ААН патрабуе не выконваць сьмяротны прысуд тэрарыстам

Камітэт ААН у правах чалавека накіраваў на адрас Беларусі ноту з патрабаваньнем адкласьці выкананьне сьмяротнага прысуду Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, якія прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня за тэракт у менскім мэтро.
Раней Любоў Кавалёва, маці асуджанага да расстрэлу Ўладзіслава Кавалёва накіравала ў ААН індывідуальнае паведамленьне аб парушэньні права на жыцьцё і права на справядлівы суд.

Уладзіслаў Кавалёў падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Дзьмітры Канавалаў такога прашэньня не падаваў. Паводле закону, асобы, прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня, могуць зьвярнуцца з хадайніцтвам аб памілаваньні да прэзыдэнта на працягу 10 сутак зь дня ўручэньня ім копіі прысуду. Копіі ім былі ўручаныя 6 сьнежня.

25-гадовыя Дзмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў былі асуджаныя на сьмерць 30 лістапада 2011 па абвінавачваньні ў арганізацыі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011. Сьмяротны прысуд быў абвешчаны першым намесьнікам старшыні Вярхоўнага Суду Аляксандрам Федарцовым пасьля двух з паловай месяцаў суду, які пачаўся 15 верасьня 2011.