"Адна кароўка на ўсю вёску. А той гаспадар, што яе трымае, ледзь ходзіць"

Валянцін Жданко

Тэма, якая часта гучыць у пошце "Свабоды", — заняпад беларускай вёскі. У той час як дзяржаўнае тэлебачаньне штодня паказвае сюжэты пра посьпехі сельскай гаспадаркі і росквіт аграгарадкоў, многія слухачы "Свабоды" ў сваіх лістах апісваюць зусім іншыя карціны вясковага жыцьця ў Беларусі, якія маюць мала агульнага з прапагандысцкімі штампамі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Нашага слухача Аляксандра Лешыка з Баранавічаў абурае і раздражняе тое, як гэтая праблема асьвятляецца ў дзяржаўных мэдыях. Спадар Аляксандар піша:

"Родам я зь вёскі Трацьцякоўцы Ляхавіцкага раёну. Там прайшло дзяцінства. Успамінаю, якой маляўнічай была тады прырода: усё ў кветках, паўсюль птушыны гоман. Вёскі шматлюдныя. Усе працавалі, у вольны час весяліліся, песьні сьпявалі. Паехаў туды нядаўна: убачыў абязьлюдзелую, нежывую вёску. Адна кароўка на ўсё паселішча. Дый той гаспадар, што яе трымае, сам ледзь ходзіць...

Асабіста мне сьмешна слухаць, як улада хваліцца тым, што нібыта адрадзіла вёску. Паказваюць па тэлебачаньні, як усё наўкол апрацоўваецца, людзі завіхаюцца, косяць сена, асушаюць балоты... Паважаныя, паедзьце на вёску! Усё зарастае, ніхто і касой не ўзмахне... Мала таго, што гэтая ўлада дарэшты дамалаціла калгасы, дык цяпер яшчэ навязвае іх, як хамут на шыю, прамысловым прадпрыемствам. Пасылаюць людзей за 50 кілямэтраў, адрываюць ад працы, марнуюць грошы... Каму патрэбны гэтыя паказуха і марнатраўства?

Радыё Свабода я слухаю ад 19-га сьнежня мінулага году пастаянна. Удзячны вам, што вы ня толькі служыце праўдзе, але яшчэ і дапамагаеце Аляксандру Лукашэнку лепш за ўсіх ягоных чыноўнікаў. Яны ж хлусяць на кожным кроку, прыхарошваюць, прыгладжваюць рэчаіснасьць. Карацей, загрузьлі ў хлусьні, і толькі хваляць адны адных. Ад каго яшчэ Лукашэнка можа пачуць праўду пра тое, што сапраўды дзеецца ў ягонай краіне?"
.

Аляксандру Лукашэнку дастаткова зьехаць з бальшака, адхіліцца хаця б на паўкілямэтра ад любога з тых маршрутаў, па якіх яго ўжо васямнаццаты год возяць паслужлівыя чыноўнікі, — і ён убачыў бы сапраўдную беларускую вёску. Бязь лялечных дамкоў, фарбаваных платоў, пабеленых фэрмаў і шчасьлівых твараў цьвярозых калгасьнікаў. За гэтыя гады яму ў рознай форме ня раз намякалі, што — варта было б адхіліцца, збочыць, зазірнуць туды, дзе няма паказухі, а ёсьць рэальнае жыцьцё... І кожны раз ён апраўдваў тых, хто рыхтуе гэтыя ўрачыстыя паездкі па найбольш пасьпяховых аб'ектах: маўляў, любы гаспадар, калі прымае гасьцей, паказвае толькі лепшае. За што ж дакараць гасьціннага гаспадарніка?

Але справа ж у тым, што ён зусім не ў гасьцях, а ягонай дапамогі і падтрымкі чакаюць зусім у іншых мясьцінах.

