У пятніцу ў Маскве сустрэнуцца прэзыдэнты краін Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. Сёньня прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў паведаміў, што 18 лістапада ў Крамлі будзе падпісанае пагадненьне, якое тычыцца далейшай эканамічнай інтэграцыі. Ці можна назваць заплянаванае пагадненьне нейкай кардынальнай зьменай у адносінах трох краінаў? Ці ёсьць у паскарэньні постсавецкай інтэграцыі з ініцыятывы Крамля палітычны чыньнік? Ці можа пашкодзіць цяперашняя інтэграцыя з Расеяй і Казахстанам эўрапейскай пэрспэктыве Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае дацэнт Маскоўскага Дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.
Цыганкоў: Заявы палітычных лідэраў, у тым ліку прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева, наконт заўтрашняга падпісаньня гучаць даволі ўрачыста, я б сказаў, нават напышліва. Наколькі на самой справе важнымі будуць заплянаваныя дакумэнты? Ці можна гэта назваць нейкімі новымі формамі інтэграцыі, або гэта працяг таго, што ўжо ёсьць?
Коктыш: Вядома, тут нічога новага, гэта працяг той формы інтэграцыі, якая існуе ўжо паўтара года. Яна мае на мэце стварыць адзіную мытную прастору на тэрыторыі паміж Кітаем і Эўразьвязам. Гэта азначае, што Казахстан, Расея і Беларусь будуць уяўляць зь сябе адзіную мытную тэрыторыю.
Гэта даўно падрыхтаваны праект, але запрацуе ён толькі на палову моцы, бо Эўропа ў крызісе і ня можа спажываць кітайскія тавары ў тых аб’ёмах, на якія ўсе разьлічвалі.
Цыганкоў: З улікам таго, якую ўвагу аддае гэтаму праекту расейскае кіраўніцтва — ці можна меркаваць, што тут прысутнічаюць ня толькі эканамічныя матывы, але і палітычны чыньнік?
Коктыш: Вядома, палітычны чыньнік тут ёсьць, і ён даволі празрысты. У Расеі праз тры тыдні парлямэнцкія выбары. Партыя ўлады «Адзіная Расея» перажывае зусім ня лепшыя часы. І Мядзьведзеў, якія ачольвае гэтую партыю, мае моцную патрэбу ў нейкім піярным праекце, які здолее прыпадняць рэйтынг «Адзінай Расеі».
Электаральны кантэкст тут відавочны — больш за тое, мне здаецца, што ён першасны
Так што электаральны кантэкст тут відавочны — больш за тое, мне здаецца, што ён першасны. Любая падзея, якая адбываецца за тры тыдні да выбараў, мае перш за ўсё электаральны кантэкст, і яшчэ пытаньне, ці знойдзем мы за ёю нешта іншае.
Цыганкоў: Многія прыхільнікі эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі непакояцца, ці ня стане незваротным працэс інтэграцыі з Расеяй і Казахстанам? Ці здолее ў будучыні Беларусь павярнуцца на Захад?
Коктыш: Беларусь заўжды здолее павярнуцца тварам да Захаду, калі Захад убачыць нешта патрэбнае для сябе ў Беларусі.
Уключэньне Беларусі ў гэты транзытны праект — гэта ня новае, гэта тая эканамічная роля, якую Беларусь адыгрывала так ці інакш апошнія трыста гадоў. Нічога Эўразійскі зьвяз істотна ў гэтым не мяняе.
У Расеі, Беларусі й Казахстане былі надта высокія спадзяванкі на гэты праект. Нібыта можна будзе проста сесьці на транзыт, нічога не рабіць і атрымліваць грошы за транзыт усходніх тавараў у Эўропу, бо тая мае моцную патрэбу ў кітайскіх таварах. Дык вось гэтыя спадзяванкі ня маюць моцных шанцаў ажыцьцявіцца. Так, калідор запрацуе, але попыт на прадукцыю з Эўропы пакуль невялікі, бо саму Эўропу трасе і невядома, што будзе з грашыма.