Паліна Масьлянкова — пра маляванкі беларускія

Паліна Масьлянкова

Такі жанр дзіцячых кніжак па-беларуску ня часта сустрэнеш на паліцах кнігарняў. Беларусы нават пакуль ня вызначыліся, як называць кніжкі для маленькіх мастакоў: ці то маляванкамі, ці то фарбаванкамі, ці то размалёўкамі. Аднак жа паглядзім, што назьбіралася на маёй кніжнай паліцы.


Часопіс «Маляванка беларуская», ЖЖ, № 1, № 2, № 3

Пачнём з пэрыёдыкі. Сёлета быў заснаваны часопіс «Маляванка беларуская» — двухмоўны праект «Женского журнала». Кожны нумар зьмяшчае кароткія казкі, легенды, гісторыі і расповеды пра зьявы беларускай культуры і рэчаіснасьці: Мірскі замак, Полацк, Ў нескладовае, Папараць-кветку, Музэй цягнікоў, беларускі арнамэнт і выцінанку, вужоў, буслоў і зуброў. Тэкст зьлева дублюецца па-беларуску і па-расейску, а справа разьмешчана тэматычная карцінка для расфарбоўваньня. Што да стылю малюнкаў, то тут як найлепш пасуе прыказка: «На густ і колер усе флямастары розныя», і, можа, менавіта ваша дзіця надасьць гэтым малюнкам вясёлкавай жыцьцярадаснасьці і чараўніцтва.




Беларускія ўборы.
Кніжка-размалёўка. Менск, ВВП «Маладзічок, 1994.

Гэтая кніжка створана для маленькіх дзяўчатак, якія любяць маляваць і расфарбоўваць дзявочыя строі. На вокладцы зьмешчана папяровая лялька, а ўнутры — мноства беларускіх народных жаночых строяў з этнаграфічным камэнтаром, які падкажа, у якіх колерах мусіць быць той ці іншы ўбор. Ну а пасьля нажнічкі-чараўнічкі ў рукі — і далей фантазія не абмежаваная. Можна гуляць толькі з наборам народных строяў, а можна і намаляваць сучасныя джынсы ды красоўкі, топы ды жакеты — усё, што душа модніцы пажадае. Няблага было б працягнуць гэтую цудоўную задуму як шляхецкімі строямі, так і ўзорамі сучаснай моды.


Ваяры Белай Русі. Першая малая энцыкляпэдыя-размалёўка.
Менск, Міжнародны цэнтар культуры кнігі, 2006.

А вось гэтае энцыкляпэдычнае выданьне не пакіне абыякавымі хлопчыкаў, якія цікавяцца зброяй і гуляюць у жаўнерыкі. У кнізе прадстаўлены ваяры ад крывічоў да сучасных унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь ва усёй амуніцыі і пры зброі. Малюнкі суправаджаюцца тэкстам на трох мовах — беларускай, расейскай ды ангельскай, — які распавядае пра асноўныя бітвы і разьвіцьцё вайсковай справы канкрэтнага пэрыяду. Некаторых сьвядомых бацькоў можа ўтрымаць ад пакупкі гэтай кнігі ня толькі яе адсутнасьць у кнігарнях, хоць і выдадзена было 2 000 асобнікаў, але і вялікая колькасьць вайскоўцаў часоў СССР, у той час як ані паўстанца 1863 года ў чамарцы з паскамі на грудзях, ані ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну там ня знойдзеш, а заканчваецца эвалюцыя вайсковай славы нашай краіны спэцназам. Шкада таксама, што кніга заяўлена як першая ластаўка цэлай сэрыі энцыкляпэдычных маляванак, аднак мне больш не даводзілася сустракаць падобныя выданьні на паліцах кнігарняў.


Серж Мінскевіч. Прыгоды Какоса Маракоса. Вершы.
Менск, Мэдысонт, 2007.

«Прыгоды Какоса Маракоса» — сапраўдны бэстсэлер і фаварыт беларускамоўных дзетак, наколькі можна меркаваць па водгуках на бацькоўскіх форумах. Па-першае, гэта пазнавальная вершаваная казка пра распаўсюд какосаў па акіянічных астравах, пабудаваная на клясычным сюжэце пра Калабка, па-другое, гэта простая і цікавая фарбаванка, якая знаёміць дзіця з марскімі жыхарамі, а па-трэцяе, яе можна выкарыстоўваць як ролевую гульню-забаўлянку для самых маленькіх. Здаецца, нават на маё дарослае вока, гэта найлепшая маляванка бяз хібаў, якія можна было знайсьці ва ўсіх папярэдніх. Аднак ня ў той мы сытуацыі, каб перабіраць і прыдзірацца.



Анатоль Зэкаў. Мянтуз сярод мядуз: азбука-маляванка ў скорагаворках.
Менск, Літаратура і мастацтва, 2007.
Гэтая маляванка будзе карысная для разьвіцьця маўленьня, вывучэньня азбукі і насельнікаў рэк і азёраў Беларусі. Як правіла, усе беларускія размалёўкі імкнуцца ня толькі навучыць дзіця трымаць у руцэ аловак, але і ставяць перад сабой пэдагагічныя задачы: пазнаёміць з пэўнымі зьявамі беларускай гісторыі і міталёгіі, навучыць правільна вымаўляць гукі, запамінаць караценькія чатырохрадкоўі, разьбірацца ў народных ці вайсковых строях.




І вось акурат тады, калі я скончыла сваё пяцікніжжа, мне пад руку патрапілася «Кніжка Фэрды Мураша», якая пры нагодзе таксама можа стаць маляванкай, хоць ад пачатку такой, здаецца, не зьяўлялася. Такім чынам, бонус.
Ондржэй Сэкара. Кніжка Фэрды Мураша. Пераклад з чэскай Сяргея Сматрычэнкі.
Прага, Альбатрос, 2004.

Найперш трэба адзначыць, што гэта цікавая казка пра сьвет кузурак, якая па-беларуску існуе ў двух перакладах. Гэтая кніжка выйшла з малюнкамі аўтара на кожнай старонцы: часам каляровыя ілюстрацыі займаюць усю старонку, а часам сьціпла упрыгожваюць тэкст у кутку ці на маргінэсе. Але прываблівае найперш спалучэньне каляровых і чорна-белых ілюстрацый, якія так і цягне ўзяць і размаляваць. Іншая рэч, ці кожны бацька або маці дазволіць крэмзаць у кнізе з цьвёрдай вокладкай, аднак такая патэнцыйная магчымасьць у кнізе закладзена выдаўцамі і самім Ондржэем Сэкарам.