Празь якія выпрабаваньні павінен прайсьці пісьменьнік, каб канчаткова і незваротна вытрымаць іспыт перад вечнасьцю?
Літаратурная дыскусія Свабоды:
• Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
• Альгерд Бахарэвіч. Цёмнае мінулае Каяна Лупакі
• Рыгор Сітніца: «Нацыянальнае хунвэйбінства трэба спыняць»
• Ян Максімюк. Цёмная камора белліту
• Барыс Пятровіч: Люблю чытаць Бахарэвіча
Агонь, ваду і медныя трубы – адкажаце вы. І што тут дадаць, калі ў гэтай біблейскай трыядзе насамрэч зашыфравана ўсё тое, што звычайна чакае творцу на калдобістай жыцьцёвай дарозе. З трох пералічаных выпрабаваньняў найцяжэйшым лічацца медныя трубы – той хвалебны фіміям, ад якога шмат у каго закружылася галава, а сёй-той учадзеў ды перастаў адэкватна ўспрымаць сьвет.
Але ёсьць яшчэ адно выпрабаваньне, дадатковае, вытрымаць якое пісьменьніку таксама ня проста. А магчыма, яно і найскладанейшае, бо – пасьмяротнае. Праходзячы першыя тры, пісьменьнік сам ці праз кагосьці можа паўплываць на сытуацыю, а вось пераадоленьне чацьвёртага ад яго цалкам не залежыць. Чацьвёртае выпрабаваньне – гэта поўны збор твораў. Калі ўдумацца, то ў гэтым ёсьць нешта помсьлівае. Гэткая сабе помста няўдзячных нашчадкаў. Ах, цябе пры жыцьці ўзьвялічылі, табе помнікі скрозь паставілі? Зараз мы цябе трохі апусьцім. Поўны збор твораў – адзін са спосабаў апусьціць. Бо за жыцьцё ня скажа нічога лішняга толькі нямы.
У гісторыі беларускай літаратуры пад падобную экзэкуцыю падпалі пакуль толькі чацьвёра – Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і Максім Танк. Поўныя зборы твораў першых двух, куды ўвайшлі нават дарчыя надпісы на фатаздымках, ужо выйшлі, для двух апошніх гэты малапрыемны працэс яшчэ не закончыўся. Поўнымі зборамі твораў ганаруюцца (караюцца?) толькі вялікія. А зь вялікіх і спыт асаблівы. Вось і шаноўны Ян Максімюк у сваёй публікацыі на сайце Радыё Свабода «Цёмная камора белліту» вырашыў зрэвізаваць Поўны збор твораў Янкі Купалы ў 10 кнігах. І выбраў для рэвізіі самы змрочны пяты том, які склалі вершы і паэмы паэта за дванаццаць апошніх гадоў – з 1930 па 1942 год. Менавіта ў ім зьмешчаныя, па вызначэньні Максімюка, «драўляныя вершы пра хлопчыкаў і лётчыкаў ды тапельцаў у Вісьле». А таксама паэма «Над ракой Арэсай», названая маім апанэнтам «гідотай». Ян Максімюк вывучаў гэты твор у вясковай школе на Падляшшы і да гэтай пары гідзіцца, я – у Дзярэчынскай СШ на Гарадзеншчыне, але ні тады, ні цяпер ня гіджуся. «Крумкач глюгу зьвесіў / над згніўшай калодай, / прысьніла Палесьсе / мінулыя годы», – з чаго ж тут гідзіцца?
Майго дзеда-хутаранца бізунамі (літаральна!) заганялі ў калгас, праўда, прапаноўвалі і альтэрнатыву – Калыму. Таму зьмест паэмы да мяне вельмі добра даходзіў, як і зьмест «Людзей на балоце» Івана Мележа. Ці існавалі калгасы на замежным Падляшшы? Ян Максімюк прызнаецца, што – не, і падзеі, апісаныя ў паэме «Над ракой Арэсай» успрымаліся ім ня дужа ўцямна, як рэаліі жыцьця на Марсе. Дык адкуль гэткая катэгарычнасьць («гідота»!) адносна «іншаплянэтных» рэаліяў?
Я таксама не лічу згаданую паэму шэдэўрам. «Над ракой Арэсай» я б ніколі не ўключыў у выбранае Купалы, ёй месца – толькі ў ПЗТ. Але савецкая сыстэма адукацыі акурат і базавалася на падобных творах. Яна мела на мэце дыскрэдытаваць нацыянальную літаратуру, каб вучні як мага хутчэй адчулі сябе часткай адзінай гістарычнай супольнасьці – савецкага народу. Але ці ж варта твор Купалы, хай сабе і няўдалы, называць гідотай? Увогуле мяне зьдзіўляе, зь якой лёгкасьцю і безапэляцыйнасьцю Ян Максімюк выносіць свае прысуды. Ну, напрыклад: «Купалу зламалі ня толькі як паэта і як сымбаль нацыянальнага духу, але і зрабілі апалягетам сыстэмы, якая ў сваіх мэтастазах трывае ў Беларусі і па сёньняшні дзень».
