Суд аштрафаваў актывіста, які заяўляе, што яго затрымалі за беларускую мову

Андрэй Падяляк

24 лістапада суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў вінаватым у дробным хуліганстве актывіста няўрадавай арганізацыі «Моладзь БНФ» Андрэя Падаляка. Судзьдзя Станіслаў Шандаровіч пакараў хлопца на 15 базавых велічыняў (525 тысяч рублёў).

Сваёй віны актывіст не прызнаў. Суду ён даводзіў, што ў пастарунку міліцыянты зьдзекаваліся зь яго — зьбівалі й нават акуналі ва ўнітаз галавой. А затрымалі яго таму, што ён размаўляў па-беларуску.

Your browser doesn’t support HTML5

"Міліцыянты мяне паднялі за ногі і акунулі ва ўнітаз"


Затрымалі Андрэя Падаляка двое патрульных міліцыянтаў увечары 16 лістапада ў цэнтры Магілёва — на прыпынку «Кінатэатар «Чырвоная зорка». Пры сабе актывіст меў пашпарт і ваенны білет — іх ён прад’явіў патрульным на іх патрабаваньне. Пасьля, як заявіў у судзе хлопец, яго назвалі падазраваным і завялі ў пастарунак, а калі ён адмовіўся там даваць паказаньні і адбіткі пальцаў, пачалі зь яго зьдзекавацца.
Пасьля яны павялі мяне ў прыбіральню, паднялі дагары нагамі й акунулі галавой ва ўнітаз

«Адзін зь міліцыянтаў узяў валік і, пагражаючы, што возьме адбітак майго твару, пракатаў валікам па твары. Пасьля яны павялі мяне ў прыбіральню, паднялі дагары нагамі й акунулі галавой ва ўнітаз. Пасьля гэта зноў запыталі, ці буду я даваць паказаньні й адбіткі пальцаў. Я адмовіўся наагул зь імі размаўляць», — казаў суду Андрэй Падаляк.

Судзьдзя Шандаровіч адрэагаваў пытаньнямі:

Судзьдзя: «А чаго вы адмовіліся даваць тлумачэньні?»

Падаляк: «Я ж маю права пачуць спачатку, чаму мяне забралі, навошта і чаму сьмяюцца, што я размаўляю па беларуску. Што гэта азначае».

Судзьдзя: «А чаму адмовіліся ад адбіткаў пальцаў?»

Падаляк: «Я нічога не нарабіў, каб у мяне бралі адбіткі».

Судзьдзя: «Цяпер ува ўсіх бяруць, тут няма нічога».

Асаблівай увагі заяве абвінавачанага пра тое, што яго акуналі ва ўнітаз, судзьдзя не надаў.

Супраць актывіста сьведчылі двое міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі — Яўгеній Кандрацьеў і Мікалай Гардзей. Зь іх тлумачэньняў вынікала, што Падаляк быў на моцным падпітку — куртка й шырынка былі расшпіленыя. Калі яны зрабілі яму заўвагу, ён абрынуўся на іх з мацюкамі. Сваімі паводзінамі стаў прыцягваць увагу грамадзян, даводзілі міліцыянты. Калі Падаляку прапанавалі прайсьці ў пастарунак, то ён пайшоў сам.

Паказаньні міліцыянтаў актывіст назваў хлусьнёй, але прызнаў, што быў выпіўшы. Судзьдзя адрэагаваў, што міліцыянты зрабілі хібу, што не правялі экспэртызу на алькаголь.

Дапыталі ў судзе й фэльчарку з хуткай дапамогі Алу Федзіну. Яна аказвала мэдычную дапамогу Андрэю Падаляку ўжо ў Ленінскім аддзеле міліцыі. У хлопца праблемы з сэрцам. Лекарка заявіла, што хлопец паводзіў сябе адэкватна, ён ня быў моцна п’яны, у шпіталізацыі не было неабходнасьці.

Судзьдзя Шандаровіч над выракам думаў каля сарака хвілін і пастанавіў, што абвінавачанага варта аштрафаваць на 15 базавых велічыняў.

Вырак Андрэй Падаляк пракамэнтаваў гэтак:
Тое, што размаўляць па-беларуску ў нашай краіне так дорага — я ў шоку насамрэч

«Судзьдзя ня толькі задаваў пытаньні сьведкам, а проста ім казаў, што ім пацьвердзіць трэба. Тое, што размаўляць па-беларуску ў нашай краіне так дорага — я ў шоку насамрэч. Я не лічу сябе вінаватым ні кропельку. Лукашэнка даў волі міліцыянтам — ім дазволена рабіць усё, і яны ведаюць, што іх дзеяньні будуць абараняцца».

Андрэй Падаляк сам з Бабруйску. У Магілёве вучыцца яго жонка. Дзеля яе і ён прыехаў сюды. Завочна вучыцца на пэдагагічным факультэце дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Працуе на замежным прадпрыемстве «Каўчук». Вырак суду зьбіраецца абскарджваць.