У Познані сабраўся Форум

У Познані ў Польшчы 28 лістапада распачаў працу трохдзённы Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства.

Беларусь прадстаўляюць на форуме больш за 20 чалавек ад розных грамадзкіх арганізацый, уключна з прадстаўніком зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», кіраўнік якога, Алесь Бяляцкі, быў прысуджаны на мінулым тыдні да 4,5 гадоў турмы.

Пра мэты форуму сказала нашаму радыё кіраўнік офісу «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольга Стужынская:

«На гэтай сустрэчы будзе разглядацца далейшая стратэгія разьвіцьця Форуму ды таксама пытаньне заснаваньня пастаяннага сакратарыяту Форуму ў Брусэлі, які б функцыянаваў як каардынацыйны орган. Таксама будзе разглядацца пытаньне, як павінны працаваць нацыянальныя плятформы і якую ролю яны павінны адыгрываць.»
Найбольш дрэнныя ўмовы для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці — у Азэрбайджане і Беларусі.

Дзяніс Мельянцоў, экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, сказаў нам пра некаторыя нацыянальныя адметнасьці Форуму:

«Краіны Ўсходняга партнэрства можна падзяліць на дзьве групы. Гэта, з аднаго боку, краіны, якія імкнуцца да набліжэньня сваіх стандартаў да Эўразьвязу — Украіна, Малдова і Грузія. А з другога боку, мы маем краіны з больш жорсткімі, аўтарытарнымі рэжымамі — Беларусь, Армэнію і Азэрбайджан. Найбольш дрэнныя ўмовы для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці — у Азэрбайджане і Беларусі. У іх практычна ідэнтычная сытуацыя. Адметнасьць Азэрбайджану толькі ў тым, што гэтак званыя прадзяржаўныя арганізацыі маюць дастаткова высокае прадстаўніцтва на розных міжнародных форумах, у тым ліку і на Форуме грамадзянскай супольнасьці».
Прысуд Бяляцкаму ўзмацняе нашу рашучасьць змагацца з палітыкай Лукашэнкі

Прысутны на форуме камісар Эўразьвязу ў пытаньнях палітыкі суседзтва Штэфан Фюле сказаў наконт Беларусі:

«Зь вялікім неспакоем мы назіраем за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі апошнім часам, асабліва ў сувязі з палітычна матываваным прысудам 4,5 гадоў турмы спадару Бяляцкаму. Мы ня толькі асуджаем гэты прысуд, але ён узмацняе нашу рашучасьць змагацца ў дадзеных умовах з палітыкай спадара Лукашэнкі, які, выглядае, імкнецца расправіцца з апазыцыяй, дэмакратыяй і асновамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

«Для нас вельмі важная падтрымка і салідарнасьць прадстаўнікоў замежных краінаў, асабліва такога высокага рангу, як спадар Фюле. Яна ў першую чаргу дэманструе разуменьне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яна таксама дэманструе, што, нягледзячы на ўсе спробы абразаў, паклёпаў, якія зараз наводзяцца ўвогуле на беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку і на спадара Бяляцкага, яны не ўспрымаюцца міжнароднай супольнасьцю. І пытаньні з абаронай правоў чалавека, пытаньні з вызваленьнем палітвязьняў надзвычай важныя і актуальныя для нашых суседзяў з Эўрапейскага Зьвязу».

Форум грамадзянскай супольнасьці — мэханізм, які мае садзейнічаць разьвіцьцю супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці ў краінах, запрошаных да ўдзелу ў праграме Эўразьвязу Ўсходняга партнэрства. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый шасьці краінаў Усходняга партнэрства: Беларусі, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы, Украіны. Першая сустрэча Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства адбылася 16–17 лістапада 2009 г. у Брусэлі.

У аўторак на форуме «Ўсходняга партнэрства» чакаецца выступленьне міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага, які, вяртаючыся з Бэрліну, адмыслова наведае ўдзельнікаў форуму ў Познані.

У сераду на форуме беларускае пытаньне будзе абмяркоўвацца на адмысловай панэлі «Беларуская грамадзкая супольнасьць: „цёмны конік“. Ці існуе яна?» Вядоўцамі на гэтай панэлі будзе выкладчыца Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Вольга Шпарага і журналіст Радыё Свабода, тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі:

«Будуць абмяркоўвацца два даклады. Адзін — „Умовы НГА і незалежная культура Беларусі“, другі даклад — „Культура і зьмены ў Беларусі“. Арганізатары і спонсары — Міністэрства замежных спраў Польшчы і фонд „Res Publica Nowa“. Удзельнічаюць панэлісты Вольга Шпарага і Вячаслаў Ракіцкі (Беларусь), Філіп Дытахмаер (Эўрапейскі культурны фонд) і Павал Дэмеш (фонд Маршала)».

Цягам трох дзён на форуме будуць размаўляць на тэму эўрапейскай інтэграцыі і выклікаў, якія стаяць на шляху будаўніцтва дэмакратыі. Першыя дзьве сустрэчы праходзілі ў Брусэлі (лістапад 2009 году) і Бэрліне (лістапад 2010 году).