ЗША і ЭЗ ў гадавіну Плошчы: вызваліце і рэабілітуйце палітвязьняў

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Кэтрын Эштан выступілі з супольнай заявай па Беларусі.
У заяве гаворыцца:

“Сёньня мы прыгадваем гадавіну пачатку жорсткіх рэпрэсіяў беларускіх уладаў супраць грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. На працягу апошніх 12 месяцаў беларускія ўлады арыштоўваюць мірных дэманстрантаў, здушаюць негвалтоўныя пратэсты і прымушаюць замаўчаць незалежныя галасы.

За гэты час таксам паступалі вартыя даверу паведамленьні аб зьняважлівым і бесчалавечным абыходжаньні з палітвязьнямі. Некаторыя зь іх былі вызваленыя, аднак мы паўтараем наш заклік аб неадкладным вызваленьні і рэабілітацыі ўсіх палітзьняволеных, улучна з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым і Мікалаем Статкевічам, а таксама праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Мы таксама выказваем глыбокую занепакоенасьць новымі законамі, якія яшчэ больш абмяжуюць фундамэнтальныя правы грамадзянаў - свабоду сходаў, асацыяцыяў і выказваньняў - і будуць скіраваныя на тое, каб не дапусьціць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці.

Мы паўтараем, што ўмовай паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў Беларусі са Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам будзе прагрэс у справе выкананьня беларускімі ўладамі сваіх абавязаньняў у рамках АБСЭ і павага да фундамэнтальных правоў чалавека, улады закону і дэмакратычных прынцыпаў. Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз надалей гатовыя дапамагаць Беларусі ў спробах выканаць гэтыя абавязаньні”.