Напрыклад, у тых, што апісвае ў сваім лісьце на "Свабоду" іншы наш слухач — Васіль Завадзкі з Маладэчна, якога таксама турбуе імклівы заняпад і дэградацыя беларускай вёскі. Спадар Васіль піша:

"Зьбяднелы і сьпіты народ Беларусі ў сваёй бальшыні ператвараецца ў люмпэн-пралетарыят. Асабліва гэта датычыць жыхароў сельскай мясцовасьці. У хуткім часе кароў, сьвіней, свойскую птушку трэба будзе заносіць у Чырвоную кнігу. І справа ня толькі ў тым, што ўсё меней ахвотных цяжка працаваць на вёсцы. Вы паглядзіце, якія цэны на камбікорм, на збожжа, на бульбу? А са стратамі для самога сябе ніхто працаваць ня хоча.

Цяпер у Маладэчне на нядзельных кірмашах парасятамі ўжо амаль ніхто не гандлюе. Калі і бываюць — то ня больш за дзясятак. Вёска паціху вымірае. Вясельляў там ужо больш не спраўляюць. Калгасныя фэрмы таксама стратныя. Вазіць даярак і пастухоў даводзіцца з аграгарадкоў, на далёкія адлегласьці — а гэта дадатковыя страты, бо бэнзін вельмі дарагі.

Сёньня ўжо можна ў кожнай краме пачуць галасы абураных людзей, для якіх многія прадукты, асабліва мясныя, сталі недаступнымі. Тыя, хто яшчэ некалькі месяцаў таму мог хоць зрэдку дазволіць сабе добрую каўбасу, цяпер вымушаны пераходзіць на "ліверку". Людзі чакаюць падвышэньня пэнсіяў, але хіба тыя падвышэньні ўгоняцца за цэнамі?"
.

Адносна коштаў на беларускае харчаваньне. Адметна, што многія жыхары сумежных з Польшчай раёнаў Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны ўжо працяглы час стараюцца езьдзіць па прадукты харчаваньня (асабліва мясныя) у беластоцкія ды бяла-падляскія гіпэрмаркеты. Там і таньней, і больш якасна. Як гэта магчыма, калі сярэдняя зарплата ў Польшчы — больш як 1100 даляраў, а цэны на энэрганосьбіты ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі? Адкуль пры такіх выдатках на працоўную сілу і на паліва бярэцца нізкі сабекошт прадукцыі?

Пры гэтым узгадаем: 20 год таму, калі ў Польшчы кіраваў аўтарытарны камуністычны рэжым, мяса, цукар і некаторыя іншыя прадукты палякі атрымлівалі па картках. І як усё хутка зьмянілася, калі аўтарытарную ўладу прагналі, дзяржгасы распусьцілі, а падтрымліваць дзяржава пачала ня штучна прыдуманыя бюракратычныя структуры, а тых, хто на зямлі працуе і каму гэтая зямля належыць.

Пра эканамічныя ўзрушэньні апошняга часу — маштабную дэвальвацыю нацыянальнай валюты і, як вынік, імклівую інфляцыю — разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:

"Як ні дзіўна, абвал беларускага рубля выканаў ня толькі разбуральную, але і аздараўляльную ролю для нацыянальнай эканомікі. Гэтак жа, як гэта адбылося ў '98-м годзе ў выніку дэфолту ў Расеі. Абвал рубля ў значнай ступені пайшоў на карысьць Лукашэнку. Цяпер ня трэба надзімацца, як жаба, дзеля абяцанага сярэдняга даходу ў 500 даляраў. Заробак упаў да 250-ці даляраў і працягвае зьніжацца. Верагодна, 200 даляраў і ёсьць рэальнай лічбай вартасьці, эфэктыўнасьці беларускай эканомікі.

Затое якія пэрспэктывы разгортваюцца перад вытворцамі-экспартэрамі! А гэта ж — галоўная асаблівасьць прамысловай структуры Беларусі.