Па-першае, некарэктна параўноўваць сталінізм і лукашызм. Гэта ўсё ж не з аднаго поля ягады. Па-другое, калі б Купала быў апалягетам сталінскай сыстэмы, яго не цягалі б на начныя допыты ў ГПУ, ён не рабіў бы сабе гаракіры, а яго кнігу «Творы» ў 1930-м не парэзалі б на макулятуру. Урэшце, у 1942 годзе таварыш Айзік Кучар не напісаў бы санкцыяваны зьверху хлусьлівы данос у адпаведныя інстанцыі, што фашысты ў акупаваным Менску назвалі вуліцу імем Купалы, пасьля чаго паэта скінулі ў лесьвічны пралёт гасьцініцы «Масква» (была ж прычына!). Са сваімі апалягетамі сыстэма так не абыходзілася.
Прызнаюся, мяне проста шакуюць сваёй паказной бравадай «парады» Яна Максімюка Купалу: мог жа дзеля ўратаваньня свайго імя падацца ў эміграцыю, «мог сказаць бальшавікам «не» і ўпасьці ў дол у Курапатах», «мог бы напісаць нешта, што прасьлізнула б празь сетку бальшавіцкай цэнзуры і засталося б нам у спадчыну як сымбаль нескаронасьці духу перад дулам пісталета». А хіба перадсьмяротны ліст Купалы ня ёсьць гэтае «нешта»? «Уміраю, прымаючы тое, што лепей сьмерць фізычная, чымся незаслужаная сьмерць палітычная. Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога…». Ці многа ў сусьветнай літаратуры падобных дакумэнтаў? Якіх жа яшчэ «сымбаляў нескаронасьці» нам трэба?
У свой час, агледзеўшы экспазыцыю Купалаўскага музэю, у сутнасьці сваёй – ардэнаносна-савецкую, я напісаў верш, у якім былі такія радкі:
Вось Купалу машына вязе,
Вось Купала заняты гаворкаю.
Вось Купала стаіць у чарзе –
Не па хлеб, па аўтограф да Горкага.
Вось Купала ў прэзыдыўме зноў ж
Разам зь іншымі дбае аб міры…
Пакладзіце ля ордэна нож,
Што зрабіў песьняру гаракіры!..
Нож поруч з ордэнам у экспазыцыю і сёньня не паклалі. Як не паклалі і перадсьмяротны ліст паэта на імя старшыні ЦВК Аляксандра Чарвякова. А каб паклалі? Як гэтыя экспанаты ўжываліся б з ордэнам Леніна? Нешта давялося б прыбраць. Я прыбраў бы ордэн...
Ці выратавала б Купалу эміграцыя? Сумняваюся. Вось жа Ларысу Геніюш і эміграцыя не ўратавала. З другога боку, як тая эміграцыя мусіла выглядаць? Купала на ўласным «шаўрале» пад’яжджае да «Негарэльскае аркі», яму казыраюць памежнікі, а начальнік пагранзаставы становіцца на зважай? Такую карціну ўявіць немагчыма, можна толькі напісаць – «маслом». Посным. Бо іншым ніяк не атрымліваецца.
Што да знакамітага «шаўрале», якое часам таксама выступае ў якасьці аргумэнту… Аднойчы ў Ляўках, пабачыўшы лецішча Купалы і гараж з тым самым аўто, я пацікавіўся ў музэйнага наглядчыка: а што гэта за дамок проста перад ганкам паэта? А ў ім жыў Купалаў шафёр – патлумачыў наглядчык… А цяпер давайце пачытаем ліст Купалы да сябра Б. Емяльлянава, пісаны 8 траўня 1942 году ў Пячышчах пад Казаньню: «Шафёр Яртымік у мяне больш не працуе, пачаў хаміць – ажно да асабістых абразаў». Ці магчыма ўявіць сабе звычайнага шафёра, які абражае таго, каго возіць – па даручэньні ўраду? Немагчыма. Значыць, шафёр, які меў дамок-вартоўню пры паэтавым лецішчы, быў не зусім звычайны. Да забойства Купалы заставалася менш за два месяцы, пра тое таварыш Яртымік ведаў, вось і «адвязаўся». Старэйшыя пісьменьнікі прыгадвалі: калі той шафёр памёр, дык хавалі яго з ротай ганаровай варты. Купалу так не хавалі. Так што тое разрэклямаванае «шаўрале» было насамрэч «чорным воранам», які і прывёз урэшце Купалу да пагібелі.
