«Страшна жыць у краіне, дзе суд несправядлівы»

Працэс Кавалёва-Канавалава

У Беларусі і за мяжой працягваецца кампанія пратэсту супраць сьмяротнага пакараньня, вынесенага абвінавачаным за тэракт у менскім мэтро Дзьмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Адмыслоўцы заяўляюць, што асновай пратэставых настрояў у беларускім грамадзтве і замежжы ёсьць недавер да судовай сыстэмы Беларусі.

«Для сьвету без сьмяротнага пакараньня» — так называўся міжнародны форум у Ватыкане, падчас якога Папа Рымскі Бэнэдыкт ХVІ выступіў з прамовай за адмену сьмяротнага пакараньня ў сьвеце. У гэты ж дзень, 30 лістапада, у Беларусі былі асуджаныя да расстрэлу двое грамадзянаў краіны, абвінавачаныя за тэракт ў менскім мэтро. З гэтай прычыны мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам адмяніць сьмяротнае пакараньне і, ў прыватнасьці, адносна Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

«Мітрапаліт канкрэтна падкрэсьлівае, што ў сувязі з апошнімі падзеямі адносна Канавалава і Кавалёва, іхнага сьмяротнага прысуду, ён выказваецца за тое, каб у Беларусі сьмяротная кара была адмененая», — заявіў прэсавы сакратар, ксёндз Юры Санько.

Жыхарка Менску Сьвятлана Трацьцякова свой пратэст супраць сьмяротнага выраку выказала тым, што запрасіла Любоў і Тацьцяну Кавалёвых — маці і сястру аднаго з асуджаных — пажыць у сваёй кватэры, пакуль жанчыны знаходзяцца ў Менску: «Я сама маці, у мяне таксама дзіця і, мне падаецца, я выказваю меркаваньне многіх мам, якія не змаглі пабываць у судзе, калі падтрымліваю Кавалёвых. Прынамсі, людзі вакол мяне маюць адназначнае меркаваньне: пакуль вінаватасьць чалавека недаказаная, ён не вінаваты. Нашы суды, чамусьці забыліся на такі просты панятак, як прэзумцыя невінаватасьці».

Любоў Кавалёва паведаміла, што ў Менску яна пэрыядычна жыве яшчэ ў адной сям’і, дзе ад выбуху ў мэтро пацярпела дачка, атрымаўшы фізычныя траўмы. Жанчына кажа, што падтрымка вельмі многіх знаёмых і незнаёмых людзей натхняе яе змагацца за жыцьцё свайго сына.

«Гэтыя людзі падышлі да мяне яшчэ напачатку суду, пагаварылі, прапанавалі дапамогу ў такім выглядзе, ведаючы, што зьняць кватэру ў Менску вельмі дорага. Са мной зараз гэтулькі людзей, каб вы толькі ведалі колькі людзей мне зараз дапамагае і падтрымлівае! Калі апынаесься сам-насам са сваім горам, а ў выніку побач шмат людзей, то для мяне гэта моцны стымул змагацца. Гэта надае мне сілы», — сказала Любоў Кавалёва:

Днямі Любоў Кавалёва перадала ў Адміністрацыю прэзыдэнта зварот да Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні свайго сына. За адмену сьмяротнага пакараньня Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву выказаліся таксама многія замежныя палітыкі і прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што гэткая рэакцыя беларускай і міжнароднай супольнасьці ёсьць сьведчаньнем недаверу да судовай сыстэмы Беларусі: «Гэты вырак будзе выкананы ад імя Рэспублікі Беларусь, а гэта значыць — ад імя народу, ад нашых імёнаў, калі на рэфэрэндуме калісьці мы выказаліся за захаваньне сьмяротнага пакараньня. І думаю, што ў гэтых акцыях ня гэтулькі праяваў салідарнасьці ці спачуваньня, колькі задуменнасьці пра тое, што адбываецца. А тое, што выказваюцца афіцыйныя асобы і палітыкі, — гэта афіцыйнае стаўленьне да таго, што судовая сыстэма Беларусі за гэты год цалкам сябе дыскрэдытавала. І палітычнымі судамі, і вось гэтым судом. Мы ня можам больш, ня маем ніякіх падставаў давяраць судовай сыстэме. А жыць у краіне, дзе суд несправядлівы, — гэта страшна».

Да Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуўся паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў, які заклікаў кіраўніка краіны альбо расстраляць яго разам з асуджанымі, альбо распачаць добрасумленны разгляд справы Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) правёў у Беларусі апытаньне, у выніку якога толькі 21% грамадзян — у пераважнай большасьці сталага веку — паверылі афіцыйнай вэрсіі здарэньня аб вінаватасьці ў выбуху Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.