"Гэта пэнсіянэры вінаватыя – яны ўвесь час выбіраюць такую ўладу"

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".

Эфір 23 лістапада 2011 году


Многія допісы ў той пошце, якую Беларуская Свабода атрымлівала на працягу апошніх тыдняў, – пра тое, як мяняюцца грамадзкія настроі пад уплывам новых эканамічных рэаліяў у сёньняшняй Беларусі. Даведацца дакладныя рэйтынгі дзяржаўных дзеячаў у цяперашніх умовах праблематычна: дзейнасьць сацыёлягаў у краіне – пад жорсткім кантролем чыноўнікаў. Тым ня менш у людзей ёсьць свае, правераныя доўгімі гадамі жыцьця пры аўтарытарнай уладзе мэтады вызначэньня таго, наколькі папулярны ў народзе той ці іншы палітык.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы, што пад Полацкам, у сваім новым допісе дзеліцца наступнымі назіраньнямі. Ён піша:

"Так сталася, што акурат у дзень чарговага важкага падаражэньня праезду на грамадзкім транспарце мне давялося паехаць на прыгарадным аўтобусе на лецішча. (Напярэдадні туды прывезьлі гной, і трэба было яго растрэсьці, пакласьці пад пладовыя дрэвы і кусты – карацей, давесьці да ладу). На аўтастанцыі раніцай было даволі шматлюдна. Пасажыры, шакаваныя новымі цэнамі на квіткі, ажыўлена камэнтавалі тое, што адбылося: "Колькі-колькі? А да Полацку цяпер колькі? А да Віцебску? А да Менску? Звар’яцець можна!" Жанчыны, абвінавачваючы ў падаражэньні прэзыдэнта, узрушана разважалі: "Што, у нас у краіне разумнейшага за Лукашэнку няма? Колькі ўжо можна – цэны растуць і растуць, калі ўжо гэта скончыцца?" Тое, што казалі мужчыны, пісаць ня буду, бо, калі выкрасьліць непрыдатныя для эфіру словы, застануцца толькі прыназоўнікі "у" і "на", якія, выкінутыя з кантэксту, не перададуць ня толькі глыбіні пачуцьцяў да нашага "ўсенароднаабранага", але нават сэнсу выказваньняў. Адна сярэдняга веку кабета, непрыязна паглядаючы на мяне, узбуджана абвясьціла: "Гэта ўсё яны, пэнсіянэры, вінаватыя – яны ж яго ўвесь час выбіраюць! Я наагул на выбары не хадзіла!" Я хацеў нешта ёй адказаць, але абвясьцілі пасадку на мой аўтобус, і я, нічога не сказаўшы, сышоў… – піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Кастусь Сырэль зь мястэчка Ўшачы. – …Вярнуўся зь лецішча толькі сёньня. Тры дні адстаяла добрае надвор’е, і мне хацелася ня толькі папрацаваць, але й нацешыцца своеасаблівым хараством позьняй восені. Побач з маім лецішчам возера, таму ранішнія гадзіны прысьвячаў рыбалцы, з-за недахопу часу аддаўшы перавагу жэрліцам, і не памыліўся – і ўчора, і сёньня зьняў па пары ладных шчупакоў. Вечарамі чытаў – маючы японскі рыдэр, не праблема ўзяць з сабой у дарогу бібліятэку ў некалькі соцень тамоў памерам з "Вайну і мір".

Па маім прыезьдзе жонка сказала: "Добра, што рыбы злавіў. Сёньня была ў краме, ведаеш, колькі яйкі каштуюць? Больш за дзесяць тысяч дзясятак! Я паглядзела і не купіла, не гатова пакуль маральна такія грошы за яйкі выкладваць. Прывыкнуць трэба, усьвядоміць гэты кошт".

І вось, успомніўшы вочы той пасажыркі, якая "падазравала" мяне ў "няправільным" галасаваньні на выбарах, я хацеў бы параіць прыхільнікам Лукашэнкі наступнае. Ня трэба вам, шаноўныя, узгадваць пра вашу любоў да нашага "гаранта" ў публічных месцах – крамах, вакзалах ды падобных. Вас прынамсі аблаюць, а то й кухталёў можаце атрымаць"
.

