Пачаўся збор подпісаў у падтрымку Канавалава і Кавалёва

У беларускім сэктары Інтэрнэту пачаўся збор подпісаў супраць вышэйшай меры пакараньня ў дачыненьні да меркаваных арганізатараў тэракту ў менскім мэтрапалітэне 11 красавіка 2011 году. Тады 15 чалавек загінулі, сотні людзей былі параненыя. У першы ж дзень пад пэтыцыяй у падтрымку абвінавачаных падпісаліся больш за 10 тысяч чалавек.

Прысуд 25-гадовым жыхарам Віцебску Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, для якіх пракурор запатрабаваў сьмяротнага пакараньня, будзе вынесены 30 лістапада. Аднак грамадзкасьць Беларусі спадзяецца, што Фэміда праявіць гуманізм, і ня будзе сьпяшацца з канчатковым вэрдыктам.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Ігар Карней, праваабаронцы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, кажуць, што ў справе вялікая колькасьць нестыковак, а абвінавачаньне будуецца, перш за ўсё, на відэаматэрыялах з камэр назіраньня мэтрапалітэну. Тым часам, абаронцы абвінавачаных сьцьвярджаюць, што Канавалава і Кавалёва на відэа не пазнаюць нават іх бацькі. Адзін з адвакатаў наогул заявіў, што прадстаўленыя суду матэрыялы – ня больш, чым мантаж.

Аднак бок абвінавачаньня лічыць, што віна віцебскіх тэрарыстаў даказаная цалкам. З гэтым пунктам гледжаньня згодны і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які 19 лістапада ў інтэрвію праграме «Весткі ў суботу» на канале «Расія-24» канстатаваў, што абвінавачаныя ў выбуху ў менскім мэтро павінны панесьці самае суровае пакараньне: «Усё наша грамадзтва перажыло шок , – адзначыў кіраўнік Беларусі. – Гэта недаравальна, і я як прэзыдэнт лічу, што павінна быць самае жорсткае пакараньне за падобныя дзеяньні».

Арганізатары збору подпісаў пад пэтыцыяй у абарону Канавалава і Кавалёва не выключаюць, што да вышэйшай меры могуць быць прысуджаныя маладыя людзі, якія ня маюць да тэракту ніякага дачыненьня: «Няма канкрэтных доказаў, што менавіта гэтыя людзі зьдзейсьнілі тэракт. Падпішыце гэтае хадайніцтва, каб мы ўсе маглі выратаваць гэтыя жыцьці», – сказана ў звароце.

Тэкст пэтыцыі накіраваны ў штаб-кватэру ААН і ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, уключаючы «Human Rights Watch». Ініцыятары маюць намер сабраць ня менш за 100 тысяч подпісаў.