У лядовым палацы замарозілі заробак

Эканамічны крызіс штурхае да жорсткай эканоміі беларускія прадпрыемствы і камунальную сфэру, ставіць іх пад пагрозу банкруцтва, а грамадзян штурхае на заробкі за мяжу.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На Берасьцейшчыне аднымі зь першых на мяжу банкруцтва сталі адкрытыя з помпай лядовыя палацы ў Пружанах, Баранавічах, Івацэвічах і Берасьці.

Днямі стала вядома, што ў першай палове лістапада за нявыплату грашовага крэдыту ў суме больш як 1,5 мільярда рублёў быў юрыдычна зьліквідаваны «Берасьцейскі хакейны клюб». Адначасова старшыня берасьцейскага аблвыканкаму Канстанцін Сумар падпісаў распараджэньне аб пераводзе лядовага палаца ў Берасьці на балянс абласнога бюджэту. Цяпер ён будзе атрымліваць абласныя датацыі.

Каардынатар руху «За свабоду» па Берасьці Дзяніс Турчэняк кажа, што цяпер можна разьвітацца зь мітам аб прыбытковасьці лядовых палацаў:

«Хакейны клюб „Брэст“, на балянсе якога знаходзіцца берасьцейскі лядовы палац, завінаваціўся, паводле афіцыйных дадзеных, 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Пры гэтым зусім нядаўна дырэктар хакейнага клюбу Вадзім Драчоў заявіў, што сам лядовы палац акупляецца ўсяго працэнтаў на 20. Апошнім жа часам узьнікла праблема нават з выплатай заробкаў працаўнікам палаца. Яны скардзіліся, што заробак ім не выплочваюць са жніўня».

Супрацоўніца лядовага палаца паведаміла «Свабодзе», што заробкі сапраўды затрымліваюцца:
Праўда, мне яшчэ за кастрычнік заробак не аддалі. Пакуль ня ведаю, чым начальства гэта тлумачыць

«Праўда, мне яшчэ за кастрычнік заробак не аддалі. Пакуль ня ведаю, чым начальства гэта тлумачыць. Яшчэ ў нас гэтая рэарганізацыя адбылася. Ужо вось выплачваецца за верасень».

Крызіс, які ўдарыў па кішэнях найперш простых грамадзянаў, прымусіў берасьцейцаў задумацца над тым, ці могуць яны выдаткоўваць грошы на наведваньне лёду:

Спадарыня: «Раней мы хадзілі катацца на лёд разам з бацькамі. Але цяпер гэта досыць дорага, бо каб раз на тыдзень схадзіць у лядовы ўсёй сям’ёй, гэта трэба выкласьці каля 200 тысяч на месяц. А цяпер такая сытуацыя, што і так эканоміш на ўсім, таму нам далёка не да лядовага…»

Іншыя кажуць, што лядовы палац лепей перапрафіляваць у канцэртную залю, каб ён не ляжаў цяжарам на плячах падаткаплатнікаў:

Спадар: «Я лічу, каб лядовы палац акупіўся, трэба, каб у ім ладзіліся хаця б штотыдзень нейкія канцэрты або мерапрыемствы. Тады можна будзе гаварыць, што ёсьць нейкі прыбытак».

Тым ня меней на Берасьцейшчыне адчыняюцца іншыя пампэзныя аб’екты. У пачатку лістапада адчынілася лядовая арэна ў Івацэвічах, у плянах — адкрыцьцё лядовага палаца ў менш як 15-тысячным Драгічыне.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У Гомелі гарадзкая камунальная гаспадарка ня ў стане разьлічыцца з пастаўшчыкамі электраэнэргіі за вулічнае асьвятленьне. Камунальнікі ў лістападзе мусяць пералічыць энэргетыкам 1,9 мільярда рублёў — на 700 мільёнаў болей, чымсьці ў кастрычніку.

Каб выкараскацца зь цяжкага фінансавага становішча, генэральны дырэктар прадпрыемства гарадзкой ЖКГ Віктар Кулага прапанаваў мясцовым уладам на 1–2 гадзіны раней пераходзіць на «начны рэжым» — выключаць вечаровае вулічнае асьвятленьне.

Мінакі абласнога цэнтру й без таго не ў захапленьні ад асьвятленьня вуліц і дваровых тэрыторый.

Жыхар вуліцы Ўладзімерава: «У дварах і без таго няма асьвятленьня. У нас толькі адна апора зь ліхтаром на ўвесь квартал — вуліца Ўладзімерава, дамы 9, 11, 13. Цёмна».
Няхай ужо выключаюць усе ліхтары, каб нікому не сьвяцілі. Толькі там пакінуць, дзе начальнікі ходзяць

Кабета сярэдняга веку з вуліцы Вароўскага: «У нас у двары толькі адзін пляфон гарыць, што каля сьметніцы, і ўсё. І так на нас эканомяць — на кім жа яны эканомяць? Тым больш у зімовы час. У летні няхай выключаюць а 12-й ночы. А зімой — куды? Хтосьці ходзіць зь дзецьмі на каток, хтосьці ў басэйн. І ўсё безь сьвятла? Дык няхай ужо і ў дамах выключаюць — будзем сядзець пры сьвечках. І газ няхай адключаюць — будзем дровы нарыхтоўваць».

Спадарыня Тамара з вуліцы Дзям’яна Беднага: «Можна й наагул не ўключаць у нас — а хто мы такія? Хоць у прынцыпе ў нас ня так і бясьпечна. Ня трэба забіраць усё — і так багата чаго забралі. Няхай ужо выключаюць усе ліхтары, каб нікому не сьвяцілі. Толькі там пакінуць, дзе начальнікі ходзяць. Каб ім было відно й добра — і ўсё».

У зьвязку з крызісам гомельскія камунальнікі пачалі скарачаць у горадзе й сваіх працаўнікоў. За мінулыя дзесяць месяцаў іх колькасьць скарацілася на паўтысячы чалавек.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У крызіс беларусы ўсё часьцей пакідаюць працу і зьяжджаюць на заробкі. Жыхар Наваградку Ўладзімер паведаміў, што ў ягоным горадзе цяпер фармуюцца брыгады будаўнікоў, якія едуць у Расею.

Спадар: «Ну што тут рабіць, калі ў Расеі можна спакойна тысячу даляраў зарабіць, а ў нас толькі сто? Таму і едуць людзі з усіх прадпрыемстваў, бо максымум тут можна зарабіць мільён, а мільён — гэта і ёсьць тыя 100 даляраў…»

Спадар Уладзімер кажа, што на расейскіх будоўлях можна сустрэць беларусаў з самых розных рэгіёнаў, прычым, працуюць яны вахтавым мэтадам.

Спадар: «Ну вось мы ехалі адразу пяцёх з Наваградку, далей брыгада фармавалася ў Менску, а праз тыдзень прыяжджала яшчэ адна брыгада, вахтамі працавалі. І ўсе гэтыя брыгады былі зь Беларусі, толькі з розных гарадоў: Салігорску, Сьветлагорску і г.д.».