Дэпартаваная Магдалена Каліноўска спадзяецца на адмену трохгадовай забароны на ўезд у Беларусь

Магдалена Каліноўска – апошнія хвіліны ў Магілёве

16 лістапада заканчваецца адведзены аддзелам міграцыі і грамадзянства Кастрычніцкага раёну Магілёва тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі грамадзянкі Польшчы, супрацоўніцы няўрадавай арганізацыі «Fundacja Institutum Orientalium» Магдалены Каліноўскай.

11 лістапада аддзел пастанавіў дэпартаваць замежніцу з-за парушэньне ёю рэжыму знаходжаньня ў Беларусі. Да 16 лістапада 2014 году ёй забаронены уезд у Беларусь.

Сёньня ранкам Магдалена Каліноўска выехала з Магілёва. Да канца дня плянуе быць на беларуска-польскай мяжы. У Беларусь яна прыехала на ўласным аўто ў жніўні. Паводле замежніцы, праблемаў з атрыманьнем беларускай візы ў яе не было. За час побыту ў Магілёве прэтэнзій з боку міліцыі да 11 лістападу таксама не было.

У Магілёве Магдалена Каліноўска працавала па праграме польскай дапамогі беларускім прадпрымальнікам — рыхтавала стажораў для навучаньня ў Польшчы навыкам вядзеньня бізнэсу. Ад жніўня яна падрыхтавала некалькі груп мясцовых прадпрымальнікаў, якія наведалі Польшчу.

Матывы дэпартацыі зь Беларусі Магдалена Каліноўска не разумее, аднак прызнае, што кароткі час жыла не па месцы рэгістрацыі. Гэта й стала прычынай для абвінавачваньня ў парушэньні рэжыму і штрафу ў 7 тысяч рублёў. Рашэньне аддзелу міграцыі й грамадзянства Каліноўска абскардзіла ва ўпраўленьні ўнутраных спраў аблвыканкаму. Спадзяецца, што ёй анулююць трохгадовую забарону на ўезд у Беларусь.

Перад ад’ездам у інтэрвію “Свабодзе” Магдалена Каліноўска заявіла:

“Хоць у мяне на сэрцы крыўда, але нават пасьля таго, што са мной здарылася, я люблю Беларусь”.

700 кілямэтраў да беларуска-польскай мяжы. Машына падрыхтаваная


Разьвітаньне