Украіна: дзяржаўная мова безь дзяржаўнай падтрымкі

Акцыя пратэсту супраць украінскай мовы ў Сімфэропалі

Сёньня Дзень ўкраінскай мовы і пісьменства. У яго рамках заплянаваная, у прыватнасьці, радыёдыктоўка, якая дазваляе ўсім ахвотным праверыць веданьне мовы. Экспэрты адзначаюць, што ўкраінская мова мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, а праўладныя дэпутаты запэўніваюць: яна мае значна больш пераваг, чым любая іншая мова, распаўсюджаная ва Ўкраіне.

Кожны ахвотны сёньня можа праверыць, наколькі добра ён валодае ўкраінскай мовай, напісаўшы ўсеўкраінскую дыктоўку. Штогод так робіць каля 10 тысяч чалавек, як з Украіны, так і зь іншых дзяржаваў, адзначае Анатоль Табачэнка, першы намесьнік гендырэктара Нацыянальнай радыёкампаніі, якая арганізуе мерапрыемства.

«Гэта ня столькі акцыя для выхаваньня пісьменных людзей, колькі акцыя вакол прапаганды і прыцягненьня цікавасьці да ўкраінскай мовы", - падкрэсьліў Анатоль Табачэнка .

Паводле яго, звычайна дыктоўка складаецца са 100-120 слоў, а тэкст спрабуюць падабраць, перш за ўсё, цікавы і пазнавальны. Ужываньне знакаў прыпынку і імёнаў выклікае больш за ўсё праблем ва ўдзельнікаў.

Украінская мова безабаронная

Сёньня ўкраінская мова мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, адзначае мовазнаўца Ларыса Масенка. Паводле яе, урад павінен зьвярнуць асаблівую ўвагу на ўкраінізацыю адукацыі і абарону нацыянальнай інфармацыйнай прасторы.

«Асноўная пагроза для ўкраінскай мовы тое, што ў буйных гарадах - асабліва мэгаполісах, асабліва на ўсходзе-поўдні, - украінская мова выцесьненая як гутарковая з гарадзкіх зносін. Гэта вынік таго, што і папярэднія тры прэзыдэнты ігнаравалі неабходнасьць укараненьня моўнай палітыкі, якая забясьпечыла б нармальнае функцыянаваньне ўкраінскай мовы», - сьцвярджае Ларыса Масенка.

З такім меркаваньнем згодзен і старшыня камітэту Вярхоўнай Рады па пытаньнях культуры і духоўнасьці Ўладзімер Яварыўскі. На яго погляд, цяпер моўная сытуацыя ва Ўкраіне толькі пагаршаецца.

«Ніякай абароны ўкраінскай мове. Ідзе проста інтэнсіўная, плянамерная барацьба супраць яе. Некалі было, раз ці два, каб у камітэтах засядалі, напрацоўвалі для заканадаўства нейкія дэталі. Гэта фармальнасьць такая», - адзначыў Уладзімер Яварыўскі.

Ва ўкраінскай мовы ёсьць усе правы, а падтрымка астатніх моваў - без увагі

Затое прадстаўнікі ўлады пераконваюць, што ўкраінская мова мае дастатковую падтрымку. Паводле народнага дэпутата ад фракцыі Партыі рэгіёнаў Вадзіма Калесьнічэнкі, усе неабходныя правы ёй дае Канстытуцыя і больш за 100 законаў. А падтрымка іншых моваў - без увагі.

«Мы атрымалі сёньня мову са Львоўска-галіцкімі дыялектамі. Дзеяньнямі дзяржавы, якая патрабуе забыць сваю родную мову, а вывучаць толькі адну дзяржаўную, грамадзтва абуранае. Мы павінны сьвяткаваць дзень моваў кожнай нацыянальнасьці, якія зараз ёсьць у нашай краіне", - падкрэсьліў Калесьнічэнка.

Дзень ўкраінскай пісьмовасьці і мовы заснаваны 1997 указам прэзыдэнта. Сымбалем сьвята зьяўляецца Нестар-летапісец, якога лічаць заснавальнікам ўкраінскай пісьмовасьці.