Напярэдадні Народнага сходу — суды і арышты

Заўтра, 12 лістапада, народныя сходы адбудуцца пераважна ў тых жа рэгіёнах, дзе яны адбыліся 8 кастрычніка. Тады ўдзельнікі патрабавалі ад улады спыніць рост цэнаў, індэксаваць заробкі, пэнсіі й стыпэндыі, скасаваць сыстэму кароткатэрміновых абавязковых кантрактаў, вызваліць палітвязьняў, а таксама правесьці новыя свабодныя выбары прэзыдэнта й парлямэнту.

Гомельшчына


Актывісты Народнага сходу — за кратамі

Напярэдадні другой сэсіі Народнага сходу мясцовыя ўлады ізалявалі двух старшыняў аргкамітэтаў: Валера Рыбчанку са Жлобіна й Васіля Палякова з Гомеля. Абодва яны пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі нібыта за парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства: Рыбчанка — на 14 сутак, Палякоў — на 5.

Праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка: «Зразумела, што ў дачыненьні да Васіля Палякова й Валера Рыбчанкі вынесены палітычна матываваныя прысуды, каб ізаляваць іх на час правядзеньня Народных сходаў 12 лістапада ў Гомелі, а таксама ў Жлобіне».

Васіль Палякоў галадае за кратамі

Грамадзкія актывісты гуртам сабралі перадачы арганізатарам Народных сходаў і павезьлі іх у ізалятар. Як высьветлілася, Васіль Палякоў на знак пратэсту супраць пакараньня абвясьціў галадоўку.

Судаленка: «Дзяжурны ізалятара, які прымаў у нас перадачы, афіцыйна пацьвердзіў, што Васіль Палякоў трымае галадоўку. Яму дазволена перадаваць ваду й сокі. А вось Валер Рыбчанка галадоўкі не трымае, таму для яго ў ізалятары пагаджаліся ўзяць толькі сьвежыя газэты, а ваду й сокі — не.

У адказ мы запатрабавалі кнігу скаргаў. Дзяжурная доўга камусьці тэлефанавала і пасьля чацьвёртага званка сказала: «Добра, прымем сокі й для Валера Рыбчанкі».

Арышт арганізатараў не азначае, што сходаў ня будзе. Перад адпраўкай у ізалятар Васіль Палякоў, у прыватнасьці, заявіў:
Безумоўна, усё гэта робіцца адмыслова. Але, тым ня менш, сход адбудзецца

«Безумоўна, усё гэта робіцца адмыслова. Але, тым ня менш, сход адбудзецца. І тыя рашэньні, якія павінны быць прынятыя, будуць прынятыя, нягледзячы на ўсе перашкоды».

Паводле інфармацыі сябра аргкамітэту Народнага сходу Ўладзімера Кацоры, у горадзе ўжо зьявіліся ўлёткі, якія запрашаюць мінакоў 12 лістапада на другую сэсію Народнага сходу ля ДК «Віпра».

Тут мяркуецца зачытаць адказы з Саўміну й Нацыянальнага банку, атрыманыя на прапановы-патрабаваньні, прынятыя ўдзельнікамі Народнага сходу 8 кастрычніка.

Кацора: «Усё робіцца ў адпаведнасьці з законам пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы. Але ўлады падганяюць усё гэта пад закон аб масавых мерапрыемствах і ня хочуць прызнаваць наяўнасьць закону пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы, які дазваляе законна зьбірацца людзям, каб вырашаць тыя праблемы, якія іх турбуюць. Гэта і рост цэнаў, і неадпаведнасьць ім заробкаў, і тое, што немагчыма цяпер свае ўклады зьберагчы».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Народны сход у Баранавічах — 12 лістапада, у Берасьці — 10 сьнежня

Напярэдадні чарговага Народнага сходу на Берасьцейшчыне судзяць актывістаў за сход мінулы. У Баранавічах 11 лістапада па 875 тысяч штрафу атрымалі арганізатары Народнага сходу Віктар Мезяк і Віктар Сырыца.

Судзьдзя Баранавіцкага гарадзкога суду Станіслаў Півавар вырашыў судзіць іх паводле закону аб масавых мерапрыемствах, а ня згодна з законам аб мясцовых сходах. Супраць актывістаў сьведчылі міліцыянт Павал Кульгавік і супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Тацьцяна Чырык.

