«Пракаповічу за год газ правялі, а мы, мясцовыя, як гаротнікі»

Калі ехаць па сёньняшнім праспэкце Пераможцаў, дык праз пару кілямэтраў за «Менск-Арэнай» непадалёк ад дарогі паўстае новы пасёлак дарагіх асабнякоў. Высокія платы, мэталадахоўка, яркія фарбы. Нават адразу і не падумаеш, што за сьцяною гэтых фазэндаў хаваюцца старыя драўляныя хаты вёскі Ржавец. Напэўна, самай блізкай да сталіцы і, як ні дзіўна, самай гаротнай вёскі.


Маленькая хата Ніны Станіславаўны Стасевіч абкружаная будоўлямі новых фазэндаў. Пані Ніна, невысокая жанчына з кароткай гарадзкой стрыжкай і прыроднай беларускай мовай, усё жыцьцё прапрацавала лябаранткай у менскім «Водаканале». Яна найдаўнейшая старажылка Ржаўца і памятае навакольле зусім іншым.



— Была вёска невялікая. 11 хат. Былі хаты параскіданыя. Тут хата, на горцы хата. У канцы майго гарода быў лес. Падчас вайны немцы нашых палонных прыгналі і прымусілі лес высечы. А на гары стаяў пражэктар нямецкі. Нават былі дзьве магілы салдацкія ў канцы майго гарода. Пасьля, у 50-я, гэтыя магілкі кудысьці забралі, парэшткі перавезьлі. Тут дзьве і дзе сажалка, унізе. Цагельня. Там некалі цэглу здабывалі. На гэтай сажалцы.


А гэтая сажалка засталася?


— Засталася. Цяпер рынак там яе спаганіў. Раней там і купаліся, і тапіліся. Пасьля, у 60-я, панаехала людзей і стала большая вёска. Але магазына ў нас ні тады, ні цяпер не было і няма. І мы ўсё жыцьцё гаравалі і гаруем.


Дзіўна. Ледзь ня самая блізкая да гораду вёска пакутавала ад адсутнасьці цывілізацыі больш за іншыя. І праблемы тут людзі вырашалі самі.

Дык пакуль дабяжыць нехта — то хата згарыць. А калі захварэе нехта, то паміралі людзі, пакуль нехта дазвоніцца

— Так гаравалі мы, што плакаць хочацца ад крыўды. Сьвятла не было. Пры керасінках сядзелі да 55-га года. Тады людзі склаліся самі. Купілі слупы, купілі праводку. Сьвятло правялі. Тэлефона таксама не было. Самі правялі. А было так. Чалавек захварэе ці трэба пажарныя — то трэба бегчы, дзе цяпер «Мінск-Арэна». Толькі адтуль можна было выклікаць хуткую ці пажарную. Дык пакуль дабяжыць нехта — то хата згарыць. А калі захварэе нехта, то паміралі людзі, пакуль нехта дазвоніцца.


Гэта вы былі пры самым горадзе!


— Так. І ніхто пра нас ня ведаў. А пасьля асушылі балота. Тут жа было балота ўнізе. Сажалка была і балота. Мы торф некалі нават рэзалі ды ў печах палілі. А як асушылі балота, вады ня стала ў калодзежах. Дык сьнег таялі зімой, каб скаціне нешта наліць. І калі ноччу ня ўстанеш гадзіне а трэцяй, не набярэш вады добрай, каб есьці зварыць сабе, дык усё, збаламуцяць.


І цяпер карэнныя ржаўцы вырашаюць свае праблемы самі. Не спадзеючыся на дзяржаву. Вось гоніць дзьве каровы былы будаўнік Віктар. Абурана паказвае на навюткія катэджы за непрыступным плотам.



— Хіба гэта справядлівасьць? Пракаповіч, банкір, — яму за год газ правялі. А мы, мясцовыя, як гаротнікі. А яму за год. Пяць дамоў! Усё агароджана плотам, як на Драздах. Вось так, таварыш журналіст. А мы — гаварылі: на Новы год будзеце з газам. Каб было па паўтара мільёна, пачнём капаць. Летам сабралі — ужо па пяць мільёнаў. Тыдзень таму сабралі — ужо шэсьць трыста.


Паўтара мільёна ператварыліся...


— Цудоўным чынам у шэсьць трыста. Усе згодныя. Колькі ж мучыцца. Вядуць у тундрах. А тут — побач з горадам! Магазына няма.


А куды вы ходзіце купляць?


— Усе ж працуюць у горадзе. Гэта я не здаюся, каровак трымаю.


На халеру вы іх трымаеце?


