамна!»
Пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага году Вераніка атрымала штраф памерам 1 мільён 50 тысяч рублёў. Аднакурсьнікі і выкладчыкі БДУ дапамаглі сабраць тыя грошы. Дзяўчына сёлета заканчвае філялягічны факультэт. Кажа, што пайшла б на плошчу і ў гэтым годзе, але мусіць засьцерагацца: сёлета яна выйшла замуж, чакае дзіця.
Муж Веранікі, Андрэй Лугін, таксама быў летась удзельнікам Плошчы. Толькі яму пашэнціла менш — ён атрымаў 10 сутак арышту, і з унівэрсітэту яго адлічылі, працягвае Вераніка:
«Ён вучыўся ва ўнівэрсітэце імя Максіма Танка. І калі яму далі 10 сутак, у яго якраз пачыналася сэсія. Яму потым нібыта дазволілі яе пераздаваць, але „завалілі“ на адным іспыце. Вось і ўсё!»
Уладзімер Яроменак
У верасьні актывіст быў пакараны арыштам на 12 сутак за нацыянальны сьцяг, вывешаны ў цэнтры Менску. Сёлета 19 сьнежня яго затрымалі каля Чырвонага касьцёлу, дзе адбывалася акцыя салідарнасьці і малітва за палітвязьняў. 20 сьнежня Кастрычніцкі райсуд у Менску прысудзіў хлопцу яшчэ 15 сутак арышту. Гэты Новы год, як і мінулы, Уладзімер Яроменак вымушаны сустракаць за кратамі.
Уладзімер Лобан
Цяпер Уладзімер жыве ў Менску, бо ў Верхнядзьвінску вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Зрэшты, у Менску таксама пакуль не ўдаецца знайсьці нешта вартае, але спадар Лобан не губляе надзеі, і пра тое, што давялося зьведаць турэмнага досьведу, не шкадуе:
«Канечне, без яго я абышоўся б! Але ж любы досьвед — ён карысны. Я лічу сябе грамадзянінам сваёй краіны, і лічу сваім абавязкам змагацца зь несправядлівасьцю і беззаконьнем. З гэтым трэба змагацца, таму што нельга так жыць. Так жыць нельга! Вось і ўсё».
Янка Лялевіч
Янка Лялевіч успамінае пра свой арышт на Акрэсьціна:
«Мяне пакаралі 10-дзённым арыштам і я лічу, што 19-га была найбольш яскравая палітычная падзея апошніх дзесяці гадоў. Беларусы выйшлі на плошчу і даказалі тое, што яны заслугоўваюць свабоды. Гісторыю, як вядома, робяць ня ўсе дзесяць мільёнаў беларусаў, а найбольш знакавыя асобы. А я лічу, што на плошчы сабраўся істотны працэнт, нягледзячы на тое, што не было кіраўніцтва. Акцыі „Стоп-бэнзын“, маўклівыя акцыі — яны ў значнай ступені былі выкліканыя падзеямі 19 сьнежня».
Перад адной з маўклівых акцыяў у Горадні Янку Лялевіча затрымалі. Суд зьбіраўся двойчы, але не знайшоў у ягоных дзеяньнях правапарушэньня.
«У мяне маці загінула, я цяпер на „хіміі“, вось так маё жыцьцё перакулілася. Я быццам бы вінаваты, што дапусьціў перакульваньне машыны ў кювет, у выніку якога, пасьля некалькіх дзён у шпіталі, памерла мая мама. Я за рулём быў. Паўтары гады „хіміі“ і пазбаўленьне на пяць гадоў правоў».
Сёньня Янка Лялевіч жыве ў Горадні ў спэцінтэрнаце на вуліцы Лідзкай, працуе грузчыкам у краме. Ён кажа, што да суду ў прэсе было інтэрвію пракурора вобласьці:
«Дзе ён чорным па белым сказаў: вось ён, такі-сякі, пасьля аварыі яшчэ ўдзельнічаў у маўклівых акцыях. Хаця я ў акцыях ня ўдзельнічаў.
Гарадзенскі раённы суд вырашыў, што віна Янкі Лялевіча ў тым, што ён перавысіў хуткасьць:
«Гэта была ў іх адзіная зачэпка, паводле якой мяне асудзілі. Самае страшнае ня „хімія“, а што маці больш няма, гэта самае балючае».