Думаю, спадар Кастусь, прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта і самі падсьвядома гэта ўжо зразумелі. У крамах, на рынках, у грамадзкім транспарце галасоў абаронцаў улады цяпер увогуле не пачуеш. Ня думаю, што ўсе яны проста затаіліся і працягваюць таемна захапляцца сваім кумірам і ягонымі дасягненьнямі. Калі твая пэнсія на працягу нейкіх дзевяці месяцаў зьмяншаецца ў два з паловай, а то і ў тры разы – міжволі пачнеш задаваць сабе лягічныя пытаньні: што ж гэта за палітыка такая, калі ўлада сьцьвярджае, што крызісу няма, а я з кожным днём жыву ўсё горш? Калі гэта ўрэшце скончыцца? І ўвогуле, ці не заседзеўся Аляксандар Рыгоравіч у высокім крэсьле – пасьля 18-ці гадоў на адным месцы цяжка чакаць ад чалавека, што ён істотна зьменіцца і прызнае, што ўсе гэтыя гады вёў краіну ў тупік. Можа, пара паспрабаваць на гэтай пасадзе каго-небудзь іншага?

Відавочна, улада ня можа ня бачыць, што страчвае падтрымку ў грамадзтве. Аляксандар Лукашэнка строга наказвае ўраду, каб да траўня наступнага году ўсё вярнулася да ранейшага стану. Але адначасова з гэтым у дзяржаве адбываюцца не эканамічныя і палітычныя рэформы, а – умацаваньне паліцэйскага апарату і перасьлед палітычнай апазыцыі.

Аўтар наступнага ліста Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну разважае пра адметнасьць беларускага чынавенства, якое ўва ўмовах той палітычнай сыстэмы, што створана ў Беларусі, часта не нясе ніякай адказнасьці перад насельніцтвам, якім пастаўлена кіраваць. Прычына ў тым, што так званая "вэртыкаль" улады ў дзяржаве людзьмі не выбіраецца і людзям не падсправаздачная. Якія наступствы такой сыстэмы? Цытую ліст Аляксея Падсьвільскага:

"Вынікі безадказнасьці чыноўнікаў, іхнага самаўпраўства і беспакаранасьці – ва ўсіх навідавоку. Згадайма хоць бы выбух на мэблевай фабрыцы ў Пінску са шматлікімі чалавечымі ахвярамі, ці пажар на мясакамбінаце ў Воршы... А нядаўні выпадак у Глыбоцкай калёніі, калі былы вязень адкрыта і сумленна распавёў пра катаваньні і прыніжэньні, якія там пануюць, а ў выніку сам быў затрыманы і зьбіты? Што, будзем маўчаць і далей?

Вось нядаўна адвакаты, якія абаранялі палітвязьняў, пазбаўлены ліцэнзіяў. Таксама маўчым? І гэты пералік можна працягваць далей. "Свабода" падрабязна расказвала гісторыі зьбітага міліцыянтамі ў Ваўкавыску доктара, звольненага за ўдзел у маўклівай акцыі супрацоўніка МНС... Каля 2000 чалавек адседзелі суткі ці заплацілі буйныя штрафы толькі за тое, што моўчкі стаялі на плошчы і не спадабаліся камусьці, – піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну. – Я вось думаю: гэтыя міліцыянты, якія зьбівалі невінаватых; пракуроры, якія прыдумлялі ліпавыя справы; судзьдзі, што лёгка раздавалі турэмныя тэрміны ні за што; чыноўнікі, якія крадуць у маламаёмных – яны ж не бяздушныя машыны? Магчыма, што ў дзяцінстве нават былі добрымі і прыкладнымі вучнямі... Але цяпер назваць іх людзьмі я не магу. Толькі дзеля ўласнага дабрабыту яны трымаюць народ у страху... І пры гэтым не радзей за нас заходзяць на апазыцыйныя сайты, слухаюць "Свабоду" і, напэўна, радуюцца, што іх за гэтыя брудныя справы ніхто не чапае. Яны паўсюль нейкія бястварыя – без імёнаў і прозьвішчаў...

