«Расея рэалізуе свой сцэнар, які яна напісала для Беларусі ў сьнежні»

Афіцыйны Менск атрымаў ад Расеі зьніжку на газ у 2012 годзе. Паводле кіраўніка расейскага ўраду, блакітнае паліва будзе пастаўляцца па 165,6 даляра за тысячу кубамэтраў. На роўнадаходныя цэны на газ абедзьве краіны пяройдуць да 2014 году. Што азначаюць гэтыя танныя цэны для Беларусі?

Паводле эканаміста Георгія Грыца, Беларусь будзе плаціць за газ у наступным годзе амаль на 40% меней, чым сёлета, хоць, відаць, спадзяваліся на 50%. Цана будзе меншая, чым для краін — патэнцыйных канкурэнтаў. «Белтрансгаз» стане расейскім прадпрыемствам і будзе купляць газ па 165,6 даляра за тысячу кубамэтраў. Ці застанецца гэтая цана і для беларускіх спажыўцоў?

«А далей „Белтрансгаз“ будзе заключаць кантракты і прадаваць сваім спажыўцам. Я думаю, што лягічна з прывязкай зьмяншэньня на 40% чакаць, што гэтая цана таксама зьменшыцца і для канчатковых спажыўцоў. Хоць магчымыя выключэньні. Але ў гэтым выпадку будзе перамоўны працэс, да якога, па вялікім рахунку, дзяржава не павінна мець ніякага дачыненьня. Інакш гэта будзе ўмяшаньне ў справы суб’екта гаспадараньня. Прычым замежнай уласнасьці».

Паводле Грыца, раней меўся шэраг зьнішак для спажыўцоў. Але ў рамках адзінай эканамічнай прасторы гэтыя нетарыфныя мэтады рэгуляваньня зьяўляюцца спэцыфічнымі субсыдыямі.Гэтыя мэтады забараняюцца асабліва пры ўмове ўваходжаньня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

«Гэта тое ж самае, што да 2014 года будзе роўнадаходная цана з Расеяй. Не таму што Расея добранькая, а таму, што Расея падпісала пагадненьне пра выхад на роўнадаходныя цэны з памежнымі рэгіёнамі. Мы паралельна ідзем з Расеяй, проста ў больш ільготных умовах, чым, напрыклад, Украіна».
Расея рэалізуе свой сцэнар, які яна напісала для Беларусі ў сьнежні. Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, у Лукашэнкі толькі выбар крамлёўскай арыентацыі

Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, танныя цэны на газ, ніжэйшыя, чым у навакольных краін, — гэта як танны наркотык. Для Лукашэнкі гэта карт-блянш на бліжэйшыя 8–10 гадоў прэзыдэнцтва разам з Пуціным. І захаваньне крамлёўскай стратэгіі адсячэньня Беларусі ад Эўропы.

«Гэта проста захавае нерэфармаваную эканоміку, бяздарных дырэктараў і дрэнных міністраў. Чыста для Беларусі, для беларускага бізнэсу, для канкурэнтнай, эфэктыўнай эканомікі гэта дрэнна. Расея рэалізуе свой сцэнар, які яна напісала для Беларусі ў сьнежні. Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, у Лукашэнкі толькі выбар крамлёўскай арыентацыі. І далей інтэграцыя Беларусі — такая пілётная, дэманстрацыйная, якая будзе для ўсіх падставай працы на Маскву. Гэта першы ўзор інтэграцыі, які паказвае Ўкраіне, Армэніі, Малдове і іншым, што будзе, калі краіны будуць уваходзіць у інтэграцыйны пул Крамля».

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, пагадненьні ў Маскве сьведчаць пра здачу сувэрэнітэту Беларусі.

«Я згадваю як летась падчас інфармацыйнай вайны беларускае кіраўніцтва казала, што Расея — гэта імпэрыя, што тамтэйшыя алігархі прагавітыя, драпежныя і гэтак далей. Дык вось пытаньне, чаго яны раптам сталі філянтропамі. Вядома ж, пытаньне рытарычнае, і зразумела, што сёньня Масква дзейнічае паводле клясычнай схемы сыру ў пастцы. Вось гэтыя зьніжкі — зьніжкі за тое, каб глыбей зацягнуць Беларусь у гэтую пастку эўразійскага саюзу і разабрацца з тутэйшай маёмасьцю сёньня, а заўтра дыктаваць свае ўмовы і ў палітыцы. Таму, калі казаць наўпрост, гэта ідзе здача па частках сувэрэнітэту Беларусі. Вядома, беларускае начальства, як заўжды, трымае ў галаве хітрыя, як яму здаецца, пляны: што зараз вось мы гэта ўсё падпішам, а потым як-небудзь выкруцімся. Дык вось пытаньне, ці ўдасца заўтра выкруціцца, калі ўсе масты на Захад спаленыя. А ўнутраных рэсурсаў у беларускай мадэлі не засталося».