Сяргей Ханжанкоў пра тэракт у мэтро: Іншых вэрсіяў я ня бачу

Сяргей Ханжанкоў

У перадачы «Вынікі тыдня» расейскай службы Радыё Свабода сьмяротны прысуд Канавалаву-Кавалёву пракамэнтаваў колішні дысыдэнт і палітвязень Сяргей Ханжанкоў, які ўважліва сачыў за працэсам.

Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў да вышэйшай меры пакараньня 25-летніх Зьмітра Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Першы прызнаны вінаватым у ажыцьцяўленьні тэрактаў, у тым ліку выбуху ў мэтро, у выніку якога загінулі 15 чалавек, другі названы яго памагатым.

Вэрдыкт выклікаў нэгатыўную міжнародную рэакцыю. Беларусь – адзіная краіна Эўропы, у якой ужываецца сьмяротнае пакараньне. Прэс-служба канцлера Ангелы Мэркель апублікавала заяву, у якой падкрэсьліваецца, што Нямеччына ня толькі выступае супраць пакараньня сьмерцю, але і лічыць сумнеўнымі тыя абставіны, пры якіх прымалася ў Менску судовае рашэньне. З крытыкай на адрас беларускай судовай сыстэмы выступіла праваабарончая арганізацыя Amnesty International, выказала глыбокія сумневы ў адпаведнасьці працэсу прававым стандартам. Падтрымаў прысуд толькі амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Мянчук Сяргей Ханжанкоў, былы палітвязень, арыштаваны ў 1963 годзе і абвінавачаны ў намеры падарваць аб'ект, прызначаны для глушэньня замежнага радыёвяшчаньня, у тым ліку перадач нашай радыёстанцыі, сачыў за судовымі слуханьнямі ў справе Канавалава і Кавалёва.

– Чаму вас зацікавіў гэты судовы працэс? Вы знайшлі нейкія паралелі з вашай справай 1963-га?

– Амаль ніякай сувязі няма, проста сама па сабе гэта справа цікавая, такога ў Беларусі яшчэ ніколі не было. Хоць, вядома, нейкі ўплыў аказала тое, што я сам калісьці праходзіў у падобных справах.

– Ці складана было патрапіць у залю суду? Ці шмат было публікі, ці вялікая была цікавасьць?

– Я быў амаль на ўсіх пасяджэньнях. Трапіць было вельмі проста, і гэта мяне зьдзівіла. Вылучылі вельмі вялікую залю на 500 чалавек. У першы дзень з позвамі зьявіліся пацярпелыя, а потым прыходзіла па 10-20 чалавек.

– А чаму? Столькі пацярпелых, сваякоў, толькі параненых у мэтро было больш за трыста?

– Гэта, напэўна, такі беларускі сындром. Людзі ня вераць, што ім распавядуць праўду, вось і ўсё.

– Паводле аднаго з апытаньняў, толькі 21% грамадзян Беларусі вераць афіцыйнай вэрсіі. Вы належыце да большасьці ці да меншасьці?

– Я належу да меншасьці з адной простай прычыны, што я іншых вэрсіяў ня бачу. Так, у гэтай вэрсіі шмат супярэчнасьцяў, але я іх тлумачу толькі непрафэсіяналізмам сьледзтва, суду і наогул усёй нашай сыстэмы, пачынаючы ад вышуковага сабакі, які ня можа тратыл унюхать, канчаючы прэзыдэнтам, які зьяўляецца на месца выбуху і спыняе сьледчыя дзеяньні. Але я ня бачу нейкіх зразумелых, альтэрнатыўных вэрсіяў. Калі кажуць, што Лукашэнка падарваў – гэта поўнае глупства. Калі кажуць, што гэта барацьба нашых спэцслужбаў паміж сабой – тое самае. А іншых вэрсіяў няма.

– Вы згадалі розныя нестыкоўкі. У прыватнасьці, адвакат паказваў на дзіўны мантаж ў запісе камэр назіраньня падчас тэракту.

– Так, адвакат Кавалёва паказваў на прыкметы мантажу. Пракурор ад гэтага проста адмахваецца, хоць цалкам маглі б зладзіць экспэртызу і даказаць, ці быў там мантаж ці не было – гэтага проста не было зроблена. Дзе трэба было б растлумачваць сытуацыю, яны проста кажуць: і так усё ясна. І ідуць далей.

– Адвакат, які вывучаў відэазапісы, кажа пра падазрэньні, што ў арганізацыі тэракту прымалі ўдзел і іншыя людзі. Там відаць, як невядомыя праходзяць міма тэрарыста і аглядаюцца, раптам паварочваюцца.

– А што гэта даказвае? Шмат ёсьць людзей, якія аглядаюцца. Гэта трэба было растлумачыць. Па-першае, трэба было сабраць усіх людзей, якія ёсьць на запісах – не такая складаная задача. Гэтага зроблена не было. А самая галоўная праблема ў тым, што ня высьветленыя матывы. Калі прыняць афіцыйную вэрсію, што гэта зрабіў Канавалаў, няўжо нельга было яго разгаварыць, навошта ён гэта зрабіў? Ён абышоўся казённай фразай: для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь. А калі ў яго пытаюць на судзе: а навошта вам патрэбная была дэстабілізацыя? Ён кажа: на гэтае пытаньне я адказваць ня буду.

– Як гэта растлумачыць?

– Я, зыходзячы з вэрсіі, што гэта ён, тлумачу гэта тым, што яму няма чаго сказаць. Маньяк, яму цікава было падрываць, бачыць пакуты людзей, што ён будзе тлумачыць?

– А якія-небудзь прыкметы раскаяньня ён выяўляў?