Калі апазыцыянэры хочуць, каб людзі перасталі баяцца і адважна выходзілі на плошчу, то для гэтага трэба дамагчыся, каб баяліся чыноўнікі. Баяліся непазьбежнай кары і адказнасьці за свае хлусьню і зьдзекі зь людзей. Пакуль гэта не адбудзецца – ня жыць нам у моцнай і квітнеючай Беларусі"
.

Праблема гэтая, спадар Аляксей, для Беларусі (дый для ўсёй постсавецкай прасторы) даўняя і надзвычай важная. Уся завядзёнка цягнецца яшчэ з той бюракратычнай і карнай сыстэмы, што была створана бальшавікамі ў СССР і беспакарана і бескантрольна панавала на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў. Ня толькі чыноўнікі – а і міліцыянты, і спэцслужбоўцы, і судзьдзі на прыкладзе сваіх шматлікіх папярэднікаў цьвёрда ведаюць: выконвай тое, што загадае начальнік – і не азірайся ні на якія законы. Будзеш паслухмяны – атрымаеш і пагоны, і кватэру, і ордэн, і пэнсію. Ніводзін з былых сталінскіх катаў у Беларусі ня быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці: усе спакойна дажывалі і дажываюць свой век у камфортных умовах, з высокімі пэнсіямі. Тое ж тычыцца і чыноўнікаў, і судзьдзяў, і сьледчых, і супрацоўнікаў спэцслужбаў. Гэты заганны ланцуг будзе і будзе цягнуцца, пакуль грамадзтва ня знойдзе ў сабе сілы разарваць яго і паказаць на канкрэтных прыкладах, што ніякае злачынства не застанецца беспакараным – колькі б гадоў ні мінула і якімі б палітычнымі абставінамі ні апраўдваўся той, хто сьвядома караў і перасьледаваў невінаватых.

На заканчэньне – новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Спадар Павал жыве паблізу мяжы з Украінай і Польшчай, і гэтае суседзтва мае ня толькі станоўчыя бакі. У сваім лісьце слухач піша:

"Да чаго ж надакучылі гэтыя так званыя "салярачныя чаўнакі". Бачылі б вы, колькі сьмецьця пакідаюць яны паблізу мяжы, у лесапасадках. І ля вёскі Ўжова, і за Макранамі, і каля мытні, і на помпавай станцыі – горы сьмецьця, пераважна плястыкавых бутэлек. Сельсавет ня здольны справіцца з гэтай саранчой. У міліцыі кажуць: гэта ня наш абавязак. Служба аховы прыроды ад праблемы таксама адхрышчваецца. І хто ў такім разе павінен за гэта адказваць? Дарожныя службы прыбіраюць сьмецьце толькі ля асфальту, далей – ня іхная тэрыторыя.. Атрымліваецца, няма ні вінаватых, ні тых, каго трэба караць. А стыхійныя сьметніцы растуць".

Колькі дзён таму нашы карэспандэнты з Горадні рабілі рэпартаж пра гэтых людзей, якія зарабляюць перапродажам за мяжу таннага беларускага паліва. Усе як адзін суразмоўцы паўтаралі: калі б на радзіме была годная праца з прыстойным заробкам, якога хапала б, каб утрымліваць сем'і, – яны нізавошта не займаліся б гэтым напаўлегальным, нэрвовым і часта не зусім сумленным бізнэсам. Улады цудоўна ведаюць, хто ім займаецца, якім чынам адбываецца перапраўка паліва за мяжу і зь якімі наступствамі (у тым ліку для экалёгіі) гэта зьвязана. І за тое, што памежныя лясы ператвараюцца ў сьметніцы, адказнасьць павінна несьці менавіта ўлада – сельсавет, райвыканкам, міліцыя. Калі самі яны ня маюць магчымасьці і паўнамоцтваў, каб спыніць гэты не зусім празрысты бізнэс – то накіраваць яго ў цывілізаванае рэчышча, арганізаваць дзейнасьць гандляроў так, каб яна не стварала дадатковых праблемаў мясцовым жыхарам – іхны наўпроставы, непасрэдны абавязак.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by