Год пасьля Плошчы: лёсы ўдзельнікаў пратэстаў

Пра тое, як на працягу мінулага году склаўся лёс удзельнікаў Плошчы.
19 сьнежня 2010 году ў акцыі пратэсту ў Менску бралі ўдзел многія дэмакратычныя актывісты з рэгіёнаў. Сотні іх прайшлі праз арышты і ператрусы, зьведалі адміністрацыйны перасьлед. Некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь, а большасьць з тых, хто застаўся, улады да сёньня пазбаўляюць права на працу і вучобу.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Гомельскую журналістку Тацяну Бублікаву спэцназ схапіў непасрэдна на плошчы Незалежнасьці. 10 сутак яна правяла за кратамі ў сьледчым ізалятары Менскага раёну.

Тацяна Бублікава нагадвае:

«Людзі выходзілі, бо немагчыма было ня выйсьці, немагчыма было сядзець дома ў гэты дзень. Пасьля таго, як патрапіла ў турму на 10 сутак, я пазнаёмілася там з такімі шчырымі людзьмі, з такімі моцнымі перакананьнямі, такімі чыстымі памкненьнямі... У сэнсе думак пра тое, як мусіць быць у нашай краіне, хто мусіць быць у нашай краіне і чаго ня мусіць быць. Нездарма людзі павыходзілі, нездарма стаялі й нездарма пацярпелі. У нейкім сэнсе гэта гераізм».

«Я пачала верыць у свой народ...»

Спадарыня Тацяна кажа, што Плошча зрабіла на яе два велічэзныя ўражаньні — пазытыўнае й нэгатыўнае:

«Пазытыўнае — гэта тое, што нашы людзі могуць сабрацца ў вялікай колькасьці
Столькі крыві, гвалту і проста злых твараў з адсутнасьцю думкі я нідзе ня бачыла ...

і рэальна паспрабаваць адстаяць сваё меркаваньне, свой выбар. Так была я ўзрушана, калі зьезьдзіла ў Кіеў на памаранчавую рэвалюцыю. Гэта рэчы аднаго парадку. Я думала, што гэта ў нас немагчыма, што ў нас людзі не такія. Я пачала верыць у свой народ. А другое — я перастала верыць міліцыі. Паверыла ў народ і перастала верыць міліцыі. Столькі крыві, гвалту і проста злых твараў з адсутнасьцю думкі я нідзе ня бачыла».

За год, які мінуў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Тацяна Бублікава пераехала на сталае жыхарства ў Менск і зараз працуе на тэлеканал «Белсат».

Як сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў яна адстойвае права на фрылансэрскую дзейнасьць з тым, каб надаць гэтай дзейнасьці легальную аснову.

Перад Новым годам просіць у Дзеда Мароза здзяйснення толькі адной запаветнай мары:

«Каб нашы ўлады, нашае міністэрства замежных спраў усё-ткі акрэдытавала мой любімы канал, на які я працую, — „Белсат“. Якія ёсьць прычыны дзеля таго, каб штучна рабіць перашкоды для акрэдытацыі, мне ўжо цяжка й прыдумаць».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Слонімскія актывісты Барыс Кучынскі і Іван Бедка, якія на Плошчы былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак арышту, і сёньня не шкадуюць, што бралі ўдзел у тых падзеях.

Барыс Кучынскі, згадваючы падзеі 19 сьнежня, са шкадаваньнем кажа, што ніхто тады ня здолеў наладзіць добрую ахову, каб акцыю так брутальна не разагналі. Ён распавядае, што пакараньне даводзілася адбываць у жудасных умовах і ратавала тое, што побач у засьценках зь ім былі сапраўдныя людзі, прычым, як маладога, так і сталага веку.

Спадар Кучынскі ўзгадвае, як яго сустракалі родныя і сябры: у сям’і вельмі напалохаліся, а большасьць сяброў спачувалі і нават казалі, што ганарацца ягоным учынкам. А яшчэ ў памяць урэзалася тое, як па вяртаньні зь Менску яго адразу пачалі выклікаць у КДБ.

«Старшыня КДБ назваў мяне бандытам...»

Кучынскі: «Забралі тэлефон у мяне, старшыня КДБ назваў мяне бандытам, а потым пачалі чытаць нейкія законы, прымусілі падпісацца, што я болей ня буду парушаць заканадаўства, дапытвалі, як там было на Плошчы, але я адказаў, што ўсе паказаньні ўжо даў раней».

Спадар Кучынскі кажа, што за апошні год ягоная грамадзкая пазыцыя не зьмянілася, нягледзячы на пэнсійны век, ён працягвае актыўную палітычную дзейнасьць, запісаўся ў шэрагі партыі БХД, браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе партыі, бо лічыць што надалей трэба змагацца зь існуючым рэжымам.

Іван Бедка

Іван Бедка, таксама актывіст са Слоніма, пасьля падзеяў на Плошчы адбыў 15 сутак і зараз кажа, што ня вельмі хочацца ўзгадваць пра вязьніцу, але ён бадзёра кажа, што і зараз не шкадуе пра свой удзел у падзеях на Плошчы.

Іван Бедка: «Сваю палітычную актыўнасьць я не перапыняў»

Іван Бедка ў пэнсійным веку, распавядае, што па вяртаньні зь Менску адчуў разуменьне з боку родных і сяброў. За гэты год палітычную дзейнасьць не перапыняў, удзельнічаў у арганізацыі Народнага сходу, быў пакараны штрафам.

Ён лічыў і лічыць, што ўсе, хто тады прыйшоў на Плошчу, зрабілі правільны ўчынак і сьвет пабачыў стаўленьне беларусаў да лукашэнкаўскіх выбараў.

Бедка: «Лічу, што трэба было абавязкова выказаць сваё стаўленьне да гэтых выбараў, паколькі фактычна выбараў у нас ніякіх не было, а звыкла прафанацыя. Так што беларусы павінны былі выказацца, і да тых, хто гэта зрабіў, я стаўлюся з вялікай павагай».