– Ніякіх абсалютна. Роўныя, спакойныя паводзіны. Ніводнага слова. Рэакцыя нармальная, не пад узьдзеяньнем нейкіх прэпаратаў. Да яго падыходзіць адвакат, ён устае, яны абменьваюцца парай слоў, і ён сядае. Усё, больш ён удзелу ніякага не прымае.

– Вось яшчэ адзін з аргумэнтаў адваката – гэта тое, што Канавалаў знаходзіўся недалёка ад месца выбуху, а ніякіх сьлядоў выбуховага рэчыва на ім няма.

– Так, гэта таксама пытаньне, якое сьледзтва не растлумачыла. Цалкам можна было правесьці экспэрымэнты, цалкам можна было ўзяць сьляды выбуху ў іншых людзей. Нічога зроблена не было. Паводле вэрсіі пракурора Канавалаў націснуў кнопку і схаваўся ў тунэлі за бэтонную сьценку. Адтуль, маўляў, на яго нічога не патрапіла. Трэба ж гэта было даказаць, там жа ня толькі адзін Канавалаў быў, шмат іншых людзей было ў тунэлі. Калі ласка, вазьміце іх вопратку, скажыце: бачыце, у іх таксама няма. Вось гэтага нічога не зрабілі.

– А самае важнае, на ваш погляд, пытаньне пра матывы на судзе наогул не абмяркоўвалася?

– Наогул. Канавалаў кажа «я не хачу адказваць», і суд ідзе спакойна далей. І вось тут яшчэ адзін найважнейшы недагляд: іх фармальна накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу, якая таксама адмахнулася нейкімі казённымі штампаванымі фразамі. Нічога гэтая экспэртыза не праясьніла.

– А ён робіць уражаньне псыхічнага здаровага чалавека?

– З боку цяжка сказаць. Сядзіць чалавек і маўчыць, ні на каго не глядзіць. Кавалёў часам пазірае ў залю, там у яго маці, на пытаньні адказвае, а гэты – поўны няўдзел.

– Але ўсё ж нешта Канавалаў сказаў. Ён жа сказаў, што хацеў дэстабілізаваць абстаноўку.

– На самым пачатку, у першы дзень, калі быў допыт абвінавачаных, ён некалькі фраз зь сябе выціснуў, у тым ліку і што гэта для дэстабілізацыі сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. А пасьля гэтага адмовіўся адказваць, і так увесь суд.

– Кажуць, што фізычны ціск на падсудных аказваўся на сьледзтве. Ці ёсьць падставы думаць, што гэта так?

– Яны былі зьбітыя пры ўзяцьці на кватэры. Магчыма, што і ў першую ноч Канавалава білі; ва ўсякім выпадку, Кавалёў кажа, што чуў крыкі. Самога Кавалёва ня білі, а проста пагражалі. Пытаюцца: а як жа пагражалі? Ён адказвае: мне сказалі, што калі я адмоўлюся ад сваіх паказаньняў, то мне дадуць вышэйшую меру. Я ня ведаю, ці гэта можна лічыць ціскам? Ім і так пагражала вышэйшая мера, чым тут пагражаць?

– Але ён адмовіўся ад паказаньняў?

– Ён адмовіўся ад паказаньняў. Ад усяго адмовіўся, сказаў, што не сустракаў свайго сябра на вакзале, і яны з торбай нікуды ня ехалі. Адмовіўся – ну і добра. Ніякіх высьвятленьняў, праясьненьняў, удакладненьняў, нічога не было.

– Калі выказаць здагадку, што Канавалаў маньяк, дык хто такі Кавалёў? Выпадковы сабутэльнік ці ўсё-ткі саўдзельнік?

– Бязвольны сябар.

– Ня ведаў аб усіх плянах?

– Раней казаў, што ведаў, цяпер кажа, што ні пра што ня ведаў і што нічога не было.

– Вы староньні назіральнік, але ў суд прыходзілі пацярпелыя, сваякі загінулых, хай і нешматлікія. Якое ў іх склалася ўражаньне аб доказах віны?

– З тых пацярпелых, якія прыходзілі на ўсе пасяджэньні, ніхто ня верыць у афіцыйную вэрсію, таму яны і прыходзілі. Яны лавілі ўсе гэтыя нестыкоўкі. У апошні дзень, на абвяшчэньне прысуду аднекуль назьбіралі цэлую залю. І, калі выступаў пракурор, судзьдзя, калі прысуд абвясьцілі, вось гэтая група з дваццаці чалавек скандавала: ганьба!

– Гэта значыць, сваякі пацярпелых былі супраць сьмяротнага прысуду?

– У асноўным, так. Толькі ў першы дзень устаў адзін відавочна на замову і сказаў: я патрабую аднаму сьмерці і пажыцьцёвага зьняволеньня іншаму. Потым гэты чалавек не зьяўляўся.

– Як адрэагавалі на прысуд абвінавачаныя?

– На дзіва спакойна. Я ўжо не кажу пра Канавалава – поўная абыякавасьць, але нават Кавалёў. Калі Кавалёву абвясьцілі сьмяротны прысуд, у зале пачаліся крыкі: ганьба! Тады Кавалёў прыставіў палец да вуснаў, зьвяртаючыся да залі: маўляў, ня трэба. Мусіць, спадзяецца на тое, што прэзыдэнт яго памілуе. Такое ў мяне склалася ўражаньне.

– Як бы вы сфармулявалі галоўнае пытаньне, на якое суд ня даў адказу?

– Чаму ня высьветлілі матывы, навошта чалавек усё гэта рабіў? Вось вазьміце Брэйвіка ў Нарвэгіі, там жа дзьвесьце зь лішнім старонак псыхіятрычнай экспэртызы, а тут абсалютна нічога. Чаму нікога гэта не хвалюе? Вось маё галоўнае пытаньне.