Супраць Максіма Губарэвіча аднавілі крымінальную справу

Максім Губарэвіч

Старшыню гарадзенскай суполкі Партыі БНФ Максіма Губарэвіча падазраюць у хуліганстве.

«Я атрымаў ліст з Цэнтральнага РУУС Менска, дзе паведамляецца пра тое, што наша крымінальная справа, якая была часова прыпынена, аднаўляецца. Узьнікае такая дзіўная сытуацыя, што пра прыпыненьне справы ніхто не паведамляў, а пра аднаўленьне — паведамілі. У наяўнасьці — працэсуальнае парушэньне, і ў дадатак гэта можна расцаніць, як пэўны псыхалягічны ціск», — заявіў Губарэвіч праваабаронцам.

У жніўні на актывістаў партыі БНФ Сержука Семенюка, Алеся Каліту і Максіма Губарэвіча завялі крымінальную справу за «хуліганства, учыненае групай асобаў».

Ля тагачаснага офісу партыі БНФ здарыўся інцыдэнт з ахоўнікам будынку. Мужчына ў свой непрацоўны час знаходзіўся ля ўваходу ў офіс у нецьвярозым стане і чапляўся да мінакоў. Семянюк, Каліта і Губарэвіч ўзялі мужчыну пад рукі, пасадзілі ў таксоўку і адправілі дадому.

Праз колькі дзён Семенюка, Каліту і Губарэвіча выклікалі на допыт у міліцыю і паведамілі, што іх падазраюць у хуліганстве.