Аўто, дарэчы, нядаўна выстаўлялі пры музэі на ўсенародны паказ. Цэлы натоўп вакол сабраўся, карэспандэнту БТ было дазволена залезьці ў кабіну. Вось на што агідна было глядзець. Якая там рака Арэса… «А па рэчцы па Арэсе / бегае маторка, / стары човен, як карыта, / пазірае горка». Эх, каб сеў Купала ў тую маторку, ды па Арэсе – у Прыпяць, а па Прыпяці – у Буг, а па Бугу – у Віслу, па якой плаваў тапелец, а па Вісьле – яшчэ куды далей і далей… Натальля Арсеньнева заплыла ажно за Атлянтычны акіян, у ЗША. І што – уратавала імя? «Люблю цябе, Сталін, і я невымоўна», – гучыць аднекуль, мабыць, зь «цёмнай каморы белліту», яе даваенны верш.
А сьледам, з гэткай жа цёмнай каморы, гучаць радкі Ганны Ахматавай: «И благодарного народа / Вождь слышит голос: «Мы пришли / сказать, – где Сталин, там свобода, / мир и величие земли».
А сьледам «цёмная камора» азываецца голасам Восіпа Мандэльштама: «И на земле, что избежит тленья, / будет будить разум и жизнь Сталин».
А сьледам ужо чуваць цэлы хор прасталінскай паэтычнай патэтыкі – Мікалай Забалоцкі, Барыс Пастарнак, Яраслаў Сайфэрт, Пабла Нэруда… Ахматава, каб уратаваць з Гулагу сына, напісала і надрукавала цэлы зборнік прасавецкіх вершаў зь вельмі вымоўнай назвай «Слава міру». Народнаму паэту Беларусі Янку Купалу таксама было што і каго ратаваць, і ён выдатна ведаў, чым можа абярнуцца ягонае непадпарадкаваньне, ягоны бунт.
Чаму ж сёньня ў Расеі не пабіваюць камянямі тую ж Ахматаву, а захапляюцца яе «Рэквіемам»? Чаму там не прывязваюць да ганебнага слупа Мандальштама, Забалоцкага і Пастарнака? Чаму ў Беларусі стала ледзь ня модным зьвінавачваць Купалу ў «здрадзе літаратуры», называць яго Каянам Лупакам ды папікаць савецкім ордэнам, лецішчам і пэрсанальным «шаўрале»?
«Як чалавека, Купалу можна і трэба апраўдваць. Як прароку і паэту, яму няма дараваньня», – з уласьцівай яму катэгарычнасьцю заяўляе Ян Максімюк. Рыхтык пракурор на судзе. Усім крытыкам з пракурорскімі замашкамі я мог бы назваць дзясятак-другі геніяльных твораў Купалы, пачынаючы з паэмы «Курган», якой адной хопіць для любога апраўданьня, але замест гэтага нагадаю адну старазапаветную прыпавесьць. Хам, сын Ноя, пабачыў на сьпячым пасьля выпіўкі бацьку непрыкрыты сорам і пачаў пад’юджваць братоў Сіма і Яфета на зьдзек са старога. Але тыя далікатна паправілі бацькава адзеньне і прысаромілі Хама. У свой час гэтую прыпавесьць трапна пракамэнтаваў Антон Паўлавіч Чэхаў: «Хам заўважыў толькі, што бацька ягоны – п’яніца, і зусім забыўся пра тое, што ён пабудаваў каўчэг і выратаваў сьвет».
Янка Купала таксама пабудаваў для нас каўчэг. Разам зь Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Алесем Гаруном, Максімам Гарэцкім. Каўчэг новай беларускай літаратуры. Дык ці выпадае нам сёньня прыпадабняцца да таго Хама, якому так хацелася пазьдзеквацца з бацькі?
Пра горы мяркуюць па вяршынях. А пра вялікіх пісьменьнікаў – па іхніх шэдэўральных творах. Ня варта залазіць у «цёмныя каморы» поўных збораў твораў і выцягваць адтуль на белы сьвет нештачка такое, што выклікае ў сёньняшніх літаратурных гурманаў эстэтычнае ці любое іншае несмакоцьце. Тым болей, ня трэба трагедыю ператвараць у фарс.
І апошняе. Янка Купала – псэўданім Яна Луцэвіча, сына Дамініка. Можна сказаць Ян Луцэвіч, а можна – Луцэвіч Ян, ад гэтага нічога ня зьменіцца. Але паводле гетэранімічных нормаў і здаровага сэнсу нельга перастаўляць месцамі склады і словы ў псэўданіме. Бо калі мы замест звыклага Янка Купала гаворым Купала Янка, чуецца – лаянка. Давайце ня будзем лаяцца.