Крызіс за няпоўны год зробіць для Лукашэнкі тое, на што запатрабавалася б гадоў пяць асьцярожных і цяжкіх эканамічных рэформаў! Рубель абваліўся — і цяпер значна зьнізіцца попыт на замежную валюту. І крэдыты запатрабуюцца зусім не завоблачныя. Для Лукашэнкі цяпер важна атрымаць гэтыя крэдыты і спакойна пераседзець бліжэйшую зіму. А потым насельніцтва прыцерпіцца, прывыкне... На пэўных рэзэрвах, якія Лукашэнка назьбірае да 2015-га году, ён яшчэ залезе ў прэзыдэнцкае крэсла і на наступны тэрмін.

Немагчыма адразу зрабіцца Польшчай узору 2011-га году зь сярэдняй зарплатай 1100—1200 даляраў. Дзеля гэтага трэба прайсьці 22 гады сапраўдных рэформаў — а не сядзець, як калгасна-блатны прастачок, на датацыях Расеі з царом-атаманам на троне. Так што наперадзе нас чакае доўгая паласа трансфармацый. Але на бліжэйшыя гады, мяркую, наша вяскова-партызанска-хамаватае насельніцтва застанецца з ранейшым царом"
.

Так, спадар Алесь, для дзяржаўных фінансаў гэта станоўчая зьява: зьнізіліся заробкі, пэнсіі, сацыяльныя дапамогі — значыць, меней выдаткаў з казны, большыя магчымасьці для таго, каб разьлічвацца з замежнымі крэдыторамі, паляпшаць плацёжны балянс. Зноў жа, танныя тавары прадаць за мяжу нашмат прасьцей, чым дарагія... Пытаньне ў тым, ці захочуць цярпець гэта людзі, у якіх банальна выцягнулі з кішэні больш як палову даходаў? І зь якім тварам пойдзе на блізкія парлямэнцкія выбары ўлада, якая яшчэ год таму цьвёрда абяцала даць 500 даляраў заробку, а на працягу бліжэйшых гадоў падняць да тысячы і наблізіць да заробкаў у разьвітых краінах Захаду? Ці вы лічыце, што людзі могуць і павінны моўчкі дараваць палітыкам любую хлусьню, некампэтэнтнасьць і крывадушнасьць?

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з падзякамі і пажаданьнямі ад нашых даўніх слухачоў і аўтараў. Вось што піша Мікалай Кісялёў зь вёскі Казлы Дубровенскага раёну:

"Дзякуй вам за перадачы. Бываюць дні, калі праграма "Свабоды" — адзінае сьветлае, што здараецца за гэты час у жыцьці. Слухаю, аналізую, разважаю. Люблю "Званочкі", літаратурныя праграмы. А калі хоць дзень не паслухаеш вас — то і ня ведаеш, што на сьвеце робіцца".

І яшчэ адзін ліст-водгук — ад Анатоля Чачоткі зь Менску. Слухач піша:

"У адказ на сваю просьбу атрымаў ад вас кнігу Аляксандра Лукашука "Сьлед матылька. Освальд у Менску". Вялікі дзякуй. Я і раней слухаў урыўкі з гэтай кнігі па Радыё Свабода. Аднак з-за тэхнічных перашкодаў ня ўсё ўспрымалася належным чынам. З тым большай асалодай чытаў кнігу. Напісаная рукой майстра, цудоўнай роднай мовай, з выкарыстаньнем найцікавейшых фактаў — яна выклікае толькі захапленьне".

Дзякуй вам, спадар Анатоль, за добрыя словы. На працягу апошніх тыдняў мы атрымалі некалькі сотняў заявак з просьбай пра кнігу "Сьлед матылька", якая нядаўна выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды". Амаль усім нашым актыўным слухачам — аўтарам найбольш цікавых лістоў — гэтую кнігу мы ўжо адаслалі ў якасьці падарунка. Самыя адметныя цыклі перадач, якія гучалі і працягваюць гучаць на нашых хвалях, і надалей будуць зьяўляцца ў выглядзе кніг у "Бібліятэцы Свабоды".

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by