Віктар Сырыца: «А на якой падставе яны вырашылі, што мы правялі мітынг, а не мясцовы сход? Пераканаўчага адказу на гэтыя пытаньні мы, безумоўна, не атрымалі. Ну, а судзьдзя Станіслаў Півавар традыцыйна прыняў бок прадстаўнікоў улады».

Віктар Мезяк: «Нягледзячы на тое, што мы прадставілі ўсе неабходныя дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што мы працавалі ў межах закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах, суд прыняў рашэньне, я лічу, антызаконнае», — кажа Віктар Мезяк.

У Баранавічах Народны сход адбудзецца на ранейшым месцы

Віктар Сырыца кажа, што Народны сход у старым парку Баранавічаў адбудзецца 12 лістапада а 13 гадзіне:

«Непрыемна атрымліваць такія вялікія штрафы. Але ж мы прыйдзем на мясцовы сход, таму што на нашы патрабаваньні адказала Міністэрства працы, нам даслаў ліст Нацыянальны банк. Які зьмест гэтых лістоў, мы хочам патлумачыць людзям», — кажа Віктар Сырыца.

У Берасьці Народны сход перанесены на 10 сьнежня

А ў Берасьці Народны сход перанесены на 10 сьнежня. 11 лістапада тут судзілі старшыню берасьцейскага аргкамітэту Народнага сходу Зінаіду Міхнюк. Яе аштрафавалі на 70 тысяч рублёў, зьвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы.

Магілёўшчына


У міліцыі — пратаколы з імёнамі 10 дэмакратычных актывістаў

11 лістапада Бабруйскі суд пакараў адміністрацыйнымі арыштамі двух арганізатараў Народнага сходу. Актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіну Сьмірнову — на пяць сутак, а беспартыйнага Канстанціна Локцева — на трое. Абаіх прызналі вінаватымі ў арганізацыі 8 кастрычніка несанкцыянаванага мерапрыемства і ва ўдзеле ў ім.

Першым судзьдзя Натальля Шэгеда пакарала Канстанціна Локцева. Яшчэ да вынясеньня выраку ў залю суду зайшлі чацьвёра канваіраў. Локцеў віны не прызнаў. Прысуд ня стаў для яго нечаканасьцю:
Бонахаў, наш гарадзкі мэр, дужа незадаволены сытуацыяй, бо 8 кастрычніка была ўзьнятая ўся міліцыя і адміністрацыя — для гораду гэта была стрэсавая сытуацыя.

«Мне людзі з выканкаму сказалі, што Бонахаў, наш гарадзкі мэр, дужа незадаволены сытуацыяй, бо 8 кастрычніка была ўзьнятая ўся міліцыя і адміністрацыя — для гораду гэта была стрэсавая сытуацыя. Ён нам гэтага не даруе. У іх на руках пратаколы з імёнамі 10 аргкамітэтчыкаў. Гэтыя людзі ў распрацоўцы. Яны могуць пакараць усіх», — казаў перад судом Канстанцін Локцеў.

Вырак Галіне Сьмірновай судзьдзя Шэгеда вынесла пасьля таго, як міліцыянты перапісалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Спачатку актывістку вінавацілі толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а паводле новага пратаколу — яшчэ і ў яго арганізацыі. Арышт актывісткі стаў нечаканым для тых, хто назіраў за працэсам.

Праваабаронца Барыс Бухель: «Суд доўжыўся ўсяго пару хвілінаў. Судзьдзя тут жа абвясьціла: „За тое, што вы арганізавалі, — пяць сутак“. Гэта запалохваньне, бо заўтра 12 чысло — чарговы Народны сход. Яны спэцыяльна запалохваюць».

Галіна Сьмірнова сваёй віны не прызнала. Перад судом яна заявіла, што не шкадуе аб удзеле ў падрыхтоўцы Народнага сходу:

«Я выйшла за тых людзей, якія сядзяць дома й баяцца. Калі яны баяцца, трэба ж некаму выйсьці і сказаць. Няхай сядзяць, што ж тут зробіш».

Судзьдзя Натальля Шэгеда 3 лістапада пакарала за Народны сход і яшчэ аднаго арганізатара Сходу — Віктара Бузінаева. Ён, як і яго паплечнікі, прызнаны вінаватым у арганізацыі 8 кастрычніка несанкцыянаванага мерапрыемства і ва ўдзеле ў ім.