— Малако люблю. Цешча любіць малако. Я працую. Якая праца, такія і грошы. На рынку прыбіральшчыкам. Сямсот тысяч. Хіба гэта грошы? А каб не малачко, не сьмятанка, не тваражок... Налета задумаў сьвіньні купляць. Таму што гэта труба.


Вы будзеце выжываць сваёй гаспадаркай...


— Так.

Пойдуць, каб дубінай атрымаць. Разумны чалавек ня пойдзе. Ізноў смаркачоў назьбіраюць. Даляраў падкінуць

8 кастрычніка будзе Народны сход. Вы ведаеце пра гэта ці не?


— Пойдуць, каб дубінай атрымаць. Разумны чалавек ня пойдзе. Ізноў смаркачоў назьбіраюць. Даляраў падкінуць.


А вы думаеце, яны ідуць за даляры?


— А за што яны ідуць?


Проста надакучыла.


— Надакучыла? А нічога не пераменіцца. Ну, атрымаюць дубінай, пойдуць за краты. Разумны чалавек ня пойдзе. Я не пайду. Што на гэтага Лукашэнку гнаць? Калі б ня ён, ягоныя смаркачы б задушылі. Яны людзі, а мы ня людзі.


Зразумець такую лёгіку, прызнацца, мне не пад сілу. Лукашэнка добры таму, што не дае сваім, як кажа Віктар, смаркачам, задушыць народ. Прычым «смаркачы» ўжо з газам, а Віктару, каб той газ аплаціць, трэба працаваць не адзін месяц. Калі расейская душа загадкавая, дык беларуская нейкая парадаксальная.


Мацьвей Якаўлевіч Скок праз пару гадоў справіць 80-гадовы юбілей. Гэты жвавы і гаваркі дзядок вельмі адпавядае свайму прозьвішчу. Скок. Скача ён апошнім часам па сталічных канторах сацыяльнай дапамогі. У 44-м Мацьвей правёў разам з маці і сястрой тры месяцы ў беластоцкім працоўным лягеры. За гэта атрымаў ад Нямеччыны грашовую кампэнсацыю. Але даведаўся, што на гэтым нямецкі доўг ня скончаны. Можна раз на год лячыцца ў санаторыі. Але старыя Скокавы дакумэнты сацыяльныя службы не прызнаюць. Спадар Мацьвей нават дабраўся да самой міністаркі Мар’яны Шчоткінай.



— У яго сьведкі былі. Але яны памерлі. Яны зараз патрабуюць — прывядзі іх жывых!


— Я ў міністэрства пайшоў да гэтай Шчоткінай. Яна сядзіць у крэсьле. Вось мае намесьнікі, мужыкі. Яны ўсё ператруць, перамелюць і табе адказ дадуць.


Скокава жонка ўстаўляе:


— Я ўгаворваю дзеда: кінь, здароўя няма.


— Наадварот. Мускулы качаю. Каб іх правучыць!


Жонка Скока вельмі яскрава жывапісала стаўленьне дактароў хуткай дапамогі, якія вымушаныя дабірацца да Ржаўца.



— Прыехала хуткая. Ляжыць хворы, не размаўляе. А яны кажуць — ты што, сталінскі пэнсіянэр, нас трывожыш? Мы з-за цябе павінны ехаць. Мы сталінскія, мы загартаваліся. А вы чые будзеце?


А гэта лукашэнкаўскія дактары. Няправільна кажу?


— Правільна.


Западозрыўшы мяне ў нелюбові да першага прэзыдэнта, спадар Скок вырашыў сказаць сваё слова на адрас апазыцыі.


— Апазыцыю я не люблю. Бо яны не прыходзяць у народ. Яны баяцца народу. Прыйшоў бы тут, заступіўся б за мяне. Мы б за яго ў агонь і ў ваду. Езьдзяць па сьвеце і кажуць — беларускі народ... не гандлюйце зь ім. Ну што гэта такое? Ты ж жывеш тут! Гэта не па чэснасьці. Апазыцыя павінна зь людзьмі жыць і зь людзьмі дзяліцца.


А тым часам Ніна Станіславаўна Стасевіч сабрала прыгожую горку гарбузоў на сваім падворку. І прысела адпачыць. Вось толькі, дзе раней была неаглядная далечыня да Драздоў, цяпер позірк упіраецца ў бэтонныя канструкцыі нейкага будучага палаца.



— Дзяржава ня думала пра нас. А цяпер нас усе бачаць! Цяпер Ржавец — такое месца элітнае! Тут будзе «Лябяжы»! Лятаюць на крутых машынах і ўсё пытаюць — дзе купіць зямлі? Каб пабудавацца.


Вам не прапаноўвалі?


— Прапаноўвалі таксама і нам.


І што вы ім сказалі?


— Не хачу нікуды адсюль ехаць. За любыя грошы. Што мне тыя грошы?